22 ліпеня 2016 г. у Ваўкавыскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі нашага вядомага земляка — мастака, педагога, філакартыста, грамадскага дзеяча, члена саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі Вячкі Целеша «Адсюль наш род, тут мой прычал».
Прызнавацца ў любові да роднага краю можна па-рознаму: у вершы, прозе, песьні… А можна прысьвяціць сваё жыцьцё, ці хаця б вольны час, вывучэньню гісторыі роднай зямлі, а здабыткі гэтых досьледаў выкласьці ў кнізе, сцвярджае беларускі літаратурны крытык, паэтка, перакладчыца Марына Весялуха. Менавіта пра адно з такіх прызнанняў і пойдзе сёння гаворка. Прапануем вашай увазе рэцэнзію крытыка на кнігу славутага земляка:
Гэтую кнігу складана будзе знайсці ў кнігарні. Адразу ж пасля выхаду яна стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Прычына таму — не толькі абмежаваны наклад. Выданне прызначана для ўнутранага сямейнага выкарыстання членамі роду Целешаў. Але пагартаць яе ці проста пазнаёміцца з агульнай канцэпцыяй і структурай, думаю, будзе карысна кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, хоча скласці ўласны радавод. Менавіта такі своеасаблівы майстар-клас і прапануе чытачу мастак, краязнаўца Вячка Целеш у выданні «Адсюль наш род, тут мой прычал» (Мінск: Кнігазбор, 2013). Падчас свайго нядаўняга візіту на радзіму Вячаслаў Міхайлавіч завітаў да нас у рэдакцыю і распавёў пра адметнасці стварэння кнігі, яе своеасаблівыя рысы і ў цэлым адзначыў тэндэнцыю зацікаўленасці ўласным радаводам не толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі.
Ад паштовак пачатак
— Па адукацыі я мастак, выкладчык, скончыў Латвійскую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, але яшчэ з самага дзяцінства гісторыя — маё вялікае захапленне. Спачатку ўсё зводзілася толькі да разглядвання старых манет, але пазней, калі я ў 1958 годзе прыехаў у Рыгу, пабачыў прыгожы еўрапейскі горад са старажытнымі дамамі, з вежамі цэркваў і касцёлаў, то цалкам захапіўся яго мінуўшчынай. Пачаў збіраць паштоўкі з краявідамі Старой Рыгі. Спачатку самастойна, а крыху пазней трапіў у адно месца, дзе нелегальна збіраліся калекцыянеры. Раней не было антыквараў, забаранялі калекцыяніраваць старыя рэчы. Толькі маркі можна было збіраць. Там жа я ўбачыў старыя паштоўкі з відамі Рыгі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. На гэтых выявах было бачна, як людзі апраналіся ў той час, які быў транспарт. Мяне гэта вельмі захапіла.
Напэўна, па натуры я ўсё ж не толькі мастак, але і даследчык мінуўшчыны. Калі бачу ў музеі старыя рэчы, гартаю старажытныя рукапісы, кнігі, праглядаю старыя часопісы, то маю вельмі прыемныя адчуванні. Прыкладна з 1968 года я захапіўся справай калекцыяніравання паштовак. Мае ўласныя зборы паступова папаўняліся, а на малюнках трапляліся не толькі краявіды Старой Рыгі, але і выявы беларускіх гарадоў.
Калі Уладзімір Караткевіч прыязджаў на адпачынак да нас у Латвію, у Дубулты, мне выпала магчымасць з ім пазнаёміцца. Я паказаў пісьменніку старыя паштоўкі з краявідамі Оршы, ён быў у вялікай радасці і захапленні. Пазней Уладзімір Сямёнавіч пазнаёміў мяне з Адамам Мальдзісам, у яго была досыць багатая калекцыя паштовак з відамі Мінска, некаторыя з іх я нават атрымаў у падарунак ад шаноўнага даследчыка.
Калекцыяніраванне мела і выдавецкі плён: выйшлі альбомы «Мінск на старых паштоўках», «Рыга на старых паштоўках», а кніга «Гарады Беларусі на старых паштоўках» ужо вытрымала аж тры перавыданні, цяпер рыхтуецца чацвёртае. Адметна таксама, што альбомы — гэта выданні, падрыхтаваныя на навуковай даследчай аснове. Кожнае лета я ездзіў па гарадах, ішоў у мясцовы музей, глядзеў іх паштоўкі, паказваў свае, шукаў мясціны, адлюстраваныя на старых выявах, параўноўваў з сучаснай рэчаіснасцю. Таму лічу, што гэтыя кнігі — знаходка для краязнаўцаў. Паступова ўвёў «моду» на падобныя праекты: ужо пабачылі свет альбомы паштовак з выявамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых гарадоў.
Вытокі таленту і… сям ’і
— Калі справа з калекцыяніраваннем была нібыта завершана, я пачаў цікавіцца звесткамі пра вытокі свайго роду. Больш за тое, у мяне заўсёды пыталіся, ці маю продкаў-мастакоў. Я казаў: «Не», — бо не ведаў… Але потым, калі мой дзядзька прыязджаў з Канады ў 1980-х, яму задаў гэтае пытанне. Высветлілася, што яго дзед — то бок мой прадзед, які быў дзякам у царкве, — высякаў з вапняка прыгожыя крыжы, надмагіллі. Адзін з такіх крыжоў я бачыў у дзяцінстве. Напэўна, ад сваяка мне і перадаўся талент.
Так я вырашыў збіраць звесткі пра дзеда, астатніх родзічаў, каб скласці генеалагічнае дрэва. Але калі пачаў больш адрасна займацца справай, то заўважыў: у нас трэцяя частка вёскі — Целешы. А адкуль яны? Значыць, мы ўсе родзічы. Так і атрымалася.
Працаваў у архівах Гародні, Вільнюса… Хадзіў па хатах, запісваў гісторыі сем’яў усіх Целешаў — нашых сучаснікаў. Паступова «збіраўся» ланцужок. У гэтай працы мне вельмі дапамагла мая сястра Вера. Працэс вельмі складаны: патрэбна не толькі шмат працаваць у архівах, але пісаць, тэлефанаваць у розныя месцы, занатоўваць успаміны. З вёскі Краснае Сяло (цяпер г. п. Краснасельскі), што на Ваўкавышчыне, Целешы разляцеліся паўсюль: прадстаўнікі нашага роду жывуць у Таронта, Хабараўску, ва Украіне, у Польшчы, натуральна, і ў Беларусі, у нашым родным Краснасельскім.
Радавод — гэта наша гісторыя, дзе распавядаецца пра дзядоў і прадзедаў, згадваецца маленства і мінулае. Мне хацелася апісаць і мясціны, дзе я нарадзіўся, хадзіў у школу, дзе вырас. Цяпер там цалкам усё змянілася. Спачатку я планаваў даследаваць толькі гісторыю сваёй сям’і, але ў выніку справа ператварылася ў шырокае вывучэнне ўсяго роду. Над кнігай працаваў тры гады, з іх два літаральна не адыходзіў ад камп’ютара…
Летапіс роду — гісторыя вёскі
— Кніга «Адсюль наш род, тут мой прычал» — не для публічнасці. Гэта прыватнае жыццё кожнага Целеша, па сутнасці, фамільная кніга. Я арыентаваўся, каб усе, пра каго пісаў, атрымалі гэтае выданне, прачыталі, перадалі сваім дзецям і такім чынам захавалі памяць пра нашых продкаў. Мы павінны памятаць бацькоў, дзядоў, прадзедаў, прыходзіць на могілкі, распавядаць пра сваіх продкаў дзецям і ўнукам. Каб ведалі, адкуль іх карані, любілі сваю малую радзіму. Я жыву ў Латвіі ўжо больш як 50 гадоў, гэта ўжо другая радзіма, але ўсё ж мае карані, мая любоў — на беларускай зямлі.
Мне надзвычай прыемна, што многія Целешы чакаюць гэтую кнігу, асабліва маладыя. Вельмі важна, што ў працы дапамагалі многія сваякі. Напрыклад, траюрадная сястра, якая жыве ў Мінску, нават знайшла ўспаміны свайго дзеда, які нарадзіўся ў ХІХ ст., служыў у пана, быў у царскім войску. Гэта было цікава, каштоўна і нечакана.
Назад, у 1795 год
— У Латвіі таксама сёння цікавяцца сваімі радаводамі, але кнігі выдаюць у асноўным толькі пра дзеда-прадзеда, іх братоў. Такія выданні выходзяць вельмі малымі накладамі — 20-30 асобнікаў, і ў кнігарнях вы іх дакладна не знойдзеце. Адметна таксама, што большасць кніг, прысвечаных генеалогіі, распавядае пра радаводы князёў, шляхту. А яны мелі свой афіцыйна зарэгістраваны герб, сваё радавое дрэва. Гэтую інфармацыю і сёння лягчэй знайсці. Але такога шырокага даследавання, дзе ахоплена гісторыя больш як 50 сем’яў, па сутнасці ніхто не праводзіць.
Я напісаў пра сялян. Мае прапрадзеды былі прыгоннымі сялянамі, а вёска належала графу Патоцкаму. Мае продкі жылі ў курных хатах… Сам жа радавод я прасачыў аж да 1795 года. У нас не было свайго сямейнага герба. Але я распрацаваў экслібрыс – як герб. У цэнтры — целеш, кавалак адпілаванага ліпавага бервяна, бо каля хаты амаль у кожнага Целеша раслі ліпы. На выяве адна ліпка расцвіла, тут жа з’явілася і пчолка: з аднаго боку, мае продкі былі працавітыя, але ёсць і больш прыземленае тлумачэнне — яны аж з ХІХ ст. заўсёды мелі вуллі.
Спадзяюся, што маё даследаванне натхніць і прадстаўнікоў іншых родаў, падкажа шлях да складання ўласнага радаводу, напісання фамільнай кнігі.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Радыё Свабода
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия