Гродзенскі незалежны назіральнік Раман Юргель накіраваў скаргу ў ЦВК, у якой звяртае ўвагу на сістэмнае парушэнне заканадаўства рэдакцыяй афіцыйнага органа Гродзенскага аблвыканкаму «Гродзенская праўда». Гэтае выданне займаецца прасоўваннем праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты, як у сваім папяровым варыянце (наклад 30650 асобнікаў), так і на інтэрнэт-сайце. Гэта пацвярджаецца наступнымі прыкладамі:

«Гродзенская праўда» ад 13.07.2016 № 55 публікуе артыкул «Чтобы сердце стучало» пра Тамару Даўгашэй, члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, галоўнага доктара Гродзенскага абласнога клінічнага кардыёцэнтра. Яе ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па вылучэнні ў кандыдаты па Гродзенскай-Ленінскай акрузе № 52.

«Гродзенская праўда» ад 20.07.2016 № 57 публікуе артыкул «Профсоюзы всегда рядом» пра Валерыя Саўко. Яго ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60. Валерый Саўко – старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюзу работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Цягам многіх гадоў узначальваў абласныя камісіі па выбарах дэпутатаў розных узроўняў і Прэзідэнта краіны.

«Гродзенская праўда» ад 23.07.2016 № 58 публікуе артыкул «Мы причастны к их судьбе» пра Лілію Кір’як, дырэктара СШ № 13 г. Гродна. Яе ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51. 23.07.2016 Гродзенскі гарвыканкам выставіў гэты артыкул на свой сайт.

«Гродзенская праўда» ад 23.07.2016 № 58 друкуе артыкул «От идеи до реализации» пра Алу Сопікаву, цяперашнюю дэпутатку ПП НС. Яе ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.

На думку праваабаронцы, пералічаныя артыкулы, якія рэкламуюць асобаў, што вылучаюцца ў кандыдаты, можна лічыць выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і парушэннем часткі 16 артыкулу 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Сродкі масавай інфармацыі асвятляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь»), паведамляе сайт Праваабаронцы за свабодныя выбары.

Раман Юргель таксама лічыць, што парушаны п.13 Пастановы ЦВК ад 08.06.2016 № 19 у тым, што інфармацыйныя і друкаваныя матэрыялы ў пералічаных артыкулах «Гродзенскай праўды» спрыялі адміністрацыйнай падтрымцы вылучаемых асобаў у кандыдаты пры зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Газета «Гродзенская праўда» відавочна аддавала перавагу пэўнай катэгорыі вылучэнцаў у кандыдаты.

Не лепей выглядаюць справы з выкананнем законаў на Ваўкавышчыне. Працягнем гэты спіс і мы. У сераду, 27 ліпеня, «Гродзенская праўда» ў № 59 публікуе артыкул «Педагогов нужно поддерживать» пра цяперашняга дэпутата Сягодніка. Яго ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Ваўкавыскай выбарчай акрузе № 48.

segodnik_gp

Сапраўды, вельмі жвава ўзяў старт сваёй выбарчай кампаніі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік. Актыўны ўдзел дзяржаўнага мужа ў святкаванні дня вызвалення Ваўкавыска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паслужыў адпраўной кропкай.

_MG_7231

У той жа час яшчэ адзін прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла па нашай выбарчай акрузе начальнік Ваўкавыскага РАНС Павал Паканечны ў гэты ж дзень прыняў сціплы ўдзел ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу ў малой зале райвыканкама, павіншаваўшы маладых ад імя мясцовай улады ў статусе дэпутата раённага Савета дэпутатаў.

pokonechny_zags

Усяго праз тыдзень, 23 ліпеня, у № 56 раённай газеты «Наш час» з’яўляецца артыкул «Уделяю пристальное внимание каждому обращению…», які апавядае пра цяжкую дэпутацкую долю. Нагодай да з’яўлення гэтага опуса з’явіліся звароты чытачоў газеты з просьбай распавесці як рэалізавалася перадвыбарная праграма Сягодніка. Дэпутат «адгукнуўся» і ўзяў старт, падпісаўшыся пад справаздачай аб праведзенай за чатыры гады працы. У бліжэйшы час мы прысвяцім гэтай тэме асобны пост.

segodnik_nashczas

Пачынаюць выразна прасочвацца перавагі за каго выбаршчыку «прапануюць паставіць» свой подпіс 11 верасня. Хоць якраз час успомніць пра тое, што даўнютка ў парламенце не было ураджэнцаў ваўкавыскай зямлі…

Выкарыстана фота з газеты Наш Час