Ваўкавыскі раённы суд прыняў рашэньне аб спыненні прэвэнтыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам.
Пад прэвэнтыўным наглядам Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся 22 месяцы. Сёння Ваўкавыскі раённы суд прыняў канчатковае рашэнне аб ягонай свабодзе, і 8 лютага а 24-й гадзіне прэвэнтыўны нагляд сканчаецца.
Карэспандэнт Радыё Свабода Міхал Карневіч павіньшаваў Аўтуховіча і пацікавіўся — як адбываўся сённяшні суд?
Аўтуховіч: «У мяне не было ніводнага парушэння, якое б магло стаць падставай для працягнення тэрміну прэвэнтыўнага нагляду. Тым ня менш і ўпэўненасьці не было ніякай, што суд прыме рашэнне на маю карысць. Суддзя вельмі падрабязна цікавіўся і ў прадстаўніка міліцыі, і ў пракурора — ці ня меў я хоць якіх парушэнняў за гэты тэрмін, спраўджваў усе дакумэнты. Урэшце пракурор сказаў, што парушэнняў няма і варта не працягваць прэвэнтыўны нагляд».
Карэспандэнт: «Мікола, летась улетку гэты ж Ваўкавыскі суд прымаў рашэньне аб спыненні прэвэнтыўнага нагляду за вамі, але потым хутка вымушаны быў перагледзець сваё рашэнне, і тэрмін нагляду быў працягнуты на паўгода. А цяпер няма адчування, што праз некалькі дзён рашэнне Ваўкавыскага суду могуць перагледзець?»
Аўтуховіч: «Цяпер у мяне такога адчування няма, але мінулым разам, калі я выходзіў з суду, то нешта такое адчувалася. Памятаю, мне тады патэлефанавала знаёмая з Мінску і запыталася, як мае справы. Я адказаў, што ўсё добра, але папрасіў, каб яна пакуль нікому пра гэта не казала. Але інфармацыя ўсё ж адразу трапіла ў СМІ. А я тады як прадчуваў, што трэба колькі дзён памаўчаць, бо абудзяцца, апамятаюцца, і будзе позна — так і атрымалася. А гэтым разам у мяне нават такога адчування няма, бо наагул няма ніякіх падставаў, каб працягваць нагляд. Хаця, з іншага боку, адчуваецца нейкая насцярога, што яны мяне ня проста так адпускаюць, а магчыма, у іх ёсць нейкі іншы плян. Упэўнены, што яны баяцца адпускаць мяне на свабоду, бо ведаюць, што я працягну збіраць доказы сваёй невінаватасці».
Карэспандэнт: «Як даліся вам гэтыя 22 месяцы прэвэнтыўнага нагляду? Ці можаце цяпер сказаць, што сёння ўжо ўздыхнулі з палёгкай?»
Аўтуховіч: «Прэвэнтыўны нагляд у нашай краіне — гэта нешта такое, што парушае правы чалавека. Я ведаю, што ў Эўропе, калі ты пад прэвэнтыўным наглядам, то за табой ніхто так сачыць ня будзе. Калі табе забаронена хадзіць па барах ці кавярнях і трэба быць дома а 22-й гадзіне, то там бы ніхто па начах да цябе не прыходзіў і ня спраўджваў, ці ты дома. Калі ты ўжо сам папаўся і парушыў гэтыя правілы, то тады цябе пакараюць. Калі там трэба сачыць за чалавекам, то надзяюць нейкія бранзалеты ці гадзіннік на руку, а ў нас прыходзяць два разы ўначы і будзяць цябе ў хаце. Але навошта гэта?»
Карэспандэнт: «Мікалай, якія змены цяпер адбудуцца ў вашым жыцці?»
Аўтуховіч: «Цяпер урэшце я магу сесці ў машыну і паехаць куды захачу па Беларусі, і ні ў кога нічога ня буду пытацца. Трэба пайсці ў госці ўвечары — збяруся і пайду. Хоць я добра разумею, дзе жыву, і думаю, што ўсё роўна сачыць будуць, ёсьць шмат ахвотных гэта рабіць. Я не разумею, як такой стала наша краіна… Гэта калі выяжджаеш недзе ў Нямеччыну, то там можаш адчуць, што дыхаеш іншым паветрам».
Карэспандэнт: «Нягледзячы на тое, што Вы 22 месяцы былі пад прэвэнтыўным наглядам, усё ж жылі на волі. Ці ўдалося за гэты час наладзіць жыццё пасля вязніцы?»
Аўтуховіч: «Не, ніяк. Па-першае, за гэты час не ўдалося паправіць здароўе, шмат якія праблемы са здароўем за гэты час яшчэ больш абвастрыліся. Тое самае і на працы — я ня ўсё мог, бо нават любая камандзіроўка за межы гораду азначала тое, што мусіў ісці ў міліцыю і пісаць заяву, тлумачыць навошта, потым чакаць некалькі дзён, пакуль яны адкажуць. І часцей яны адказвалі мне адмовамі».
Карэспандэнт: «На ўсіх судовых працэсах вы заяўлялі, што не прызнаяце сябе вінаватым, і не пагаджаліся з рашэннямі судоў. Ці працягнеце цяпер дамагацца сваёй рэабілітацыі?»
Аўтуховіч: «Я буду нешта рабіць, каб гэта не засталося забытым, хоць пры гэтай уладзе, разумею, нічога немагчыма дабіцца. Яшчэ ў 2008 годзе я выступіў з ініцыятывай, каб апазыцыя стварыла адмысловую камісію і разглядала ўсе гэтыя прысуды рэжыму над тымі, хто з імі не пагаджаецца. Я ў гэтай частцы ўжо нечым займаюся, бо да мяне прыходзяць людзі і прыносяць падобныя рашэнні судоў. А я, у сваю чаргу, прашу адмыслоўцаў аналізаваць гэтыя рашэнні і ствараць пэўную базу дадзеных. Вельмі важна, каб усё гэта працавала дзеля таго, каб тыя, хто выносіць незаконныя прысуды, ведалі, што ўсё гэта застаецца і нікуды не знікае. Гісторыя сведчыць, што ўсе рэжымы рана ці позна змяняюцца і за свае ўчынкі давядзецца адказваць кожнаму».
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны паводле часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі. Пасля вызвалення ў красавіку 2014 году над ім быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд. 17 ліпеня 2015 году рашэннем Ваўкавыскага раённага суду прэвэнтыўны нагляд быў адменены. Аднак ужо 5 жніўня Гарадзенская абласная калегія суддзяў перагледзела рашэнне Ваўкавыскага суду, і 6 жніўня адбыўся паўторны працэс, на якім прэвэнтыўны нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. 27 жніўня абласная калегія разгледзела скаргу Аўтуховіча, але пакінула рашэнне Ваўкавыскага суду бяз зменаў.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия