Працягваем публікацыю працы кандыдата гістарычных навук, прафесара катэдры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргея Стрэнкоўскага “Самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета ВКЛ у XVI-XVIII стст.”
Падчас улады Аляксандра атрымаў прывілей на магдэбургскае права Поразаў у Ваўкавыскім павеце. Аднак ні дакладная дата, ні дакладны тэкст граматы невядомыя. Вядома, што мяшчане атрымалі магдэбургскае права (jus theutonicum), 1 торг у тыдзень і кірмаш, навакольныя землі, таксама былі вызначаны тарговае і памернае. Вядомы 2 раннія прывілеі поразаўскім мяшчанам на пасаду войта. Паколькі першы поразаўскі войт Давыд Турчын ці Турок, у 1504 г. атрымаў пацвярджэнне свайго права на войтаўства, атрыманае ім неўзабаве перад гэтым, то можна меркаваць, што магдэбургскае права і разам з ім войтаўства было ўсталявана ў горадзе прыкладна ў 1503 гг., як і ў Ваўкавыску, а не ў 1506 г., як гэта адзначана ў працы Ю. Макарчыка. Трэба адзначыць, што ўсталяванне магдэбургскага права ў Поразаве заняло пэўны час.
21.12.1545 г. датаваны прывілей на магдэбургскае права мястэчку Ялаўка, які занатаваны ў рэестры асобных спраў, змешчаным у першай кнізе Метрыкі ВКЛ. Падрабязнага зместа граматы тут не прыводзіцца. Адзначана толькі, што Жыгімонт Аўгуст па просьбе сваёй маці Боны Сфорца надаў мяшчанам Ялаўкі “права магдэбургскае, якім і мяшчане гродзенскія прывыклі судзіцца”. Можна меркаваць, што прывілей “з пячаткай” і подпісамі Жыгімонта Аўгуста і пісара Валяр’яна застаўся ў дзяржаўнай канцылярыі і ялаўскія мяшчане яго не скарысталі. Тым больш, што ў далейшым у Метрыцы ВКЛ згадак пра магдэбургскае права ў Ялаўцы няма.
Мяшчане Мсцібава атрымалі 22.10.1744 г. ад караля Аўгуста ІІІ пацвярджэнне сваіх даўніх прывілеяў, паводле якіх яны “без усякіх перашкод ад старосты Мсцібаўскага і ад нікога іншага кіраваліся і вольнасці ўжывалі”. Жыхары Мсцібава маглі сярод сябе выбіраць войта і лаўнікаў, якія б вырашалі ўсе пытанні паводле майдэборскага права. Апеляцыя на рашэнне войтаўскага суда магла падавацца мсцібаўскаму двару. Менавіта моцныя пазіцыі старостаў і двара ў Мсцібаве напэўна і прывялі да даволі позняга атрымання магдэбургскага права. Пацвярджаліся 2 таргі ў дзень (у панядзелак і чацвер) і 2 кірмашы на дні Святога Яна і Святога Юрыя. Грамата ўстанаўлівала памеры падаткаў і зазначала, што гіберну і паштовае мяшчане і яўрэі павінны плаціць пароўну. Мяшчанам дазвалялася вырабляць піва на свае патрэбы, а менавіта на вяселле, хрэсьбіны, Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстовае і на дзень Усіх Святых. Таксама дазвалялася праводзіць усялякія гандлі і рэзаць быдла, заплаціўшы ад вала 7,5 грошаў, а ад барана 3 грошы. Мсцібаўскаму двару забаранялася абкладаць мяшчан падаткамі і павіннасцямі звыш тых, што былі пазначаны ў прывілеі.
Атрымаўшы магдэбургскае права, гарадскія паселішчы імкнуліся пацвярджаць іх у далейшым амаль у кожнага наступнага караля. Фундацыйны прывілей Ваўкавыска быў пацверджаны Жыгімонтам Аўгустам (без паўтарэння тэкста папярэдніх, “по тому как место Виленское”) 02.04.1549 г., Стэфанам Баторыям 14.06.1579 г. з упісаннем тэкста граматы Жыгімонта Аўгуста; трэба адзначыць, што гэта менавіта канфірмацыйны прывілей, які пацвярджаў фундацыю магдэбургскага права, а не надаваў яго “поўны” варыянт і герб, як гэта памылкова сцвярджаюць В.В. Швед і А.П. Госцеў, жыгімонтам Вазам 20.04.1595 і 27.02.1600 г., Уладзіславам Вазам 30.05.1633 г., Янам Казімірам 12.12.1650 г., Янам ІІІ 25.03.1679 г., Аўгустам ІІ 28.11.1718 г., Аўгустам ІІІ 14.11.1744 г., Станіславам Аўгустам 06.12.1787 г. Усе яны паўтаралі змест майдэборскага і не ўносілі аніякіх змен, што з’яўляецца асаблівасцю не толькі паселішчаў Ваўкавыскага павета, але і іншых невялікіх гарадоў і мястэчак ВКЛ. Адзін толькі прывілей Жыгімонта Вазы 27.02.1600 г. вызваляў мяшчан ад усіх падаткаў на абодвух кірмашах “у Волковыску Пречыстое Светое на Заполю увосень”, прывілей Уладзіслава Вазы 30.05.1633 г. дазваляў выўкавыскім мяшчанам самім збіраць падаткі і адвозіць да паборцаў у Гродна, а прывілей Яна Казіміра 22.12.1650 г., у якім адзначана, што войт іх абцяжарыў надзвычайнымі талокамі, забараніў войту парушаць нормы магдэбургскана права. Частка гарадскіх прывілееў замацоўвалася судовымі рашэннямі. Так, дэкрэт Жыгімонта Старога ад чэрвеня 1524 г. забараніў ваўкавыскім валашчанам уезд у дубровы ваўкавыскіх мяшчан, абавязаў іх даваць “недельныи» падводы паслам і ганцам і стацыю ім. Мяшчан, якія не хацелі плаціць ардыншчыны і збеглі пад юрысдыкцыю дзяржаўцы, загадвалася вярнуць у падначаленне гарадскога ўрада. Дзяржаўца не павінен быў забараняць мяшчанам мець у дамах жорны і выган праз стаў на рацэ Рось.
Поразаву таксама некалькі разоў пацвярджаліся прывілеі на магдэбургскае права. У 1518 г. гэта Зрабіў Жыгімонт Стары. Трэба адзначыць, што гэты прывілей быў прызнаны несапраўдным, бо поразаўскія мяшчане заявілі, что яны “войта о тое право, которое он (войт) от господаря его милости принес, не посылали, ани его есмо просили, абы он такое право нам выправил, а нам на великую шкоду”. У сувязі з гэтым вялікі князь загадаў прывілей “содрати” і оставил мещан Порозовских при старом праве (старого прывилия славное памети Александра короля его милости)”. Поразаў таксама атрымаў пацвярджальны прывілей Жыгімонта Старога 27.03.1523 г., які, па сутнасці, і ўсталяваў канчаткова магдэбургскае права (у Ю. Макарчыка дакумент памылкова датаваны 03.06.1523 г.) 03.07.1523 г. Жыгімонт І накіраваў адпаведны ліст да ваўкавыскага дзяржаўцы Мацея Вайцаховіча. 15.06.1616 г. прывілей 1518 г. пацвердзіў Жыгімонт Ваза. Горад атрымаў таксама герб “Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыі”, кірмашы на дні Святых Пятра і Паўла, Усіх Святых і Дабравешчання Панны Марыі, таргі па серадах. Лістом ад 15.06.1616 г. ён жа пацвердзіў Поразаву рэвізорскі ліст скарбовага двараніна Яна Горскага 04.12.1615 г., якім той у сваю чаргу пацвярджае ўставу рэвізора Андрэя Клігоўскага. Апошняй вызначаны памеры падаткаў з поразаўскіх мяшчан: чынш 42 грошы з валокі, капшчына па капе грошаў ад мядовых і піўных корчмаў і паўкапы – ад гарэлачных. Поразаўскія прывілеі канфірмаваліся Уладзіславам ІV 10.06.1633 г., Янам Казімірам 06.08.1659 г. (1661) г., Міхалам Вішнявецкім 26.06.1673 г., Янам ІІІ 20.01.1679 г. Як і фундацыйны прывілеі ўсе названыя канфірмацыі напісаны на лацінскай мове. На польскай мове поразаўскія прывілеі 28.11.1718 г. пацвердзіў Аўгуст ІІ, а 14.11.1744 г. – яго сын Аўгуст ІІІ.
Працяг будзе
Частка І тут
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия