Працягваем публікацыю працы кандыдата гістарычных навук, прафесара катэдры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргея Стрэнкоўскага “Самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета ВКЛ у XVI-XVIII стст.”
Мсцібаў атрымаў пацвярджэнне сваіх немагдэбургскіх прывілеяў ад Аўгуста ІІІ (выпіс уставы з інвентара 26.08.1652 г., датаваны 03.02.1679 г.) 14.11.1744 г. 14.06.1774 г. прывілей на магдэбургскае права поўнасцю пацвердзіў Станіслаў Аўгуст.
Перыядычна мяшчане вызваляліся ад дзяржаўных падаткаў з прычыны частых на той час пажараў. Напрыклад, гараджане Поразава былі “лібертаваны” на 4 гады пасля пажара 03.05.1626 г. граматай Жыгімонта Вазы 19.05.1626 г., а мяшчане Ваўкавыска – 23.07.1623 г.
У XVIII ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж прывілеяванымі гарадамі і старосцінскімі адміністрацыямі. Імкнучыся абараніцца ад іх злоўжыванняў мяшчане звярталіся за абаронай да каралёў і атрымоўвалі так званыя “жалезныя лісты”, якія забаранялі ўраднікам умешвацца ў гарадскія справы і парушаць прывілеі гараджан. Так, Ваўкавыск і Поразаў атрымалі адпаведныя лісты 22.11.1718 г. з устанаўленнем зарукі на парушальнікаў у памеры 10 тысяч коп грошаў.
Калі гарады, якія мелі магдэбургскае права, з яго набыццём звычайна атрымоўвалі і прывілеі на правядзенне таргоў і кірмашоў, то паселішчам, якія не карысталіся нямецкім правам, права на таргі і кірмашы замацоўвалася асобнымі граматамі. Напрыклад, у Мсцібаве прывілеем 20.09.1652 г. было дазволена праводзіць кірмашы на дні Святога Яна Хрысціцеля і Святога Юрыя, а прывілеем 07.11.1724 г. – на дзень Нараджэння Найсвяцейшай маці Божай па грыгарыянскаму календару. Ялаўка атрымала права на правядзенне таргоў у нядзелю і чацвер і кірмашоў на дні Святога Яна Хрысціцеля і Святога Міхала па грамаце 31.08.1750 г. Аднак часам у прывілеяваных гарадскіх паселішчах усталяванне ці змена тэрмінаў правядзення таргоў і кірмашоў вызначалася асобна. Так, згодна з прывілеем 26.04.1727 г. таргі ў Поразаве былі перанесены з суботы на аўторак. Такі перанос тэрміну быў абумоўлены неабходнасцю задзейнічаць у час таргоў патэнцыял яўрэўскіх гандляроў, якім было забаронена гандляваць у суботу.
Мястэчкі, якія мелі самакіраванне без магдэбургскага права, таксама неаднарозава звярталіся за пацвярджэннем сваіх прывілеяў. Так, прывілеі мястэчка Новы Двор канфірмавалі 06.06.1582 г. Стэфан Баторый, 26.04.1633 г. (“уставы даўнія рэвізораў караля, продка нашага, Яна Устліка, і Паўла Лопата, і Лапацінскага”), 17.04.1635 г. Уладзіслаў ІV (зацвярджэнне рэвізіі), 03.08.1661 г. Ян Казімір, 20.03.1670 г. Міхал Вішнявецкі, 20.02.1679 г. Ян Сабескі, 28.11.1718 г. Аўгуст ІІ, 14.11.1744 г. Аўгуст ІІІ. Аўтэнтычны рэвізорскі ліст Вацлава Лапацінскага, датаваны 17.04.1581 г., мяшчане Новага Двара прадстаўлялі яшчэ Міхалу Вішнявецкаму, нягледзячы на тое, што мястэчка было “праз масквіціна зруйнавана і потым праз агонь спалена і некаторыя справы загінулі”. Як і ў выпадку з паселішчамі, што мелі магдэбургскае права, змест папярэдніх прывілеяў поўнасцю прыводзіўся ў наступных без унясення змен. Да вольнасцей жыхароў Новага Двара адносіліся: выплата чыншу ў памеры 42 грошаў з валокі, 10 грошаў з дамоў у рынку, 7 грошаў з вулічных дамоў і пляцаў, 3 грошы з гуменных маргоў, па 2 грошы з маргоў “на замежжах” і за могілкамі, 1 грош з сенажатных маргоў. У мястэчку самакіраванне было відаць прадстаўлена войтам і лаўнікамі (як і ў Мсцібаве), якія разам з паспольствам звярталіся за пацвярджэннем прывілеяў да Аўгуста ІІІ.
Ян Сабескі пацвердзіў Мсцібаву ў Ваўкавыскім павеце ўставу Жыгімонта Аўгуста ад 27.11.1560 г. і прывілей Стэфана Баторыя ад 22.11.1580 г., да таго ж пастанавіў, што да месцкай скрынкі ідзе 1 грош сталковага і бруковага ад бочкі, ад сталка таксама 1 грош, а ад воза павінна ісці па шэлягу. Кароль дазволіў гатаваць піва 4 разы на год (на Вялікдзень, Святога Юрыя, Святога Яна, Нараджэнне Хрыстовае), браць дрэва ў каралеўскіх лясах. Падкрэслівалася, каб “двор звыш уставаў на ніякія павіннасці і ў падводы не гнаў” “як людзей вольных і свабодных”.
Асноўным інстытутам грамадскага самакіравання быў войт. Гэта датычыцца як паселішчаў, якія мелі нямецкае права, так і тых, дзе яго не было. У гарадах і мястэчках Ваўкавыскага павета войтаўствы мелі свае асаблівасці. Так, у самім Ваўкавыску паступова склалася застаўнае войтаўства. Пералік першых ваўкавыскіх войтаў змешчаны ў грамаце Жыгімонта Аўгуста на войтаўства абознаму ВКЛ Пятру Весялоўскаму 10.12.1546 г., дзе яму прадпісваецца «держати и вживати зо всим по тому, яко и предки его первшые войты Матьяс а пан Лаврин Вольские, а пан Богдан Мацкевич Шавула”. Прывілей на войтаўскую пасаду Мацясу (Матушу) датуецца ў Метрыцы ВКЛ 28.01.1506 г., дзе адзначаецца, што ён служыў у войску пры ротмістры Адаме Паўлінскім у Смаленску і выслужыў 100 злотых, за адказ ад якіх яму надаецца войтаўства. У дзяцей Весялоўскага, Пятра і Яна, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст 25.04.1565 г. пазычыў 900 коп грошаў і за іх “завел иі в той суме войтовство волковыское до отданя”. Ад гэтага часу пажыццёвае войтаўства ў Ваўкавыску пераўтварылася ў застаўнае. У наступных лістах на пасаду войта XVII ст. адзначаецца, што калі скарб не аддасць суму, то войт можа перадаць пасаду таму, хто аддасць яму грошы, ці дзецям і іх нашчадкам, аж да выплаты дзяржавай названых грошай, а да той пары “войтовства брати не маем”. Прычым войтам дазвалялася не рабіць ніякай справаздачы перад скарбам да вяртання ім сумы заставы. У XVIII ст. прывілеі ізноў падкрэсліваюць, што войтаўства ў Ваўкаывыску надаецца “з сумай 3 тысячы злотых, унесеных канстытуцыяй ante unionum (перад уніяй)”. Пры гэтым адзначаецца, што спадкаемцы войта “не раней тое войтаўства павінны саступіць, аж пакуль ім сума, у гэтым прывілеі вызначаная і асэкураваная, 3 тысячы польскіх злотых поўнасцю будзе ввернута”.
Поразаўскае войтаўства ад пачатку было дзедзічным. Ужо ў 1504 г. кравец вялікага князя Давыд Турчын атрымаў пацвярджэнне ранейшага прывілея на войтаўства ў Поразаве “з ыменьем и з млыном”, дата якога не прыводзіцца. За гэтае наданне Турчын вялікаму князю “отпустил некоторую суму п(е)н(я)зей, што есмо остали ему винни за его службу”. Як сведчыць прывілей на пасаду войта ў Поразаве Яну Падаляніну 11.03.1507 г., “того воита Давыда Турка забито, а сын деи в него один был и тот вмер. А жону его тот Ян Подолянин за себе понял. И н(а)ш Александр, король, на тое воитовство ему лист свой дал”. Такім чынам, ужо да 1506 г. названы Ян Падалянін быў войтам Поразава. Спасылаючыся на тое, што “иж его м(и)л(о)сть дал тому Д(а)в(и)ду Турку и его детем суполное ряжене и пожиток того и воитовства порозовского со всими его залежностями”, Жыгімонт Стары таксама пацвердзіў пасаду войта ў Поразаве Яну Падаляніну “вечно ему и его справедливым наследком”. Дарэчы, у якасці войта Падалянін прыгадваецца яшчэ ў актах 1524 г. Тое ж вызначэнне тэрміна: “самому, дзецям і нашчадкам”, мы бачым у прывілеі на войтаўства Яну Тышкевічу Пагінскаму 21.03.1643 г.
Працяг будзе
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия