Працягваем публікацыю працы кандыдата гістарычных навук, прафесара катэдры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргея Стрэнкоўскага “Самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета ВКЛ у XVI-XVIII стст.”
Асноўная функцыя войтаў у магдэбургскіх паселішчах вызначалася такім чынам: “мещан водлуг права майдеборского судити”, “юрысдыкцыя гарадскіх судоў магдэбургскага права”. Да таго ж войт тут быў і галавой самакіравання. Напрыклад, у прывілеі Давыду Турчыну на войтаўства ў Поразаве 1504 г. адзначана: “Нехаи он тое воитовство с тым ставком и з млыном держыт и тым местом справует по тому, как в ыных местех нашых воитове месты справуюсть. А державцом нашым волковыиским, нинешнему и потом будучому, и их наместником не подобе в тое воитовство и в ставок, и в млын, и в суды и в пересуды, и во вси его суды и доходы воитовские не вступатисе… И мы казали ему тых мещан и иных ззывати, и тое место нашо осажывати, и воли им давати, розумеючы, как бы нам нешкодно было». Такім чынам, войт, у дадзеным выпадку, выступае ў якасці лакатара мястэчка. У прывілеі на поразаўскае войтаўства Яну Падаляніну 11.03.1507 г. паўтораны тыя ж функцыі.
У XVIII ст. у выніку ўзмацнення шляхецкіх “вольнасцей” узрастае і абсяг паўнамоцтваў войтаў. Даволі часта яны выходзяць за межы, якія былі ўсталяваны ў фундацыйных і канфірмацыйных прывілеях. Так, прывілеі на войтаўства ў Ваўкавыску дазваляюць войту “бурмістраў, райцаў, лаўнікаў, паводле свайго меркавання, дасведчаных у магдэбургскім праве, прызначаць”. Прывілеі на ваўкавыскае войтаўства Людвіку Ясенскаму 08.02.1720 г., Антонію Пацею 20.12.1724 г., Станіславу Яхімовічу 08.07.1737 г. таксама абавязвалі мяшчан апрацоўваць зямлю ў войтаўскім фальварку “талокамі”.
Войты існавалі і ў гарадскіх паселішчах без магдэбургскага права. Аб тым, што яны з’яўляліся інстытутам самакірвання, гаворыць актыўная роля абшчыны ў іх прызначэнні. Так, “за просьбою мещан» войтам Воўпы 05.11.1587 г. быў прызначаны Павел Сталенгоўскі. Аднак прызначэнне войта ў немагдэбургскіх паселішчах было справай мясцовага старосты, а вялікі князь да сярэдзіны XVII ст. толькі зацвярджаў такія прызначэнні. Затым знікае і гэта функцыя. Напрыклад, Паўла Сталенгоўскага ў Воўпе прызначаў староста Ян Хадкевіч, Войцаха Калякоўскага таксама 03.06.1602 г. староста Пётр Апалінскі і яго жонка Ганна з Борава Апалінская, Станіслава Яскалда ў Мсцібаве 10.02.1598 г. – Мацей Жылінскі. Абавязкі войта ў Воўпе вызначаліся так: “моц и владность зупелную мети во всих тых справах, которые до суду его належати будут, по тому як здавна на войты тамошние приходила, догледати».
Намеснікам войта ў гарадах з магдэбургскім правам быў ленвойт, які выконваў войтаўскія абавязкі ў час яго адсутнасці. Наяўнасць лентвойта часам тлумачылася непаўналеццем войта. Так, у прывілеі на ваўкавыскае войтаўства сынам Пятра Весялоўскага Пятру і Яну 28.03.1556 г. адзначаецца, што “покул лета свои мети будут, лентвойта от себе там установити (павинны), а лет дошедши, на ураде радити се и справовати обычаем права майдеборскего».
Можна меркаваць, што хоць у фундацыйных прывілеях і не вызначалася колькасць бурмістраў, радцаў і лаўнікаў, але ў Ваўкавыску і Поразаве адразу склалася пэўная структура штогадовых “гарадскіх урадаў”, прадстаўленая войтам, ландвойтам, бурмістрам, 3 радцамі, 3 лаўнікамі і пісарам. Паўнамоцтвы гэтых урадцаў адпавядалі нормам магдэбургскага права.
У Ваўкавыску суд быў супольным. Так, у справе габрыя Уласовіча з кавалём Сакам адзначана, што “войт и бурмистр под Кулешом присудил на две солянки сеяного поля тое земли». Мешчанін Ваўкавыска Грынец Васільевіч, абвінавачаны ломжынскім мешчанінам Мікалаем Рэбцэлім, у вялікакняжацкім судзе 27.06.1542 г. заявіў, што “мне вже с ним право было о перед бурмистром и лентвойтом волковыйским». Ліст караля Жыгімонта Аўгуста 13.06.1562 г. аб выданні мясцоваму плябану Амбражэю Немчыновічу выпісу з гарадскіх кніг аб яго справе з ваўкавыскім мешчанінам Іванам Ананічам “о соромоченье его словы непочтивыми» быў накіраваны “лентвойту, бурмистром и всим радцам места». Пазнейшыя справы XVIII ст. існаванне супольнага суда магістрата сведчаць не толькі ў адносінах Ваўкавыска, але і Поразава.
Сярод функцый гарадскіх урадаў быў кантроль за выкананнем павіннасцей на карысць дзяржавы. Так, “дэкларацыя” мяшчанам Ваўкавыска 16.03.1644 г., згодна з патрабаваннямі канстытуцый 1564 і 1578 гг., вызначала парадак дачы падвод. Ваўкавыскія мяшчане не павінны былі даваць падводы каморнікам і пасланцам караля, калі ў падводным лісце не былі ўпісаны і імя, і дата, а таксама калі ліст быў “скробаны и подейзраны». Тыя, каму давалі падводы, павінны былі плаціць на мілю за кожнага каня па 2 грошы, а ад воза – палову гроша. Бурмістр жа павінен быў рабіць адзнаку на падводным лісце, у які дзень і да якога пункта дадзена падвода, каб ліст не накіроўвалі двойчы. Мяшчане таксама не павінны былі даваць пасланцам ніякай стацыі. Некалькі раней, 06.04.1642 г., аналагічную “дэкларацыю” атрымалі жыхары Мсцібава і Ялаўкі, у якой вызначаўся памер аплаты ад каня па 2 грошы, а ад воза па паўгроша за мілю па падводных лістах, не старэйшых за 4 дні. Па лістах без прозвішча і даты падводы не выдаваліся. Патрабавалася войту і лаўнікам “прыстойнае шанаванне аказваць, пажывення і напоеў не вымагаць”. Няспраўнае выкананне павіннасцей магло справакаваць выклік у гаспадарскі суд. Напрыклад, мяшчане Ваўкавыска былі пакліканы ў суд “о личбу и пенези подводные». Інстыгатар ВКЛ сцвярджаў, што гараджане за перыяд з 1570 па 1593 гг. не ўносілі падводныя грошы і не рабілі справаздачу за іх. З улікам гадавой сумы ў памеры 34 коп і 36 грошаў агульная запазычанасць за 23 гады, па меркаванні інстыгатара, склала 795 коп і 49 грошаў. На судзе 04.04.1595 г. горад ад імя войта, радцаў, лаўнікаў і ўсяго паспольства горада прадстаўляў бурмістр Станіслаў Іванавіч, што сведчыць аб яго дастатковай прававой адукаванасці. Прадстаўнік горада сцвярджаў, што “дей отдають до подчашого нашого ВКЛ старосты волковыйского” Крыштафа Монвіда Дарагастайскага, што было пацверджана апошнім.
Войты атрымоўвалі пэўнае матэрыяльнае забеспячэнне сваіх пасад. У Ваўкавыску з цягам часу гэта былі пляцы Бядулкоўшчына і Аланаўшчына, на якіх размяшчаўся войтаўскі судовы дом, фальварк Шавулічы (назва, відаць, ад трэцяга войта Ваўкавыска – Багдана Шавулы) і вёска Пятакі. У Поразаве гэта былі 4 валокі зямлі, а потым пляц з войтаўскім домам на вуліцы Вялікай Віленскай, 2 валокі з ставам і млынам, а таксама фальварак. У мястэчках, якія не мелі магдэбургскага права, памеры матэрыяльнага забеспячэння войтаў звычайна вызначаліся “Уставай на валокі”. Напрыклад, войт Воўпы атрымоўваў вольныя ад падаткаў 2 валокі, 15 прутоў агарода, 4 маргі сенажаці, мядовую, піўную і гарэлачную карчму. Разам з мсцібаўскім войтаўствам Станіслаў Яскалд 10.02.1598 г. атрымаў вольныя 2 валокі, зямлю і карчму. Маглі быць пэўныя маёмасці, звязаныя не з пасадай, а з асобай войта. Так, войт Ялаўкі Ян Зубра па грамаце 12.01.1589 г. дадаткова “да жывата” атрымаў 3 валокі зямлі “под местом Яловским».
Рэформы ў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. закранулі і гарадскія паселішчы Ваўкавыскага павета. Згодна з канстытуцыяй Варшаўскага экстраардынарнага сейма 1775 г. “Паўторна аб гарадах і мястэчках” гарады і мястэчкі Ваўкавыскага павета былі аднесены да 3-га класа, а згодна з канстытуцыяй “Устава падатку Княству Літоўскаму” магдэбургскія суды захаваліся толькі ў Ваўкавыску.
Цэлы пакет канстытуцый, прынятых Чатырохгадовым сеймам прывёў да істотных змен у становішчах гарадоў ВКЛ. Гарады і мястэчкі Ваўкавыскага павета трапілі ў падначаленне апеляцыйнага суда ў Гродне, асэсорыі і камісіі паліцыі.
Працяг будзе
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия