Заканчваем публікацыю працы кандыдата гістарычных навук, прафесара катэдры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргея Стрэнкоўскага “Самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета ВКЛ у XVI-XVIII стст.”
Згодна з канстытуцыяй “Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай” кароль пацвярджаў гарадскім паселішчам усе іх прывілеі. Прычым адзначалася, што тыя гарады, у якіх загінулі лакацыйныя прывілеі, пры пацвярджэнні іх былой наяўнасці атрымаюць аднаўленчыя ці рэнавацыйныя прывілеі (diplomata renovationis); гарады, у якіх адбываюцца земскія сеймікі, могуць атрымаць лакацыйныя прывілеі, калі іх дагэтуль не мелі; паселішчы, якія заселены вольнымі людзьмі і маюць выгляд горада, могуць атрымаць заснавальныя ці эрэкцыйныя прывілеі (diploma erectionis); утвораныя прыватнымі ўласнікамі гарады пры ўмове надання ім зямлі могуць атрымаць канфірмацыйныя прывілеі (diploma confirmationis). У Ваўкавыскім павеце канфірмацыйныя прывілеі на падставе фундацыйнага 1545 г. 18.01.1792 г. атрымала Ялаўка (хоць мястэчка было не прыватнаўласніцкім, а каралеўскім), а рэнавацыйны і лакацыйны 21.01.1792 г. – Воўпа – (хоць мястэчка не прадстаўляла прывілееў на магдэбургскае права і ў ім не праводзіліся земскія сеймікі).
Ход рэалізацыі гарадскіх рэформ добра прасочваецца па актах гродзенскага магістрата. 11.08.1791 г. ужо адбыўся сход аддзела, на якім быў выбраны ўпаўнаважаны на сейм, а таксама аб’яднанае пасяджэнне сходу аддзела і агульнага сходу г. Гродна, дзе была падрыхтавана інструкцыя для яго. У якасці “асэсара парадкавага кола” на сходзе, які адбыўся ў “галоўнай гродзенскай ратушы” прысутнічаў адзіны ваўкавыскі дэпутат Андрэй Васюкевіч. Ад Мсцібава ў сходзе ўдзельнічаў дэпутат Марцін Зубкевіч.
Можна меркаваць, што самкіраванне на магдэбургскі ўзор з пэўнымі карэктывамі захавалася ў гарадскіх паселішчах Ваўкавыскага павета і пасля далучэння яго тэрыторыі да Расіі. Так, у пратаколе вызнання вячыстых правоў ваўкавыскага магістрата за 07.04.1792 г. – 17(28).06.1798 г. у запісе за 10.08.1795 г. прыгадаюцца Дамінік Шэвашэўскі, бурмістр, і Адам Ражанскі, “рэгент актуальна прысяглы горада Яе Імператарскай Высокасці”. Акты за наступныя гады дазваляюць зрабіць выснову, што ў гэты час звычайны камплект магістрата складаўся з бурмістра, радцы і пісара. Працягвала існаваць і пасада “месцкага вознага”, якім у 1798 г. быў Ігнат Цюхновіч. Даверанасць, унесеная ў гэтую кнігу на Новы Двор 15.09.1797 г., сведчыць аб існаванні ў ім магістрата, утворанага ў сувязі з рэформамі Чатырохгадовага сейма, у складзе бурмістра, радцаў, лаўнікаў і пісара (у акце названы бурмістр Міхал Сінчэўскі, радцы Антоні Раманоўскі, Махал Гамановіч, Андрэй Касінскі, лаўнік Міхал Лісоўскі і пісар Аляксандр Сычоўнік), хоць прывілей Станіслава Аўгуста на магдэбургскае права гэтаму мястэчку пакуль невядомы. У сувязі з гэтым няслушнай з’яўляецца думка А. Шаланды пра наданне магдэбургскага права Новаму Двару Стэфанам Баторыям ці наступнымі каралямі.
У гарадскіх паселішчах Ваўкавыскага павета існаваў і карпаратыўны ўзровень самакіравання, прадстаўлены рамесніцкімі цэхамі і самакіраваннем нацыянальных абшчын. Так, у Ваўкавыску прыгадваецца шавецкі цэх, які 26.03.1639 г. атрымаў ад Уладзіслава IV прывілей на “захаванне пры даўніх звычаях і вольных гандлях” абуткам у Ваўкавыску і Мсцібаве. На жаль пакуль не знойдзены статуты гэтага цэха.
Нетыповай з’яўляецца наяўнасць рамесніцкіх цэхаў у мястэчках, якія не мелі магдэбургскага права. Гэта прасочваецца, напрыклад, у Мсцібаве. Так, віцебскі ваявода, староста мсцібаўскі і ялаўскі Ян Ракоўскі лістом 26.10.1638 г. дазволіў стварэнне ў мястэчку цэха шаўцоў “па прыкладу горада Гродна”. Дадзены ліст зацверджаны Уладзіславам Вазам 12.03.1639 г. Мсцібаўскія шаўцы павінны былі штогод на дзень Святога Яна Хрысціцеля збірацца на сход у доме, дзе знаходзілася цэхавая скрыня і які вызваляўся ад стацыі, і выбіраць 4 старэйшых, якія павінны былі штоквартал збіраць сходы для чэтання прывілееў цэха. Таксама столькі, колькі неабходна павінны былі збірацца сходы, на якіх трэба было ”трымаць нараду аб добрых справах і добрым парадку іх брацтва”. Кожныя 2 тыдні на сходзе майстры павінны былі выплочваць да скрынкі “па прыкладу горада Гродна” паўгроша. На сходы трэба было прыходзіць цвярозымі, у вызначаны час і паводзіць сябе прыстойна. Парушальнікаў чакала пакаранне ў выглядзе зняволення на пэўны тэрмін. Старэйшыя і іншыя майстры маглі разбіраць праступкі, учыненыя братамі цэха, а таксама справы аб “дрэннай або няпільнай працы і службе”. Справы ж аб “злачынствах, збіцці, ганьбах” накіроўваліся на суд старосты, што з’яўлялася адным з адрозненняў ад цэхаў магдэбургскіх гарадоў, дзе іх разбіраў магістрат. Таксама старосты павінны былі прымушаць да парадку непаслухмяных, майстроў, таварышаў і вучняў. Старэйшыя цэха павінны былі захоўваць скрыню з прывілеямі, статутамі і іншымі цэхавымі рэчамі, прымаць вучняў для навучання шавецкаму рамяству. Кандыдаты ў майстры павінны былі перш-наперш зрабіць “штуку” (узорна выкананую шавецкую працу) і паказаць ліст пачцівага нараджэння і вучобы. Таварышы і вучні павінны былі пераходзіць ад аднаго майстра да другога згодна звычаю. Тыя ж, хто яго парушаў, да далейшай працы не дапускаліся і прызнаваліся “подлымі”. Таварышы таксама павінны былі ўнесці паўкаменя воску. Сыны майстроў перад тым, як самім стаць майстрам, павінны былі працаваць паўгода. Тыя ж, хто проста вывучыўся рамяству, абавязваліся 2 гады вандраваць і 1 год працаваць у мясцовага майстра. Майстрам забаранялася ўтрымліваць больш 2 вучняў. Тэрмін навучання ўсталёўваўся ў 4 гады. Перакупнікам забаранялася яўна ці таемна гандляваць абуткам пад пагрозай страты тавара. Гэта ж датычылася шаўцоў-яўрэяў і купцоў у дні таргоў. Самім жа цэхавым шаўцам дазвалялася будаваць крамы для продажу сваіх вырабаў з абавязкам уносіць за іх плату старосце. Усе шаўцы прыватных юрыдык павінны былі ўваходзіць у цэх пад пагрозай забароны займацца рамяством. Майстры ўсіх нацый і рэлігій абавязваліся несці касцёльныя павіннасці разам з католікамі пад пагрозай выгнання з цэха. Цэх атрымоўваў права мець “цэхавую пячатку, харугву, бубен і ўсялякую армату, патрэбную для абароны і аздобы мястэчка”. Крайчы ВКЛ, староста рагачоўскі, мсцібаўскі і дарсунішскі Марцыян з Казельска Агінскі 15.03.1668 г. надаў уставу гарбарскаму цэху Мсцібава, якую 05.01.1693 г. пацвердзіў наступны староста, харунжы ВКЛ Рыгор Агінскі. Названая грамата пацвярджала мсцібаўскім гарбарам правы і парадкі, усталяваныя папярэднімі старостамі, што гаворыць аб больш раннім утварэнні гэтага цэха. Устава складалася з пяці пунктаў, якія забаранялі гандляваць скурамі рэзнікам і перакупнікам за выключэннем тых, хто заплаціў у цэхавую скрыню ад валовай, ялавічай і конскай скуры па 1 грошу, ад цялячай, свіной і авечай па паўгроша, ці, калі яны не адносіліся да названых прафесій, то ўдвая больш; усталёўвалі віну ў памеры 10 коп грошаў (ішлі на свечкі і ўбранне пабудаванай гарбарамі царквы) і абавязак прасіць прабачэння ў цэха на тых, хто наважваўся гандляваць пакутна; вызначалі абавязак гандляваць скурамі ў гандлёвы дзень на рынку, не ганіць працы адзін аднаго пад пагрозай віны 3 злотых на карысць двара; загадвалі атрымаўшы прафесію гарбара паведаміць аб гэтым і падзякаваць цэхмістру і ўнесці ў скрыню цэха 1 злоты, жадаючым уступіць у цэх унесці 5 злотых, калі іх бацька займаўся ў мястэчку гэтым рамяством, ці 5 коп грошаў, калі кандыдат паходзіў з вёскі; усталёўвалі абавязак прыходзіць на сход па першаму закліку, слухаць старэйшых цэха, плаціць у выпадку няяўкі штраф падстаросце ў памеры, які ён скажа, і 2 злотых цэху, а таксама несці вызначанае братамі цэха пакаранне паводле “даўняга звычаю”.
Самакіраванне нацыянальных меншасцей, у прыватнасці яўрэяў, у гарадскіх паселішчах Ваўкавыскага павета складваецца напэўна таксама ў XVI ст. Так, з прычыны “поветря” і іншых бедстваў ад імя яўрэйскай абшчыны мястэчка Мсцібаў да вялікага князя звярталіся Абрам Мендзелевіч і Ізас Якубовіч. У сувязі з гэтым Стэфан Баторый граматай ад 03.01.1577 г. вызваліў мсцібаўскіх яўрэяў “за колько лет от червоных злотых”. 08.03.1641 г. мсцібаўскія яўрэі былі вызвалены ад выраба соладу і “апрабавання” быдла і свіней на карысць давара па лісту старосцінай Марцыбелі Карэцкай, які таксама падпісаў яе сын Ежы Караль Глябовіч. Дадзеную вольнасць канфірмаваў кароль Уладзіслаў Ваза 26.09.1643 г., дадаўшы, што старосты і падстаросты павінны захоўваць яўрэйскую абшчыну пры ўсіх правах і вольнацях, адзначаных у так званых генеральных прывілеях яўрэям ВКЛ. Каралеўская грамата 30.01.1699 г., дадзеная Аўгустам ІІ мсцібаўскім яўрэям з прычыны таго, што іх “старэйшыя яўрэі брэсцкага кагала да вялікіх выдаткаў” прымушалі, дазваляла стварыць ў Мсцібаве “уласныя суды і юрысдыецыю, каб самі паміж сабой у справах, якія прыходзяць, судзіліся”. Суду мсцібаўскага кагалу падлягалі таксама яўрэі г. Ваўкавыска і мястэчак Рось, Ялаўка, Свіслач, Бераставіца, Пятухова, Межырэчча, Падароск, Лапеніца, Галынка, Масты і іншых, у якасці прыкагалкаў і партыкуляраў. Суды павінны былі ажыццяўляцца па прыкладу “Брэста, Гродна, Вільні і іншых гарадоў”. Таму можна меркаваць, што структура самакіравання яўрэйскай абшчыны Мсцібава адпавядала тым узорам, якія існавалі ў іншых кагалах ВКЛ.
Заключэнне
Такім чынам, можна сцярджаць, што у гарадскіх паселішчах Ваўкавыскага павета ў XVI-XVIII стст. склалася сістэма самакіравання ўласцівая ў цэлым для гарадоў і мястэчак ВКЛ. Агульнагарскі ўзровень у паселішчах з ўстаўным самакіраваннем быў прадстаўлены войтамі, а ў гарадах з магдэбургскім правам – войтамі, ландвойтамі, бурмістрамі, радцамі, лаўнікамі і пісарамі. Прававой падставай самакіравання для паселішчаў з устаўным самакіраваннем былі рэвізорскія ўставы, а для гарадоў з магдэбургскім правам – фундацыйныя і канфірмацыйныя прывілеі, якія вызначалі адпаведны памер вольнасцей, ільгот, прэферэнцый і франшыз. Асаблівасцю Ваўкавыскага павета была адсутнасць сярэдніх і буйных гарадоў. Таму увесь пералік вольнасцей і прывілееў звычайна вызначаўся ў першапачатковых граматах і далей амаль не пашыраўся. На тэрыторыі Ваўкавыскага павета таксама знаходзіліся вельмі рэдкія для Беларусі дзедзічнае і застаўнае войтаўствы (у Поразаве і Ваўкавыску адпаведна). Гарадскія паселішчы павета актыўна ўключыліся ў ажыццяўленне рэформ гарадскога ладу, выкліканы рашэннямі Чатырохгадовага сейма, набываючы поўныя гарадскія правы. Карпаратыўны ўзровень самакіравання прадстаўлялі рамесніцкія цэхі, якія ў тым ліку існавалі ў Мсцібаве, што не меў на той час магдэбургскага права, і яўрэйскія кагалы.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия