Сёння на магазіне па вуліцы Сацыялістычнай Ваўкавыска назаўсёды знікла назва «Сілуэт» і з’явілася новая назва «Евроопт».

Гэты магазін быў пабудаваны яшчэ пры «саветах” і ў навейшай гісторыі Ваўкавышчыны змяняў толькі ўладароў, для жыхароў горада ён заставаўся «Сілуэтам» . Назва магазіна з’яўлялася арыентырам пры сустрэчах, тутэйшыя казалі «сустракаемся каля Сілуэта» . Побач існаваў і аўтобусны прыпынак «Магазін «Сілуэт» .

Час рухаецца і будынак змяніў уладальніка і назву. Цяпер ніхто з гараджан не скажа «Сустракаемся каля «Евроопта» таму што такіх у нас ужо два, а праз некаторы час і «Дружба» стане адным з іх. Не выключана, што непадалёк ад Mart Inn будзе пабудаваны і чацверты магазін гэтай гандлёвай сеткі. Кавалак зямельнага пляца пакуль чакае свайго часу.

Ужо ад 17-й гадзіны тыя, хто ведаў, што менавіта сёння ўвечары расхлістаюцца дзверы новага магазіна, цярпліва чакалі на вуліцы. І вось роўна ў 19.12 нарэшце сталі запускаць першых пакупнікоў. Вялікага натоўпу і куламеса не было дзякуючы своечасова адчыненым другім дзвярам. Больш за ўсіх цешыліся з адкрыцця самі працоўнікі і ахоўнікі “Евроопта” , якія нібыта ніколі ў вочы не бачылі некалькі дзясаткаў пакупнікоў. Стоячы на прыступках яны як малыя дзеці здымалі тлум на свае смартфоны.

Адзначым, што прынцыповых зменаў, акрамя рамонту, у магазіне не адбылося. На першым паверсе прадаецца прадуктовая група тавараў, на другім – прамысловая, як і было ў “Сілуэце” .

evroopt2

evroopt3

evroopt4