Увосень 2014 г. каля Ваўкавыска Гродзенскай вобласці на ўзараным полі быў знойдзены вялікі грашовы скарб.

Увесь комплекс знаходзіўся ў адным месцы, верагодна, у нейкім драўляным сундуку, бо былі знойдзены яго амаль спарахнелыя фрагменты з жалезнымі пласцінамі. Скарб складаўся з 9006 манет XV–XVI стст. і быў схаваны ў самым канцы XVI ст.: малодшыя манеты – олькушскі солід і рыжскі траяк 1590 гг.; старэйшыя – недатаваныя каронныя паўгрошы пачатку XV ст. караля польскага Ягайлы (1377–1392). Усяго ў скарбе 7 грашовых наміналаў: двайны пенязь, солід, паўгрош, шылінг, грош, трохграшовік і чатырохграшовік.

Манеты, якія ўваходзяць у склад скарбу, выпушчаны 16 эмісійнымі цэнтрамі і эмітаваны 10 рознымі дзяржавамі ці дзяржаўнымі ўтварэннямі:
– Вялікае Княства Літоўскае: 7040 экз.;
– Каралеўства Польскае: 1295 экз.;
– Прусія (герцагства): 372 экз.;
– Свідніца (горад): 173 экз.;
– Легніца-Брэг (княства): 60 экз.;
– Чэшскае Каралеўства: 38 экз.;
– Брандэнбург (маркграфства): 12 экз.;
– Тэўтонскі ордэн: 13 экз.;
– Глогаўскае княства: 2 экз.;
– Цешынскае княства: 1 экз.

Па дзяржаўнай прыналежнасці ўсе манеты скарбу можна падзяліць на тры вялікія групы: ВКЛ, Польшчы і іншыя (малюнак 1). Як бачна на малюнку, больш за тры чвэрці ўсіх манет было выпушчана ў ВКЛ. Гэта не дзіўна, бо на працягу ўсяго XVI ст. літоўскія манеты панавалі на мясцовых фінансава-грашовых рынках.

scarb1

малюнак 1

Калі казаць аб уласна літоўскіх манетах, то больш за палову ад іх агульнай колькасці было выпушчана ў часы Жыгімонта Аўгуста (1544–1572) (малюнак 2). Даволі цікавым нам падаецца факт, што манет Аляксандра ў скарбе больш, чым манет Жыгімонта Старога (1506–1544), і гэта на самы канец XVI ст.! Патрапілі ў скарб і раннія манеты Жыгімонта III Вазы (1588–1632) 1588–1590 гг. выпуску. Апошніх усяго 7 экзэмпляраў.

малюнак 2

малюнак 2

Другой даволі буйной групай манет з’яўляюцца эмісіі Каралеўства Польскага (малюнак 3). Больш за палову ад усіх каронных манет прыпадае на выпускі Жыгімонта Старога. У скарбе прадстаўлена прадукцыя ўсіх манетных двароў.

малюнак 3

малюнак 3

Усе астатнія манеты, якія не ўвайшлі ў першыя дзве групы па дзяржаўнай прыналежнасці, былі вылучаны намі ў асобную групу (малюнак 4). Стракатасць складу скарбу сведчыць аб даволі разнастайным грашовым абарачэнні ў канцы XVI ст.

малюнак 4

малюнак 4

Упершыню ў адным скарбе сустракаюцца разам дзве розныя групы манет: пражскія грошы і тэўтонскія шылінгі. Апошніх у складзе скарбаў на сёння невядома. Адзінкавыя знаходкі ёсць, аднак іх вельмі мала. Пражскія грошы прадстаўлены эмісіямі Уладзіслава II (1471–1516) і Фердынанда I (1526–1562).

У скарбы з тэрыторыі Беларусі яны ніколі не траплялі. Усеваладу Юргенсону вядомы адзінкавыя знаходкі пражскіх грошай вышэйадзначаных каралёў, аднак пацвярджэння гэтаму аўтар, на жаль, не прыводзіць.

Сёння адкрытым застаецца пытанне і аб грашовай сістэме, у якую ўваходзілі пражскія грошы і тэўтонскія шылінгі ў канцы XVI ст. Вельмі цікавымі і перспектыўнымі нам падаюцца будучыя даследаванні аб курсах розных манет і наміналаў напрыканцы XVI ст. праз аналіз складу гэтага дэпазіту.

На вялікі жаль, прадстаўлены дэпазіт перастаў быць адзіным комплексам ужо ў момант свайго выяўлення, і агульнага здымка скарбу нам атрымаць так і не ўдалося.

Цяпер гэты скарб з’яўляецца найбуйнейшым па колькасна-якасным складзе з манетных комплексаў, што былі выяўлены і зафіксаваны на тэрыторыі Беларусі.

karachМагістр гістарычных навук,
аспірант кафедры гісторыі Беларусі,
археалогіі і дапаможных гістарычных
дысцыплін факультэта гісторыі,
турызму і камунікацый
ГрДУ імя Я. Купалы Андрэй КАРАЧ