Некалькі тыдняў таму непрыкметна на вуліцы Соф’і Панковай з’явіўся білбард на беларускай мове. Стваральнікам гэтага білбарда стаў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Канешна, вельмі шкада, што беларусам патрэбна нагадваць пра родную мову з дапамогай рэкламы, але пасля з’яўлення яе адбыліся і станоўчыя падзеі. Здымак білбарда з’явіўся ў сацыяльных сетках і, нечакана, вызваў шэраг станоўчых эмоцый і ўхвалення менавіта сярод моладзі. Гэта дае невялічкую надзею, што беларусы не знікнуць, як гэта было з плямёнамі абарыгенаў, якія выменялі свае скарбы на шкляныя маністы і люстэркі.

IMG_0769

На сённяшні час беларуская мова — гэта мова выбраных, мова навукоўцаў, творчай інтэлігенцыіі, усіх тых, хто шукае сваё «я», шукае самаўсвядамленне і сваю самабытнасць. Захавалася яшчэ мова і на вёсцы, на ёй размаўляюць старыя людзі, але ім шукаць сябе непатрэбна, яны добра ведаюць сэнс жыцця і ведаць хто яны. Хоць у нас існуе ў дзяржаве двумоўе, але на самой справе сярод чынавецтва яна не вельмі папулярная і, хутчэй за ўсё, не таму, што яны хочуць русіфіцыраваць нас, а таму, што проста не ведаюць роднай мовы.

Большая частка беларусаў, якія чытаюць Данцову, слухаюць блатняк і Стаса Міхайлава і ніколі не бралі ў рукі Мележа, Караткевіча, з’яўляюцца спажыўцамі іншых культур, але згубіўшы сваю мову і культуру, мы ніколі не станем сваімі ні ў Расіі, ні ў Польшчы, мы назаўсёды застанемся абарыгенамі са сваімі шклянымі маністамі і люстэркамі…