Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!
Браты і Сёстры ў Хрысце Пану! “Езус жыве – Ён Уваскрос!” – словамі гэтага радаснага вызнання веры першых вучняў я звяртаюся да ўсіх, хто святкуе Уваскрасенне нашага Пана Езуса Хрыста.
Як і першыя сведкі цуду Уваскрасення ў Ерузалеме, так і мы сёння жывём моцай праўды аб Уваскрасенні. “Езус жыве – Ён Уваскрос!”. Ужо многія стагоддзі гэта самае радаснае вызнанне для ўсіх пакаленняў веруючых у Хрыста.
У таямніцы Уваскрасення нашага Пана ўкрыта таямніца Касцёла, які моцай Уваскрослага Езуса абвяшчае Евангелле і ў сакрамантах удзяляе нам збаўчыя ласкі на дарозе да вечнага жыцця.
Дарагія Браты і Сёстры, умілаваныя Дыяцэзіяне, запрашаю Вас увесь час нанова адкрываць гэтае радаснае вызнанне аб Уваскрасенні Езуса і нашым уваскрасенні разам з Ім. Вызнанне веры – “Езус жыве – Ён Уваскрос!” – няхай пабуджае нас да большага клопату, да пошуку Яго ў супольнасці Касцёла, на малітве, у Яго слове і святых сакрамантах.
Падчас Года веры, які мы цяпер перажываем, жадаю Вам, Браты і Сёстры, глыбокай веры ў прысутнасць Уваскрослага Хрыста. Кожны з нас, як першыя вучні, ідзе дарогай да распазнання Уваскрослага Езуса. Давайце разам з Апосталамі паспяшаемся да пустой магілы, каб убачыць, што ў ёй няма Езуса, каб вызнаць, што Ён Уваскрос!
У пілігрымцы нашай веры, па прыкладзе вучняў, якія ішлі ў Эмаус, давайце шчыра папросім Пана: “Пане, застанься з намі!”. “Езус жыве – Ён Уваскрос!”, дык няхай жа Ён усім паблаславіць і дазволіць убачыць сваю збаўчую моц.
Яднаюся з Вамі ў радасці перажывання Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста і ўдзяляю сваё пастырскае бласлаўленне.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия