22 жніўня ў малой зале райвыканкама адбылася сустрэча з культуролагам, супрацоўнікам аддзелу міжнародных сувязяў Шчарбаковай Натальяй Іванаўнай.

І ведаеце, было вельмі цікава слухаць вельмі інтэлігентную і эрудзіраваную асобу, якая з натхненнем распавядала прысутным аб рэлігійных святынях Беларусі і яе пакутніках… Я пераканаўся, што абавязкова неабходна  пры магчымасці наведаць храмы Турава і дакрануцца да каменных крыжоў, што растуць з зямлі. Гнесічы з Лаўрашыўскім манастыром, Лагойск з 800-гадовай іконай “Знаменне”, Карма са спадчынай святога Іаана, Белыя балоты з пабудовамі закатаваных у савецкіх лагерах святароў.

Пазнаёміла нас дакладчык з лёсам абразу “Маці Божая Эфеска-Карсуньская”, што прывязла некалі са Святой зямлі Еўфрасіння Полацкая і які нам ніколі не аддадуць з пецярбургскага храму Аляксандра Неўскага…

Ведаеце, было вельмі цікава паслухаць… Але прысутным на лекцыі аж надта карціла збегчы па сваіх справах (некаторыя і канца гадзіны не дачакаліся) і ніякіх пытанняў у іх не было. Наталля Іванаўна з сумам палічыла, што ваўкавыскія настаўнікі маюць вельмі мала часу… А мне здаецца, не хапае інтэлігентнасці, таму што большасці было “да лампачкі”: хто чытаў часопіс, хто спаў ці “варон лічыў”. Якая мы, …, інтэлігенцыя, калі прыехаў эрудыраваны, цікавы адмыслоўца, а нам напляваць? Да чаго новага мы прывабім вучняў, калі толькі пад прымусам прыходзім на мерапрыемствы, што зробяць нас больш лепшымі?

Дзякуй усім, хто арганізаваў такое мерапрыества. І апошняе: пасля выступлення мне з дачкой Наталля Іванаўна абяцала паказаць Мінск, якога мы не ведаем…

 2323