Расейскі бізнэсмен, які жыве ў Таліне, хоча адкрыць у сядзібе музей, гатэль і карчму.
Аўкцыён па продажу сядзібы ў Падароску нарэшце адбыўся. 27 снежня сядзіба Бохвіцаў, якая знаходзіцца на поўдні Ваўкавыскага раёну пры дарозе з Брэсту ў Гародню, была прададзеная расейскаму бізнэсмену Паўлу Падкарытаву.
Пачатковы кошт аўкцыёну складаў 971,5 мільёна рублёў (гэта каля $113 тысяч). У пратаколе пераможцы аўкцыёну пазначана сума 1,02 мільярда рублёў, гэта каля $120 тысяч у эквіваленце. Цяпер бізнэсмен мусіць заключыць дамову з Ваўкавыскім райвыканкамам і сплаціць пакупную цану.
«Летась была праведзеная новая ацэнка, і сядзібу мусілі б выставіць на аўкцыён коштам больш за $200 тысяч, — расказвае Падкарытаў. — Наўрад ці я прыняў бы ўдзел ў ім у гэтым выпадку». Потым, згодна з прэзідэнцкім указам, з агульнага цаны быў выключаны кошт «зялёных насаджэнняў», і выніковая сума склала каля $95 тысяч. Гэта здалося «Гроднавоблмаёмасці» замалым, таму яны павялічылі цану яшчэ амаль на 20%. Хоць прэтэндэнт на куплю быў толькі адзін — Падкарытаў.
Планы новага гаспадара
Павел Падкарытаў — расійскі бізнэсмен, які цяпер жыве ў Таліне. Ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў Екацярынбургу, мае юрыдычную адукацыю. Падкарытаў быў акцыянерам карпарацыі «Уралінвестэнерга».
Пасля некалькі спробаў перадзелу маёмасці ў 2005 годзе частка мэнэджэраў і акцыянераў кампаніі, сярод якіх быў і Падкарытаў, былі арыштаваныя. Бізнэсмен выйшаў на волю толькі ў 2010 годзе. Цяпер ён актыўна займаецца дабрачыннымі праектамі. Маючы па бабулі беларускія карані, ён, знаходзячыся ў СІЗА, вывучыў беларускую мову, стаў сябрам ТБМ.
Па яго словах, найпершае, што трэба зрабіць — гэта аднавіць сядзібу і парк вакол яе, наколькі гэта магчыма ў аўтэнтычным стане. Падкарытаў кажа, што будзе імкнуцца зрабіць так, каб гэтае месца было прывабным для турыстаў як з Беларусі, так і з Еўропы і Расіі.
Ён мае планы зрабіць «музей сядзібнага побыту, а калі атрымаецца, таксама адкрыць невялікі гатэль і, магчыма, карчму традыцыйнай беларускае кухні».
Наша Ніва
p
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия