Сяргей Вераціла, напэўна, самы неадзначаны персанаж літаратурнага бамонду Беларусі, якога шмат хто не прымае. Чаму? «Прычына негатыўных адносінаў да мяне ў адсутнасці ўнутранай свабоды», — лічыць сам Сяргей.
БАЦЬКОЎСКІ ПАРОГ
Пачну з дзеда па лініі маці. Іван Лук’янавіч быў вельмі неардынарным чалавекам. Падчас Першай сусветнай вайны за тое, што абараніў сваю роту ад першай газавай атакі немцаў, здагадаўшыся схавацца ў сена, яго хацелі ўзнагародзіць і прапанавалі на выбар — альбо георгіеўскі крыж, альбо яфрэйтара. За «Георгія» пасля вайны плацілі добрую пенсію, а за чын — 99 капеек у месяц, плюс штодня белая булка. Дзед слушна разважыў, што да канцы вайны трэба яшчэ дажыць, і абраў нашыўку на пагоны. Дарэчы, ён служыў у так званых сібірскіх палках.
Потым дзед рабіў рэвалюцыі: адну — у лютым, другую — у кастрычніку. Прымаў удзел у Грамадзянскай вайне і ваяваў з англічанамі ў Мурманску. Затым бунтаваў у Кранштаце і быў сярод тых, хто не паверыў Леніну. Сышоў у Фінляндыю, што і захавала яму жыццё.
Праз некалі месяцаў ён пешкі вярнуўся на радзіму. Ішоў па чыгунцы, праз Латвію. І ўспамінаў, што столькі ваўкоў ніколі не бачыў. На жывых яны не нападалі, хапала трупаў. Аднойчы ён прачнуўся ад таго, што нехта пачаў грызці пальцы на нагах. Ваўка дзед ткнуў нажом, адбег і потым двое сутак не спаў. Пакуль не дайшоў да Воршы, а там ужо было не далёка да роднага Сенненскага раёна.
А мой бацька Аляксандр Аляксандравіч 1925 года нараджэння родам з Гарадзеншчыны, з вёскі Карпаўцы Ваўкавыскага раёна.
Бацька да вайны паступіў у Беластоцкі чыгуначны тэхнікум, што было марай многіх беларусаў. Вайна застала бацьку менавіта там, і ён пачаў адступаць разам з савецкім войскам. Дабраўся аж да Масквы. Там усіх чыгуначнікаў сабралі разам і накіравалі ў Калугу.
У якасці ежы ім давалі ўсяго па 150 грамаў кукурузнай мукі. І больш нічога. Што хочаш, то і з яе ляпі… Галодныя хлопцы (сярод якіх было шмат заходніх беларусаў) прасілі міласціну, але мясцовыя нічога на давалі. Казалі — палякі. Бацька вельмі крыўдаваў. Маўляў, які ён паляк, праваслаўны — значыць, аўтаматычна рускі. Аднак па-руску ён гаварыць не ўмеў, толькі мог вельмі добра чытаць.
У Калузе ён так моцна сапсаваў свой страўнік, што потым усё жыццё амаль не ўжываў алкаголю. Так што сэнс паняцце «п’яны бацька» я ведаў толькі ад знаёмых і суседзяў і ў дзяцінстве ніколі не баяўся п’яных людзей.
Потым прыехалі «пакупнікі», і ўсіх разабралі па вайсковых вучэльнях, дзе за некалькі месяцаў падрыхтоўкі давалі лейтэнанцкія пагоны. Бацька трапіў «на артылерыста».
Напрыканцы вучобы прапанавалі запоўніць анкету. Па сваёй прастадушнасці ён напісаў, што бацькі жывуць на акупаванай тэрыторыі. І яго адразу адлічылі. І накіравалі на чыгунку звычайным качагарам.
Таварняк цягнулі адразу тры паравозы. Два спераду, адзін — ззаду, які называўся «піхач». Тапілі не вугалем, а дровамі. Спалі прама там. Не мыліся, і таму вошы аж кішэлі. Бацька расказваў, што на стаянцы выбежыш, здымеш кашулю і катаеш па ёй бутэлькай. Аж трэск стаіць.
Потым яго кінулі ў Чачню, дзе ён удзельнічаў у дэпартацыі чачэнцаў. Як качагар цягніка, канешне. Як чачэнцаў заганялі ў вагоны, ён не бачыў. Бачыў толькі, як трупы (дзяцей, жанчын, старых) выкідалі праз вокны — памерлых ніхто не хаваў.
Вайну бацька скончыў у Кёнігсбергу.
У бацькі былі два малодшыя браты. Абодва засталіся «пад акупацыяй». Іван троху меў адносіны з партызанамі, а Анатоль толькі пасвіў дзедавых кароў. Абодва ёсць у кніжцы пра піянераў-герояў. Смех. Мясцовыя старажылы мне расказвалі, што ніякай арганізацыі з назвай «Піянерскі тайнік» на самай справе не існавала. Яе прыдумалі. Падумайце: «кіраўніку» арганізацыі тады было толькі пяць гадоў…
Партызаны ў нашых мясцінах з’явіліся толькі ў сярэдзіне вайны і адзначыліся тым, што забілі нямецкага доктара ў вёсцы Шабулічы (эсэсаўцы потым спалілі гэтую вёску разам з жыхарамі) і за тры дні да вызвалення ўзарвалі турбіну на цэментным заводзе.
А маці Ганна Іванаўна ўвесь час была «пад немцамі» на роднай Сенненшчыне. Яе нават уганялі на работы ў Германію. Тры разы ўцякала: двойчы з размеркавальнага пункту, адзін — прама з вагону.
У 1955 годзе яна пабралася шлюбам, а ў 1961 годзе (29 красавіка) у Ваўкавыску на свет з’явіўся я.
АД БАЦЬКОЎСКАГА ПАРОГА
Мы жылі ў рабочым пасёлку Краснае Сяло, што ў 12-ці кіламетрах ад Ваўкавыску і ў 3-х — ад знаёмай усім лётчыкам (і не толькі) Росі. У мяне яшчэ ёсць старэйшая на тры гады сястра Ніна. Раней яна працавала ў дзіцячым садку, а зараз на пенсіі.
Спачатку мы жылі ў былым «даходным доме», якія ў нас называюць камяніцамі. Потым далі двухпакаёвую хрушчоўку, дзе была свае ванна, калонка, кухня, прыбіральня і паравое ацяпленне, якое трэба было награваць печкай, што тапілася вугалем. Блага, мой бацька ўжо працаваў машыністам паравоза і кішэнях цягаў з работы вугаль. Ім мы і тапілі.
Бацька быў вельмі добрым садаводам. Дрэвы яго слухаліся. За два кіламетры ад дома было наша лецішча. На адным ствале бацька рабіў па дваццаць прышчыпак. Яблыкі розных колераў, розных гатункаў. Акрамя гэтага грушы, вішні, чарэшні. Кусты агрэсту, чорных і чырвоных парэчак і г.д.
Спачатку бацька саджаў тое, што расце ў нашых мясцінах. Потым пачаў пісаць лісты знакамітым садаводам, прафесарам. Саджанцы яму прысылалі з усяго Савецкага Саюзу.
Падчас маіх бадзянняў маці тое лецішча прадала.
Маё свабодалюбства пачалося яшчэ ў дзяцінстве. З самага пачатку я быў абсалютна некіравальным дзіцём. З дзіцячага садка мяне пастаянна выганялі, таму маці прыходзілася браць для мяне нянек з вёсак.
Тое ж самае працягвалася ў школе. У першы клас я прыйшоў цалкам падрыхтаваным. Умеў чытаць, пісаць, складаць, аднімаць, да тысячы лічыў, а там малююць «палачкі». Там чытаюць па складах, а мне ўжо ў бібліятэцы выдаюць кнігі. Словам, вучыцца мне было вельмі сумна. Можа, менавіта з гэтай нагоды і пачаў хуліганіць.
Але гісторыя і геаграфія мяне цікавілі. На іх расказвалі пра далёкія краіны і іх мінулае.
Старэйшы бацькаў брат дазваляў мне чытаць на гэты конт яго энцыклапедыю, а другі (малодшы) даваў чытаць падшыўкі дэфіцытнага часопісу «Вокруг света». Альбо сам пераказваў змест цікавых артыкулаў, бо быў цудоўным расказчыкам.
Увогуле ж у бацькі было двое братоў і тры сястры.
Школа была кашмарам жыцця. Напэўна, для мяне стаць пад расстрэл было б лягчэй, чым штодзённа туды хадзіць. Прычым, канфлікты былі не толькі з настаўнікамі, але і з другімі вучнямі.
Цікава, што разам з прагай бунтарства і свабоды ва мне была вялікая прага да тых ведаў, якія падабаліся. Гутарка не толькі пра геаграфію з гісторыяй. Былі даспадобы добрая літаратура, паэзія.
З павагі да бацькоў мяне літаральна перапіхвалі з класа ў клас. Напрыклад, з настаўніцай нямецкай мовы ў мяне быў дагавор: я не хаджу на ўрокі, а яна мне за гэта ставіць «траякі». Лагічнае, дарэчы, выйсце, бо бывала так, што ўрокі я зрываў. Напрыклад, мог закурыць прама на ўроку біялогіі.
Курыць я пачаў з пяці гадоў. А праз кароткі час навучыўся і піць.
Школу я скончыў у 1978 годзе. З-за ранейшага запалення вачэй атрымаў «белы білет», дзякуючы чаму не трапіў у Афганістан.
Уладкаваўся на шыферны завод, які знаходзіўся ў родным Красным Сяле.
БУНТАРСКІЯ ПАРОГІ
На заводзе я прапрацаваў каля двух гадоў. Амаль адразу пачаў канфліктаваць з начальствам. Нават арганізаваў забастоўку. Вельмі шмат крала начальства, і я пачаў гэта выкрываць.
Хутка зразумеў, што мяне альбо заб’юць, альбо пасадзяць у турму. Глебу для гэтага яны ўжо пачыналі рабіць, я якраз прачытаў, што ў БДУ стварылі падрыхтоўчая аддзяленне. Сабраў дакументы, з горам папалам здаў іспыты (асабліва нямецкую мову) і пачаў вучыцца.
Наш інтэрнат месціўся на Паркавай магістралі, якая пры мне стала праспектам Машэрава. Адвучыўся год на падрыхтоўчым і ў 1980 годзе стаў студэнтам філалагічнага факультэта (рускае аддзяленне) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму менавіта рускае аддзяленне? Гэта мне параілі дасведчаныя людзі, бо там вучылася вельмі шмат, скажам так, надзвычай прасунутых асобаў. Да таго ж, паступаючы на рускае аддзяленне, я ўжо быў прынцыповым беларускім нацыяналістам.
Невыпадкова, што мной вельмі хутка зноў пачала цікавіцца адна сумна вядомая арганізацыя. Прапанова супрацоўнічаць прагучала напрыканцы пешага курса. Тыдзень далі падумаць. Я прыехаў дамоў, некалькі дзён хадзіў «чорны», а потым пра ўсё вылажыў маці. Яна сказала так: нас у радаводзе не было ні паліцаяў, ні партызан. Вяртайся, работу знойдзеш».
У БДУ ўдалося скончыць паўтара курса, але дахаты я не вярнуўся. Паехаў бадзяцца па Савецкім Саюзе.
У мяне быў добры сябра Андрэй Вальдулевіч, якога за рок-музыку адлічылі з Гродзенскай музвучэльні. Суперскі гітарыст. На жаль, у Германіі памёр ад анкалогіі. Пахаваны на праваслаўных могілках у Берліне.
Разам з Андрэем мы аб’ездзілі амаль усю еўрапейскую частку Савецкага Саюза, аднак на Усход я не быў далей сто першага кіламетра ад Масквы. Выключэннем стаў толькі горад Струніна Іванаўскай вобласці, дзе жыў наш сябар.
Тэкстыльны горад Струніна — гэта тое ж Іванава. Толькі меншых памераў. Вечарам утраіх прыходзім у іх агромісты Дом культуры на танцы. На ўваходзе стаіць невялікая купка мужыкоў. У ватніках, кірзавых ботах, усе кураць «Беламор». Мы ў касцюмчыках уваходзім у залу, а там — процьма дзяўчат. Вядучы нас заўважыў і адразу абвясціў «белы танец». «Процьма» рынулася да нас. Праняў нейкі невытлумачальны страх. Мы кінуліся ўцякаць. Беглі аж да вакзалу. Такое помніцца ўсё жыццё.
Аб’ехалі амаль увесь Крым, краіны Балтыі, Украіну. Жыў на грошы, якія зарабляў. На шчасце, з працай ніякіх праблем тады не было. На любым прадпрыемстве мінімум былі патрэбныя грузчыкі.
Кім я толькі не быў. Змяніў каля дваццаці месцаў работы. Працаваў і токарам, і слесарам, і перакладчыкам у БелТА, і спортынструктарам, і агентам па продажах, і нават докерам у Клайпедзе. Гэта, дарэчы, вельмі цяжкая праца, асабліва, калі трэба цягаць рыбную муку. Кожны мяшок — пад сто кіло, плюс у мяне маленькія далоні, што для грузчыка не вельмі добра. Акрамя гэтага — пыл у труме стаяў такі, што я пачынаў задыхацца.
Пераязджалі з месца на месца звычайна ў электрычках, дзе кантралёры нас амаль не чапалі. У любых кампаніях мы былі пажаданымі гасцямі, бо Андрэй прыгожа граў на гітары, а я добра расказваў анекдоты.
Начавалі дзе давядзецца. Бывала, на вакзалах, у гатэлях альбо ў прыватнікаў ці проста ў знаёмых. Бывала, у дзяўчат — маладыя, валасатыя, з гітарай.
Колкі сябе памятаю, увесь час хацелася з’ехаць з Савецкага Саюза. Як і маім блізкім сябрам. Не падабалася нам гэта сістэма. Сістэма хлусні, двудушнасці і татальнага дэфіцыту. Я нават у камсамол уступіў толькі падчас працы на заводзе, таму што прыйшлося. Аднойчы мы даволі моцна з хлопцамі выпілі. Назаўтра я прыйшоў на работу ніякі — рукі трасуцца, халодны пот, галава баліць. Да мяне падышоў наш сакратар камітэту камсамола і мой сусед Мар’ян Юроўскі. Паглядзеў, усё зразумеў і кажа: «Паехалі ў Ваўкавыск. Я там цябе пахмялю, а ты ўступіш у камсамол». Да таго ж ён паабяцаў аформіць адгул з аплатай рабочага дня. Так і зрабілі.
ПАРОГІ ЛЁСУ
Бадзяліся мы з Андрэем аж да вясны 1986 года, з перарывам на некалькі месяцаў 1985 года, калі я паспрабаваў аднавіцца ў БДУ. Нават паспеў з’ездзіць на бульбу і правучыцца некалькі месяцаў. А потым зразумеў, што КДБ мяне ў спакоі не пакіне, і зноў сышоў.
Дарэчы, менавіта тады я і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. У той дзень я быў у некага ў гасцях. Вяртаўся ў наш інтэрнат «пад мухай» і пераблытаў паверх. Зразумеў памылку і ўжо хацеў сысці, калі ўбачыў святло, якое лілося ў калідор з крайняга пакою.
Вырашыў паглядзець, што там такое. Аказалася, дзяўчаты святкавалі Дзень народзінаў сваёй сяброўкі і запрасілі мяне далучыцца. Сярод іх была адна, якая сядзела ў старонцы і чытала кніжку. Прыглядзеўся, па-ангельску напісана — Рэй Брэдберы. Мяне гэта моцна ўразіла. Дамовіўся, пазнаёміцца «на цвярозую галаву».
Аказалася, Інэс Берэсуэта родам з Эквадора, да нас прыехала па студэнцкім абмене. Па бацьку яна басконка. З басконскай мовы прозвішча перакладаецца як чалавек, што любіць мора.
Ніякіх рамантычных настрояў дзяўчына не выклікала, бо не па майму густу — малая ростам, 158 см. Тады мне больш падабаліся высокія і даўганогія.
Гэта я потым зразумеў, што ніякіх стандартаў тут быць не можа, бо Бог зробіць з дакладнасцю наадварот.
Пасля гэтага я паехаў у Клайпеду, дзе і працаваў докерам. Аднак хутка не вытрымаў і з’ехаў адтуль у Грузію. Дакладней, у горад Тэлаві, які вядомы па культаваму фільму «Міміно». Горад-казка, сапраўдная Грузія.
У Тэлаві шыкоўная карцінная галерэя. Князь Чахчавадзэ падарыў яе гораду. Там трыста карцін. Па адной усіх вялікіх мастакоў.
Потым мы з Андрэем вярнуліся ў Беларусь. І на наступны дзень пасля аварыі на ЧАЭС загаралі на пляжы Жлобіна, бо спёка была неймаверная.
Магчыма, менавіта тады ў Андрэя і пачалася меланома… Чатыры гадзіны на радыяцыйным сонцы. На наступны дзень мы вярнуліся ў Мінск.
Я зноў сустрэўся з Інэс. Пагаварылі і зразумелі, што кахаем адзін аднаго. Я паехаў дадому, у Ваўкавыску ўладкаваўся на завод, якія вырабляў машыны для дахавых работ. Год мы не маглі распісацца, збіралі дакументы.
Дарэчы, шмат перашкодаў было не толькі ў мяне. У Інэс таксама. Эквадор — вельмі веруючая краіна. Я для эквадорцаў быў увасабленнем ваяўнічага атэізму.
14 мая 1987 года мы пабраліся шлюбам. Я перабраўся ў Мінск. Адразу ўзніклі праблемы з жытлом. Як толькі людзі даведваліся, што мая жонка замежніца — адразу адмаўлялі ў кватэры. Ды яшчэ ў мяне ваўкавыская прапіска, у Мінску нідзе не ўладкавацца на работу.
У 1988 годзе ў Мінску нарадзіўся мой сын. У яго падвойнае імя Ян Францішак і падвойнае прозвішча Вераціла-Берэсуэта. А ў 1990-м нарадзілася дачка Ляля Марыя Эліза. Яна працуе настаўніцай пачатковай школы ў Лондане, вучыць так званых стрэсавых дзяцей з гарачых кропак.
Сын жыве ў Эквадоры. Хаця яму там вельмі няпроста, бо ён не падобны да асноўнага насельніцтва краіны — высокі, светлы. Спрабаваў нават фарбаваць валасы ў чорны колер, каб быць падобным на астатніх. Не спрацавала. У яго шмат талентаў — спартовец, вэб-майстар, музыкант, мастак. Наколькі мне вядома, зараз ён працуе ў турыстычным бізнесе.
Пасля нараджэння сына нам далі маленькі пакойчык у інтэрнаце. Яны жылі там, а я — дзе прыйдзецца. З большасці ў сяброў. Працаваць мог толькі «на халтурах».
Калі сыну было больш за год, мы на дзевяць месяцаў паехалі ў Эквадор, каб яго і мяне паказаць тамтэйшаму клану Берэсуэта.
У Эквадоры для нас, беларусаў, шмат незвычайнага. Напрыклад, там ледзь не далікатэсам лічацца марскія свінкі. На мой густ — амаль пацукі.
Дачка, як і я, нарадзілася ў Ваўкавыску, але мы зачалі яе ў Эквадоры.
Потым я вырашыў паступіць на журфак БДУ, зразумела, на завочнае аддзяленне. Па дагавору я тады супрацоўнічаў з «Вожыкам», і як фрылансер пісаў артыкулы для розных СМІ. Паступіў. Але правучыўся толькі паўгода. Здарылася гэта з-за экзамену па замежнай мове. Але не буду распавядаць пра ўсе акалічнасці.
Урэшце на дадзены момант маю паўтара курса філфаку і паўкурса журфаку.
ДА БАЦЬКОЎСКАГА ПАРОГА
Пасля сканчэння жонкай вучобы, яна з дзецьмі вярнулася ў Эквадор.
Спачатку мы падтрымлівалі адносіны, ліставаліся, размаўлялі па тэлефоне, а потым гэта ўсё сышло.
У мяне пачалася вельмі моцная дэпрэсія. Не ведаю, як змог яе перажыць. Сёння ў гэта цяжка паверыць, аднак у 1992 годзе я зняў кватэру ва Уручы за 10 долараў на месяц. Калі з раніцы сыходзіў на работу, то пакідаў там уключанымі святло, радыё і тэлевізар. Так па вяртанні першыя хвіліны мне здавалася, што ў доме нехта ёсць, бо пасля радаснага шуму жонкі і дваіх дзяцей «слухаць» цішыню было проста невыносна. Хоць ты вешайся…
Праз два гады вярнуўся ў роднае мястэчка. Спрабаваў трошку гандляваць, то бок зладзіць нейкі дробны бізнес. Хутка гэта надакучыла, і я цалкам пачаў займацца літаратурай. У Саюз пісьменнікаў уступіў у 2005 годзе, калі ён раскалоўся, і адразу пяцьдзясят чалавек, сярод якіх шмат знакавых прозвішчаў, выбралі тое, што не створана ўладамі.
Дарэчы, мяне прынялі без ужо выдадзенай кнігі. Яна паявілася крыху пазней, хаця была напісана даўным-даўно. «Разбітае сэрца Вітаўта» была намінаваная на прэмію Ежы Гедройца, і многія бачылі яе пераможцай. Замест гэтага мяне там публічна абразілі.
Аднак гісторыя кніжкі складаецца не толькі з гэтага скандалу. Некалі я надрукаваў у «ЛіМе» часоў рэдактарства нябожчыка Алеся Пісьмянкова адно апавяданне. Першапачаткова яно называлася «Разбітае сэрца Вітаўта Чаропкі». Рэдактар, каб не крыўдзіць Чаропку, зняў з загалоўка ягонае прозвішча. У выніку назва атрымалася суперская. Не адразу здагадаешся, што яна расказвае пра каханне чалавека ў розныя перыяды яго жыцця. Назва таго апавядання і стала назвай маёй першай кнігі.
У мяне ляжыць у стале ўжо 18-ы год раман «Эпоха звера». Калі Бог дасць, яго надрукуе адно прыватнае выдавецтва. Па вялікім рахунку, звер ёсць у кожным з нас, і толькі ад асобы самога чалавека залежыць, прачнуцца яму альбо згінуць назаўсёды.
* * *
Магчыма, некаторыя не пагодзяцца з такой высновай, але, на мой погляд, прычына негатыўных адносінаў да мяне збольшасці ў адсутнасці ўнутранай свабоды. Яны залежаць ад розных абставінаў, творчага славалюбства, а я ўнутрана свабодны. У тым ліку і ад гарэлкі, з якой многія звязваюць маё імя.
Фота з архіву Сяргея Верацілы
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия