Нядзеля, ваўкавыскі стадыён, 11-00. Выхаванец нашай жа спортшколы Уладзімір Валер’евіч Петроў прывязе сваю гродзенскую каманду дужыцца з нашымі футбалістамі.
Змогуць нашы даць бой? Адназначна, дадуць… Вось тыдзень таму біліся ж у Дзятлава, з 3:1 зрабілі 3:4. Ёсць характар, ёсць калектыў, ёсць трэнер, які перажывае і аддае ўсяго сябе дзецям.
Ведаеце, каманду Ваўкавыску 2003 года нараджэння амаль пасля кожнай гульні супернікі хваляць. Вось і лідчане дзякавалі за прыгожую гульню. І тэхніка такая-сякая ёсць, і хуткія нападаючыя-дрыблёры, і ў цэнтры два фантазісты, і апорнікі б’юцца да апошняга, на краях пацаны ўпартыя, хуткія, даволі дужыя, і абаронцы ўжо выклікалі цікавасць купцоў з нармальных футбольна-развітых раёнаў (дзе каманды гуляюць на першынство краіны). Пра брамнікаў пісаць не буду, пажадаю хлопцам не здавацца. Ды не ў іх, на маю думку, галоўная праблема.
Ну, не можа наш Матвей хутка рушыць па ваўкавыскаму полю, дзе мяч чапляецца не толькі за купіны, а яшчэ нейкую незвыклую бардовую траву, што нейкімі дзіўнымі фігурамі тут расце. Ды і пасля трэніровак на такой паляне, як кажа трэнер Нёмана і маладзёжнай зборнай, дзяцей навучыць футболу немагчыма…
Другая праблема – адсутнасць рэгулярных спаборніцтваў. Дзеці з Гародні, Ліды, Смаргоні з 6-8 год маюць насычаны каляндар турніраў, дзе вучацца ў вырашальны момант дакладна прабіць, зрабіць перадачу, удала сімуляваць… Які шанец супраць іх маюць нашы пацаны, што такім складам гуляюць першы год супраць супернікаў, абкатаных 4-5 сезонаў?
Кажуць, праблема тое, што збіраюцца рашаць. Калі нічога рашаць не збіраюцца, значыць няма праблемы. У Дзятлава за перамогай нашай каманды назірала рэкордная колькасць гледачоў. Больш 30 чалавек было дакладна… У гэтым райцэнтры побач стадыён, штучная пляцоўка для міні-футбола, нармальнага памеру хакейная каробка… Стадыён не схаваны на водшыбу, як быццам бы горад саромеецца свайго спартыўнага аб’екту… Вось і завітваюць туды людзі, нават з каляскамі, заўзеюць за сваіх.
Можна пісаць пра неабходнасць якаснага поля, спаборніцтваў для дзяцей, а не толькі для птушкі галачкі… Аднак, як вы думаеце, колькі ў нядзелю прыйдзе бацькоў перажываць за сваіх пацаноў футбалістаў, якія б’юцца за сябе, за каманду, за трэнера, за наш раён на полі. Хлопцы праходзяць навуку жыцця – быць часткай калектыву, не падводзіць сяброў, адпрацаваць і падтрымаць. Растуць, фізічна дужаюць, выхоўваюцца, развіваюцца. Хочацца верыць, што калі не ўсе яны стануць вялікімі зоркамі сусветнага футболу, дык талковымі, упартымі, працавітымі, паспяховымі асобамі будуць дакладна.
Толькі крыўдна, што дарослыя ваўкавычане да іх не дацягваюць. На жаль упэўнены, што 9 кастрычніка ў Ваўкавыску пацаноў падтрымае толькі трэнер, на пустым стадыёне. Тут не Дзятлава.
І застанецца на сваім полі дзве гульні – прыедзе Зэльва і Ліда. Хочацца, каб мы перамаглі ў гэтых гульнях. А яшчэ больш хочацца, каб на трыбунах сядзелі неабыякавыя людзі, якія падтрымалі пацаноў і далей развівацца. А то з кожным годам футбалістаў дзяцей усё менш. Дурняў усё больш. Давайце зробім так, каб больш дзяцей выбірала футбол. Хаця б на трыбунах. Чым розную дурату.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия