У Гродне 7 лістапада прайшоў устаноўчы сход новай грамадскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае тых маці, дзеці якіх асуджаны паводле крымінальных спраў да турэмнага зняволення па артыкуле 328, — паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Адсюль і назва новай арганізацыі – сацыяльна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух маці 328”. Першы сход прайшоў яшчэ ў жніўні бягучага года, пачаткова ў планах было стварэнне гарадской арганізацыі. Але пасля, калі да аргкамітэту далучыліся жанчыны з іншых рэгіёнаў – Ваўкавыску, Зэльвы, было вырашана рэгістраваць абласную структуру.
У кожнай з гэтых жанчын свая сямейная драма і свая гісторыя, якія яны расказваюць з непрыхаваным болем і слязьмі на вачах. Некаторыя апавядаюць пра незаконныя метады следства ў дачыненні да сваіх дзяцей ці мужоў, падмену пэўных фактаў, іншыя расказваюць пра надзвычай жорсткія ўмовы і метады ўтрымання ў турме зняволеных. Таму адной з мэтаў новай арганізацыі будзе спрыянне абароне правоў асуджаных. “Рух маці 328” збіраецца весці асветніцкую працу, а таксама дапамагаць тым, хто трапіў у бяду – як нарказалежным, так і іх сем’ям. Была расказана гісторыя, калі бацька аднаго з асуджаных маладзёнаў скончыў самагубствам – павесіўся адразу пасля прысуду свайму сыну. На мэце новага аб’яднання таксама прапаганда здаровага ладу жыцця без наркотыкаў.
На сходзе заснавальнікаў новай арганізацыі былі падрыхтаваныя ўсе неабходныя паперы для рэгістрацыі аб’яднання. У аргкамітэта ўжо былі праблемы з атрыманнем юрыдычнага адрасу, але яны пераадолены. Неўзабаве ініцыятары стварэння “Руху маці 328” пададуць усе дакументы на рэгістрацыю арганізацыі і будуць чакаць адказу з упраўлення юстыцыі. Старшынёй арганізацыі абрана пенсіянерка Ларыса Жыгар.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия