На днях на рэдакцыйную пошту сайта прыйшоў ліст чытача, у якім ён указаў на неадпаведнасць на ўказальніку назвы вуліцы Мікалая Амшэя ў Ваўкавыску.

Нагадаем чытачам пра тое, хто такі Мікалай Амшэй. Вось што пісаў дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя П.І. Баграціёна Аляксей Чарныш:

…Яшчэ перад вайной у Нізянах былі створаны школьная і калгасная камсамольскія арганізацыі. Калгасную – ўзначаліў Мікола Амшэй. Адразу пасля прыходу немцаў на першым камсамольскім сходзе ў доме Міколы Амшэя быў распрацаваны план дзеянняў ў падполлі. Вырашылі збіраць зброю і рыштунак, хаваць яе, знайшлі радыёпрыёмнік, устанавілі ў пачатку 1942 года сувязь з партызанскім атрадам імя Пажарскага. Спалілі спіртзавод, знішчылі шмат кіламетраў тэлефоннага дроту. Па лініях Падароск – Ружаны, Ваўкавыск – Ізабелін, Ваўкавыск – Зэльва. Запланавалі ўзарваць камендатуру ў Ізабеліне. Але падрыхтаваная аперацыя не ўдалася. Раніцай 22 красавіка 1942 года вёскі Нізяны і Паўлаўшчына былі акружаны нямецкімі салдатамі. Пачаліся аблавы на камсамольцаў. У гэты дзень былі арыштаваны Леанід Бакач, Мікола Амшэй, Іван Буряк, Уладзімір Заблоцкі, Міхаіл Агей, Іван Зінкевіч, Сцяпан Батвінка, Прохар Габрусь, Іван Смурага.

Іх расстралялі ў ліпені 1942 года. На месцы расстрэлу нізянскіх патрыётаў у Парахаўні пад Ваўкавыскам стаіць помнік героям-падпольшчыкам, імёны якіх засталіся на ўвесь век у памяці народнай…

pomnik_parahaunja_amshey

У самой вёсцы Нізяны ў 1965 г. усталяваны помнік – скульптура воіна і стэлы з імёнамі загінулых, у 1989 г. помнік рэканструяваны.

pomnik_nizjany

Сапраўды, пасля рамонту вуліцы Ракасоўскага, які прайшоў у 2013 годзе, усталяваны два ўказальніка з назвай вуліцы Амшэя. Пры перакладзе імя з рускай на беларускую мову не памянялася літара. А, як вядома, імя Николай па-беларуску пішацца Мікалай.

amshey

Спадзяемся, што памылка хуткім часам будзе ўхілена ўказальнікі памяняюць. Усё ж год 70-годдзя Вялікай Перамогі на двары.

А пакуль канстатуем, што артыкул 43 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» абвяшчае, што выканкамы базавага ўзроўня ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, усталяваным заканадаўствам, арганізуюць асвятленне вуліц і ўсталёўку ўказальнікаў з назвамі вуліц і нумарамі дамоў.