24 жніўня 2013 года на гарадской плошчы Свіслачы адбыўся «Свіслацкі кірмаш” – рэгіянальнае свята ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Супрацоўніцтва і культурны дыялог гарадоў Укмерге і Свіслач” у рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю, якая рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства ў рэгіёне Балтыйскага мора на перыяд з 2007 па 2013 гг.
Кірмашы ў мястэчку маюць даўнюю гісторыю і славутыя традыцыі. Нагадаем, што раней мястэчка Свіслач ўваходзіла ў Ваўкавыскі павет. На такія буйныя кірмашы, што праходзілі ў Свіслачы і Зэльве, пасылаліся спецыяльныя вайсковыя і пажарныя каманды. Упершыню кірмаш у Свіслачы адбыўся 15 жніўня 1792 годзе, дзякуючы тагачаснаму ўладальніку графу Вінцэнту Тышкевічу, пры якім горад дасягнуў свайго росквіту. Менавіта Тышкевіч, выкарыстоўваючы сваяцкія сувязі, атрымаў 16 студзеня 1783 года прывілей на штогадовы кірмаш, які праходзіў з 25 жніўня па 25 верасня. З гэтай нагоды была ажыццеўлена перапланіроўка мястэчка – у цэнтры была пабудавана гандлёвая плошча, аздобленая спічастаю пірамідаю з пазалочаным шпілем. З чатырох бакоў да яе вялі шырокія вуліцы, забудаваныя прыхожымі дамамі, пакрытымі гонтай. У самым цэнтры ўзносіўся прамавугольны гмах, вымураваны з каменя. На самой плошчы было пять пастаялых двароў для купцоў: пад Арлом, пад Аленем, Валом, Аднарожцам і Лебедзем. У адным раду знаходзілася аптэка, у другім – кафенгаўз з більярдам. Быў закладзены звярынец.
Спачатку кірмашы былі нешматлюднымі. Але паступова яны расшырыліся, прыцягвалі ўсё больш купцоў. Хутка па грашовым абароце Свіслацкі Успенскі кірмаш займаў адно з першых месц у Беларусі. Сюды звозілі свой тавар купцы з усіх куточкаў зямлі. Вялікім попытам карысталіся вырабы свіслацкіх гарбароў, карэтнікаў, сталяроў, токараў і ганчароў.
Тышкевіч шчодра і па-панску прымаў гасцей у час кірмашоў, не забываў і пра тых, “якія, жывучы з промыслаў, зарабляюць кавалак сумленнага хлеба”. Купцам, што прыязджалі з Пецярбурга, Адэсы, Кішынёва, Астрахані і іншых гарадоў, бясплатна выдзяляліся шынкі, за кожны плацілі толькі па рублю гарадскому пісару. Купцам хрысціянскага веравызнання неаднаразова раздавалі білеты ў тэатр, а габрэям на шабас, выдзялялі па некалькі фунтаў рыбы кожнаму.
Кірмаш прыцягваў усё больш і больш купцоў, суправаджалі кірмаш народныя гульні, забавы і атракцыёны: “Прызавы слуп”, катанне на каруселях, “Сокалава матка”, “Гіганцкія крокі”.
Адной з важных частак кірмашоў таго часу былі тэатральныя прадстаўленні. Пані Тышкевіч арганізавала ў Свіслачы прыгожы і элегантны тэатрык, у якім з падабранай групай аматараў разыгрывала французскія п’есы. Неад’емнай часткай тэатральных прадстаўленняў быў таксама і народны тэатр: выступленне скамарохаў, камедзіянтаў, лялечнікаў, акрабатаў, спектаклі батлейкі. Дзеі кірмашовага тэатра праводзіліся як у час гандлю, так і пасля яго. Яшчэ адной забаўкай на кірмашы былі конныя гульні. Таксама праводзіліся і маскарады – касцюміраваныя танцавальныя балы.
Свіслацкі кірмаш прывабліваў да сябе найпершыя сямействы ў краі, найслыннейшых славутасцей, найпрыгажэйшую моладзь: Сапегаў, Радзівілаў, Чацвярцінскіх, Варанецкіх, Янава-Патоцкіх, Ельскіх, Булгарынаў, Палубінскіх. Яны жылі ў асобных дворыках, адведвалі адзін аднаго, рабілі прагулкі конна, пешшу, у павозках, штодня збіраліся на абеды да графа Тышкевіча, на балі, публічныя маскарады, у тэатр.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия