Парафія святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску 13 чэрвеня адзначыла вялікую ўрачыстасць: асвячэнне новага касцёла. Па запрашэнні біскупа Аляксандра Кашкевіча і пробашча ксяндза Алега Дуля вернікаў наведаў Апостальскі Нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроці, які і здзейсніў абрад асвячэння.

Парафія св. Станіслава Косткі – была заснаваная ў 1926 годзе. Асноўнай групай вернікаў у той час былі працаўнікі чыгункі. У гэтым жа годзе быў збудаваны і драўляны касцёл. Аднак, у 1947 годзе ён быў забраны савецкай уладай і перароблены пад склад. Пазней з касцёла зрабілі жылы дом, дзе пасялілася 8 сем’яў.

vaukavysk0

Толькі ў 1997 годзе святыня была перададзеная вернікам, але ў вельмі кепскім стане. Было вырашана яе цалкам перабудаваць. За нялёгкую працу ўзяўся ў 2000 годзе кс. Андрэй Бародзіч, пад чыім кіраўніцтвам пачалася будова. У 2007 годзе працу працягнуў кс. Алег Дуль, які і завяршыў будаўніцтва новага касцёла.

vaukavysk5

На ўрачыстасць у Ваўкавыск з’ехаліся святары і вернікі з розных парафій Беларусі. Цікава, што сам касцёл ад раніцы быў зачынены аж да моманту сустрэчы Апостальскага Нунцыя. Шаноўнага госця сустрэлі хлебам і соллю пасля чаго адбыўся абрад адкрыцця дзвярэй святыні. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці тройчы стукнуў ключом у дзверы, запрасіўшы сабраных увайсці ў Божы дом.

vaukavysk002

Асвячэнне касцёла пачалося малітвай і акрапленнем сцен святой вадой. Нунцый прайшоў праз касцёл, акрапляючы будынак. Прамаўляючы Божае слова арцыбіскуп заўважыў, што гісторыя гэтай ваўкавыскай парафіі – гэта адлюстраванне гісторыі ўсяго беларускага грамадства, якое зведала няпростыя выпрабаванні.

Іерарх заклікаў прысутных быць вернымі наступніку апостала Пятра – біскупу Рыма. Гэтая вернасць можа прывесці да выпрабаванняў, але трэба быць моцнымі, таму што Касцёл збудаваны на камені, якім ёсць Хрыстос.

Пасля казання вернікі заспявалі Літанію да ўсіх святых, была прачытаная малітва пасвячэння. Абрад асвячэння святыні працягнуўся памазаннем сцен святым алеем. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці і біскуп Аляксандр Кашкевіч намасцілі сцены, пазначаючы іх знакам крыжа. Намашчэнне азначае прыналежнасць Богу. Касцёл св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску з’яўляецца святой будовай і належыць ужо толькі Госпаду.

Пасля памазання сцен святым алеем было запаленае кадзіла і духмяны водар напоўніў касцёл. Апостальскі Нунцый прайшоў праз святыню, акаджваючы яе і прысутных людзей. Дым кадзіла сімвалізуе малітвы вернікаў, якія будуць узносіцца ў новаасвечанай святыні.

Пасля акаджвання прагучаў заклік з вуснаў цэлебранса: “Няхай у касцёле яснее святло Хрыста, каб усе народы пазналі праўду”. З гэтымі словамі пробашч парафіі кс. Андрэй Дуль запаліў свечкі на сценах касцёла. Святло было запаленае ва ўсім касцёле.

Будаўніцтва касцёла св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску стала магчымым дзякуючы працавітасці і салідарнасці вернікаў. Цікава, што пробашч парафіі сам асабіста збіраў металалом, каб сабраць неабходную колькасць сродкаў на будаўніцтва. Памагалі вернікі з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску, а таксама парафіяне з парафій у Лідзе, Гродне і іншых мясцовасцей. Цяпер жа застаецца галоўная мэта: будаванне жывога Касцёла ў сэрцах людзей.

vaukavysk023

vaukavysk032

vaukavysk064

vaukavysk065

vaukavysk072

vaukavysk1

vaukavysk3

vaukavysk4

vaukavysk6

vaukavysk7

vaukavysk8

vaukavysk9

vaukavysk10

vaukavysk11

vaukavysk12

vaukavysk13

vaukavysk14

vaukavysk15

vaukavysk16

vaukavysk17

vaukavysk18

vaukavysk19

vaukavysk20

vaukavysk20_

vaukavysk21

vaukavysk22

catholicnews.by