Апошнім этапам сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» ў сыходзячым годзе стала Гродзенская вобласць. Незвычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры сабралі больш за 3 000 вучняў малодшых класаў у 25 школах Гродзеншчыны.
Ужо больш за 14 000 вучняў 2-3 класаў з чатырох рэгіёнаў Беларусі паўдзельнічалі ў адукацыйнай праграме.
Галоўная задача праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – развіць цікавасць у малодшых школьнікаў па ўсёй краіне да беларускай мовы, літаратуры і культуры. Для гэтага распрацавана спецыяльная інтэрактыўная праграма. Праводзяць заняткі незвычайныя настаўнікі – вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты і акцёры: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алёна Масла, Наталля Бучынская. Настаўнікамі праекта часта становяцца беларускія спартоўцы і тэлевядучыя. Ініцыятарам «Чытаем па-беларуску з velcom» з’яўляецца кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Школы і гімназіі Ліды, Ваўкавыска, Смаргоні, Навагрудка і Слоніма прынялі ўдзел у адукацыйнай праграме ў лістападзе і снежні. У Гродна займальныя ўрокі сацыяльнага праекта прайшлі адразу ў дзевяці ўстановах адукацыі ў адзін дзень.
Спецыяльны ўрок, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, прайшоў у гродзенскім Новым Замку. У ім прынялі ўдзел вядомыя беларускія пісьменніцы Раіса Баравікова і Алёна Масла, тэлевядучыя Юрый Жыгамонт і Аляксандр Улейчык, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея-комплексу каралеўскіх палацаў — Новага і Старога Замка — Юрый Кітурка, загадчыца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алена Рапінчук, а таксама больш за 100 вучняў Гродзенскай гарадской гімназіі. Дзеячы культуры разам з малодшымі школьнікамі чыталі вершы паэта і гарталі старонкі яго біяграфіі.
«Удзел у праекце «Чытаем па-беларуску з velcom» дае магчымасць сустрэцца з дзецьмі, для якіх, па сутнасці, і пішуцца казкі. Відаць, гэта і ёсць самая кароткая дарога да чытача – непасрэднае знаёмства. Расказаць ім пра сваіх герояў, і, што вельмі важна, атрымаць адваротную сувязь ад свайго чытача. Ну, а перадусім — зрабіць імгненні яднання з роднай мовай яшчэ больш яркімі і пазнавальнымі», – расказала дзіцячая пісьменніца Наталля Бучынская.
За год існавання праекта вучні 110 школ Мінска, Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей сустрэліся з вядомымі пісьменнікамі, паэтамі, спартоўцамі і тэлевядучымі. Падобныя ўрокі атрымліваюцца сапраўды яркімі і запамінальнымі. Нядзіўна, што за час існавання ініцыятывы арганізатары пастаянна атрымліваюць лісты з просьбамі пра правядзенне падобных урокаў у гарадскіх і сельскіх школах. Каманда «Чытаем па-беларуску з velcom» адгукаецца на запыты ад устаноў адукацыі. Так, на Гродзеншчыне ўрок праекта прайшоў у сельскай беларускамоўнай школе ў аграгарадку Квасоўка.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия