20 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб наданні палкоўніку міліцыі Ігару Яўсееву чарговага звання — генерал-маёра. «Наша Ніва» прапануе ўзгадаць некаторыя моманты з біяграфіі 45-гадовага генерала.
Не першы генерал з Росі
Нарадзіўся ў мястэчку Рось Ваўкавыскага раёна. Гэта не першы генерал з гэтых мясцін. У Росі таксама нарадзіўся брыгадны генерал Войска Польскага Рамуальд Валынцэвіч. У мястэчку ёсць вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Бацька Яўсеева, дарэчы, і быў будаўніком, а маці — настаўніцай. Хаця сам міліцыянт прызнаваўся, што гадавалі яго бабуля з дзядулем. «Быў распешчаным і слабападрыхтаваным да жыцця», — так ацэньваў Яўсееў перыяд дзяцінства.
Пасля васьмі класаў пайшоў вучыцца ў Пружанскі сельгастэхнікум. Казаў, што ў той час быў вельмі грамадска актыўным. У прыватнасці, займаўся музеям Вялікай айчыннай вайны. Пісаў лісты і асабіста сустракаўся з многімі ўдзельнікамі той вайны.
Спецназ ГРУ і ахова Лукашэнкі
У войска Яўсееў трапіў у трэцюю брыгаду спецназа ГРУ ВПС (Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Вайскова-паветраных сілаў), якая дыслакавалася ў той час у ГДР. Элітныя войскі. Развал СССР сустрэў участковым у Пружанскім РУУСе. Працаваў у ахове Лукашэнкі яшчэ ў першыя гады прэзідэнцтва. Займаў пасаду намесніка начальніка УУС Мінскага райвыканкама. Пасля стаў начальнікам Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС на транспарце.
Усмірыцель Плошчаў
Але Яўсеева на слыху стала, як ён заняў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мінгарвыканкама. У непасрэдныя абавязкі Яўсеева ўваходзіла сачэнне за масавымі акцыямі і іх уціхаміраванне (найчасцей шляхам разгону). Не цураўся і сам прымаць удзел у збіцці. Напрыклад, усім добра памятаецца, як ад Яўсеева у першыя дні пасля Плошчы пацярпеў фатограф Уладзь Грыдзін. Яўсееў быў адным з галоўных дзеючых персанажаў падчас самой Плошчы. Ён хадзіў на перамовы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Чым скончылася Плошча, няма нагоды лішні раз нагадваць. Пасля яе Яўсееў трапіў у спісы неўязных на тэрыторыю Еўрасаюза пад нумарам 84.
«Хлопаць можна толькі ветэранам»
Пасля Яўсееў быў відным дзеячам падчас «Стоп — бензіну» і маўклівых акцый пратэсту. Каардынаваў і камандаваў разгонамі менавіта ён. Выкарыстоўваючы і нецэнзурную лексіку (глядзіце відэа; на Акрэсціна яго ніхто за гэта не пасадзіў). Перад маўклівай акцыяй на Дзень Рэспублікі Яўсееў адзначыў, што апладзіраваць можна толькі ветэранам.
«Міліцыянер — гэта лад жыцця»
Апошнім часам Яўсееў не турбуе жыхароў сталіцы. Яго прызначылі кіраўніком Віцебскай абласной міліцыі. Яшчэ яго выбралі старшынёй Віцебскай абласной федэрацыі хакея. Дарэчы, замяніў таксама міліцыянта — Найдзенку. На людзях Яўсееў з’яўляўся ў форме, поўнай медалёў. Кажа, што вельмі падабаюцца віцебскія вуліцы, бо на іх няма мітусні.
У прыватным жыцці Яўсееў жанаты, мае траіх дзяцей. Кажуць, што фотаздымак сям’і стаіць у яго на працоўным месцы. Лічыць, што «міліцыянер — гэта лад жыцця».
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия