“Падыміце вочы,рабы, на продкаў вашых гербы.
Падыміце вочы, рабы, на Грунвальдскія сцягі”
З песні Віктара Шалкевіча
15 ліпеня 1410 года аб’яднанае войска Вялікага Князтва Літоўскага і Кароны Польскай перамаглі на Грунвальдскім поле магутны Теўтонскі ордэн. Гэта лёсавызначальная перамога ўвайшла ў гісторыю Беларусі як выбітны прыклад вайсковага майстэрства і надзвычайнай мужнасці беларускіх ваяроў.
“ У год ад пачатку свету 6921,а ад Божага нараджэння 1410 пачалася вайна караля Польскага Уладзіслава Ягайлы і брата ягонага Вялікага князя літоўскага Вітаўта з немцамі прускімі. І сабралі яны войскі вялікія з абодвух бакоў. З аднаго боку кароль Ягайла з усёю моцаю Кароны Польскай, а князь вялікі Вітаўт з усімі сіламі літоўскімі і рускімі і са шматлікімі татарамі ардынскімі. А з другога боку магістар прускі са сваімі сіламі і з усёю сілаю нямецкаю . І калі войскі з абодвух бакоў былі гатовыя кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт пайшлі на бітву усімі благімі дарогамі, а поля роўнага ды шырокага , дзе маглі для бітвы спыніцца, не знаходзілі, бо палі роўныя ды вялікія былі толькі пад местам нямецкім Дуброўнай.” Так сціпла пачынаецца пра сечу пад Дуброўнай у “Хроніцы Быхаўца”.
Гісторыя цікавая і не вельмі, далёкая і блізкая, часцей за ўсё забытая. Час імкліва нясе Беларусь у нейкую светлую будучыню, пакідаючы ззаду сівыя пакрытыя імхом стагодзі. А разам з імі дзяржавы, гарады, цэлыя культуры. Не кажучы ужо пра чалавечыя лёсы ….. 1410 год спякотнае лета , Гародня, Каложа над Нёманам. Шматпакутная Беларуская зямля збірае сваіх ваяроў у паход. Якім ён будзе, ніхто тады яшчэ не ведаў. Разумелі адзінае, што зямля , якая корміць сваім хлебам , спаталяе смагу са сваіх крыніцаў не можа сама сябе абараніць. Гэта святая справа тых, хто есць хлеб гэтай зямлі,п’е яе ваду. Гарадзенцаў, наваградцаў, лідчукоў, харугвы з Ваўкавыску, Крэва, Берасця і многіх іншых мястэчак сабрала ля Святой Каложы Пагоня. Яны стаялі на гэтых пагорках, на галавах у іх былі жалезныя шаломы, рукі у жалезных наручах, грудзі і шырокія плечы пакрыты жалезнымі латамі. Сонца зіхацела адбіваючыся ў бляску жалеза. Жалезныя людзі з жалезнай верай. Верай у перамогу. Таму, што вёў іх у паход жалезны князь Вітаўт. Вёў на Нямецкі Ордэн , каб паставіць апошнюю кропку ў амаль 200-гадовай вайне на беларускай зямлі. Быць ці не быць, звацца людзьмі ці ператварыцца, як прусы, у легенду. Яны пайшлі і паклалі на поле пад Дуброўнай цвет еўрапейскага рыцарства. Вярнуліся з перамогай і ніводзін прускі бот 500 гадоў не ступаў на нашую зямлю.
Ці ведаем мы бітву пад Дуброўнай? Палякі памятаюць і шануюць Грунвальд, кожны летувіскі шкаляр ведае, што Жальгірыс ёсць слынная перамога летувіскіх ваяроў. А беларусы святкуюць 23 лютага,7 лістапада, ганарацца чужымі перамогамі над сабою,услаўляем Суворова, Пятра Першагаі забываемся на Вітаўта. Астрожскага, Хадкевіча,Касцюшку.Каліноўскага.
Ушануйма жа годную памяць лепшых сыноў Беларусі , што паклалі свае галовы за Волю, Незалежнасць нашае Бацькаўшчыны!
Эдвард Дмухоўскі, Гарадзенская вясна
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия