Радыё Свабода працягвае адсочваць сітуацыю з высяленнем сем’яў з інтэрнатаў:
У Ваўкавыску з двух інтэрнатаў — па вуліцы Панковай, 58 і Калініна, 1 — хочуць выселіць звыш 200 сем’яў на падставе рашэньня райвыканкаму ў сувязі зь перадачай іх ад цяперашніх уладальнікаў — ААТ «Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын» і ААТ «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод» — у камунальную ўласнасьць горада. Іншага жыльля людзям не прапаноўваюць.
Інтэрнат на вуліцы Панковай, 58 — дзевяціпавярховы будынак, тут жывуць 185 сем’яў — каля 460 чалавек. Сярод іх дзеці, пэнсіянэры, інваліды. Інтэрнат на самай горцы, зь яго як на далоні відаць увесь Ваўкавыск. Здалі яго ў эксплюатацыю 23 гады таму. Мікрараён даўно абжыты, з крамамі, школамі, дзіцячымі садкамі. Побач дабудоўваюць праваслаўны храм.
Жыхары інтэрнату вельмі напалоханыя рашэньнем райвыканкаму. Нягледзячы на тое, што сёньня працоўны дзень, у адзін з пакояў сабралася шмат жыльцоў. Яны даведаліся: інтэрнат перадаюць на балянс камунальных службаў з той нібыта прычыны, што дом у аварыйным стане.
Распавядаюць, што пэрсанальных паведамленьняў на рукі яшчэ не атрымлівалі, але ў фае ўжо вісіць рашэньне гарвыканкаму, дзе чорным па белым запісана ў пункце 1.1, што «прыняцьце ў камунальную маёмасьць інтэрнатаў магчыма пры ўмове поўнага іх вызваленьня ад жыльцоў». Усе кажуць, што ня маюць куды ісьці.
Спадарыня: «Ну вось запісана: выселіць людзей да 15 кастрычніка 2014 году. Нічога не сказаўшы нам, проста паставілі перад фактам. А гэта 400 чалавек, 189 сем’яў — пытаньне стаіць вельмі востра. Тут сем’і зь дзецьмі, інваліды, пэнсіянэры, якія не адзін дзясятак гадоў адпрацавалі на заводзе».
Спадарыня: «Куды мне падзецца? Я адпрацавала на заводзе ДБАМ 25 гадоў да пэнсіі, працавала ў цяжкіх і яшчэ і шкодных умовах. 23 гады жывём, з пачатку засяленьня гэтага інтэрнату. Куды мне цяпер падзецца? Грошай пабудаваць кватэру ў мяне няма».
Спадарыня: «Мы гэтае жыльлё падтрымліваем, як можам. Самі робім рамонты, сантэхніку памянялі, ва ўсіх рамонты паробленыя. А цяпер сядзіш і плачаш, бо яго губляеш. Страшна проста».
Спадарыня: «Ну, а мне што рабіць? Ісьці да сьмерці на кватэры жыць? Куды я пайду? Я нікуды не пайду, няхай мяне выносяць ужо ўперад нагамі адсюль, бо мне няма куды ісьці».
У пакой заходзіць маладая спадарыня зь дзіцем на руках, хлопчыку ўсяго два месяцы. Вось што яна кажа:
Спадарыня: «А старэйшай дзяўчынцы маёй 5 годзікаў. Да ўсяго, я яшчэ і апякун. І куды яны хочуць нас высяляць і на падставе чаго? Яны давалі нам блёк — ведалі, што я апякун. Цяпер у мяне малое дзіця, і куды я пайду? А даваць нічога ня хочуць. Ну куды мне ісьці з малымі дзецьмі?»
Яшчэ адна маладая спадарыня кажа, што Ваўкавыск — невялікі горад, і ўсе каб нават хацелі, то кватэраў не панаймаюць.
Спадарыня: «Ну вось мне 30 гадоў, а пэрспэктывы на жыльлё ніякай — 3 мільёны заробак, наняць кватэру — 200 даляраў, да гэтага яшчэ камунальныя. Крэдыт ніхто ня дасьць, жыву адна, і я ня ведаю — што рабіць? Класьціся і паміраць…»
Людзі распавядаюць, што ўсе рамонты ў інтэрнаце рабілі заўсёды за свае грошы, ніколі нічога не прасілі. І цяпер гатовыя, каб у іх мянялі вокны, дзьверы — яны згодныя плаціць, але гэтым ніхто не займаецца. Вялікае зьдзіўленьне ў іх выклікаў той факт, што дом раптам прызналі аварыйным, хоць ніякіх камісіяў нават не было.
Спадарыня: «Прабачце, але звычайна, каб дом прызналі аварыйным, людзі гадамі абіваюць парогі, вось такія стосы папераў зьбіраюць, прыяжджаюць розныя камісіі, і не раней як праз 3–4 гады атрымліваюць вынік — і гэта без высяленьня людзей. А тут на працягу 10 дзён усё вырашылі. Як такое магчыма?»
Людзей вельмі пакрыўдзіла, што ніхто з кіраўніцтва прадпрыемства не прыйшоў і не пагаварыў зь імі, не абмеркаваў гэтае праблемы. Не зьявіліся і чыноўнікі з выканкаму. Адна з спадарынь прапаноўвае працытаваць пункт з рашэньня выканкаму пра тое, як іх зьбіраюцца высяляць.
Спадарыня: «Нас паставілі перад фактам, што старшыні РАУС, старшыні Ваўкавыскага суду, Ваўкавыскаму міжраённаму аддзелу КДБ, Сьледчаму камітэту загадалі дапамагчы ў высяленьні людзей. Гэта значыць — выкідваць нас, як сьляпых кацянят, на вуліцу. І мы гаворым пра Ўкраіну, абураемся, а ў нас у Ваўкавыску свая сытуацыя горшая, чым ва Ўкраіне…»
Адзінае, пра што спадарыні рашуча заяўляюць — будуць змагацца. І палохаюць прэзыдэнтам, бо мясцовыя ўлады ня хочуць зь імі лічыцца.
Падобная сытуацыя і ў пяціпавярховым інтэрнаце на вуліцы Калініна, 1. Адзін з жыльцоў распавёў, што некаторыя ўжо атрымалі пэрсанальныя паведамленьні, згодна зь якімі мусяць пакінуць памяшканьне да 1 ліпеня.
Спадар: «Ой, людзі там ужо даўно хвалююцца. Як атрымалі гэты дакумэнт, то валяр’янка пайшла ў ход, паніка, асабліва ў жанчын…»
Міхал Карневіч
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия