У папяровым альбоме і на старонцы albom.pl сабрана амаль 800 адсканаваных фатаграфій, якія ахопліваюць гісторыю беларуска-польскага памежжа. Тут польскія Кляшчэлі і Гарадок, беларускія Сапоцкін, Лунна, Воўпа і Ваўкавыск, а таксама Камянец.
Пра гісторыю стварэння альбома і пра сумесны праект расказвае адзін з каардынатараў з беларускага боку, прадстаўнік выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка” Эдуард Дмухоўскі:
— У мінулым годзе разам з беластоцкім грамадскім аб’яднаннем “Відок” мы рэалізоўвалі такі праект на памежжы Беларусі і Польшчы. Прыязджалі ў вызначаныя мястэчкі і збіралі аповеды, успаміны і, самае важнае, фатаздымкі прыватных альбомаў, гісторыю сем’яў. Як яны жылі ў ХХ стагоддзі і як захавалі памяць сваіх сем’яў. У выніку гэтай працы паўстаў фотаальбом з найцікавейшымі фатаздымкамі, што распавядаюць гісторыю беларуска-польскага памежжа, а па сутнасці гэта гісторыя агульнага краю, таму што мяжа штучна падзяліла людзей. Лёсы гэтых людзей вельмі падобныя: калектывізацыя, савецкія рэпрэсіі, першая вайна, другая вайна, рэвалюцыя, бежанства. Усё ХХ стагоддзе. Цяпер мы можам прадставіць гэты альбом на абмеркаванне грамадскасці. Праца была вельмі цікавая, нават прыгодніцкая. Гэта, можна, сказаць фатаграфічная археалогія. Напрыклад, у мястэчку Кляшчэлі мы знайшлі на паддашку цэлае сховішча негатываў у доме, дзе калісьці жыў мясцовы фатограф. Людзі нам казалі: “Не хадзіце туды, бо там нічога няма”. Мы гэтыя негатывы выбіралі з кастрыцы стопкамі і назбіралі чатыры ці пяць мяхоў.
Па словах Эдуарда сам альбом — гэта агромністая праца, і яе трэба працягваць рабіць, бо “мы збіраем здымкі і неверагодныя гісторыі, пакручастыя лёсы людзей, і гэтым альбомам пакладзены пачатак добрай працы”.
Альбом можна замовіць у Горадні ў прадстаўнікоў выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка” і ў незалежных распаўсюднікаў.
Андрэй Мялешка, budzma.by
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия