Раніцай 6 ліпеня 2014 г. у г. п. Рось, недалёка ад царквы пры правядзенні земляных прац – капанні траншэі для газавай трубы – каўшом экскаватара быў адкрыты грашовы скарб, які адразу ж быў разрабаваны на месцы знаходчыкамі. Хутка чуткі дасягнулі мясцовых жыхароў, якія таксама сталі шчаслівымі ўладальнікамі шматлікіх манет. Ад розных людзей удалося сабраць інфармацыю аб знаходцы: першапачаткова ўсіх манет было не менш за 3500 экзэмпляраў. Старэйшая манета датуецца 1875 г., малодшая – пфенінгі Нямеччыны 1942 г. Можна зрабіць вынік, што скарб быў ухаваны ў самы разгар Вялікай Айчыннай вайны, аднак, не раней за 1942 г. Па дзяржаўнай прыналежнасці ўсе манеты можна падзяліць на наступныя групы:
- Нямеччына (1875 – 1942 гг.). Шматлікія наміналы (1, 2, 5, 10, 50 пфенінгаў) ў цынку, медзі, латуні, нікелі, мельхіоры (у розныя часы для вытворчасці манет выкарыстоўваўся шэраг металаў і іх сплаваў).
- Польшча (1923 – 1939 гг.). Шматлікія наміналы (1, 2, 5, 10, 20, 50 грошай, 1 злоты) ў бронзе і нікелю.
- Расійская імперыя (канец XIX – пач. XX стст.). ½ капейкі. Медзь.
Асноўную масу манет складалі нямецкія эмісіі, значна менш – польскія і адзінкавыя расійскія манеты. Вельмі цікавым падаецца той факт, што ў складзе скарба прысутнічаюць выключна мелкія наміналы, вырабленыя не з каляровых металаў. Хаця буйныя срэбраныя наміналы не былі рэдкімі ў тыя часы і былі ў абарачэнні на нашых землях. Манеты, якія складаюць склад скарба, павінны былі быць адначасова ў абарачэнні. Абсалютна нелагічным складам выдзяляецца гэты дэпазіт: цалкам нерэальным выглядае суседства германскіх манет апошняй чвэрці XIX ст. і ваенных пфенінгаў. Адначасова ў грашовым абарачэнні на тэрыторыяі Беларусі яны быць не маглі. Нават у самой Нямеччыне гэтыя наміналы не сустракаюцца разам!!! Аналагаў такога складу скарба на Беларусі пакуль не зафіксавана.
Каштоўнасць дадзеных манет у фінансавым вызначэнні невялікая – гэтыя наміналы біліся велізарнымі тыражамі і вельмі распаўсюджаныя сярод калекцыянераў і нумізматаў. Нашмат большую цікавасць прадстаўляе дадзены комплекс для навукі. Як гісторыка-культурная каштоўнасць манетны скарб дае цікавую інфармацыю аб грашовым абарачэнні на нашых землях і ролі тых ці іншых манет на мясцовым рынку. Не захаванне такога вялікага і ўнікальнага скарбу, як адзінага комплекса, гэта сапраўдная страта для гісторыі Ваўкавышчыны і ўсёй краіны.
P. S. Невялічкая частка манет (54 экзэмпляра) усё ж такі патрапіла ў Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя П. І. Баграціёна. Адзначу, што музей не мае ў сваёй калекцыі ніводнага цэлага манетнага скарба.
Андрэй Карач
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия