У сераду ў межах візыту ў Беларусь міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведае Горадню, а прыватным парадкам пабывае на могілках і ў польскай школе ў Ваўкавыску, родным горадзе сваёй маці. Карэспандэнт Радыё Свабода сустрэўся з палякамі Ваўкавыску, каб пацікавіцца — чаго яны чакаюць ад візыту міністра.
З прадстаўнікамі непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў мы аглядаем вайсковыя могілкі ў Ваўкавыску, якімі яны апякуюцца. Усё прыбрана і выглядае як мае быць. Адна з спадарынь сумна заўважае, што адшукаць на ваўкавыскіх могілках магілы родных міністра Вашчыкоўскага спрабавалі, але не знайшлося нікога, хто б ведаў хаця б прозвішча ягонай мамы.
Мае суразмоўцы, паколькі адносяцца да непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў, просяць не называць іхніх прозвішчаў і не рабіць здымкаў, бо ня хочуць праблемаў з мясцовымі ўладамі.
— З 2005 году, калі Саюз палякаў быў падзелены, з таго часу яго апазыцыйная частка існуе нелегальна, з намі не размаўляе ўлада, мы ня маем памяшкання, дзе сабрацца, ня можам праводзіць рознага кшталту мерапрыемствы. І нічога за гэты час не змяняецца, — кажа спадарыня сярэдняга веку.
А таму — падагульняе яна — першае, на што мы спадзяёмся, — гэта што міністр Вашчыкоўскі ўрэшце абмяркуе гэтую праблему з беларускімі ўладамі, каб нас не дзялілі на праўладных і апазыцыйных. Мы ж толькі нацыянальная меншасць, а не палітычная партыя, і ўсе нашы правы зафіксаваныя ў Канстытуцыі краіны.
— Што можна казаць пра нашы справы — дадае эмацыйна іншая спадарыня, — калі нашу старшыню Ваўкавыскага аддзелу непрызнаванага Саюзу палякаў не пускаюць у польскую школу 1 верасьня, каб яна ўручыла дзеткам буквары.
Мужчына сярэдняга веку распавядае, што ў польскай школе цяпер 254 вучні, і большасць выпускнікоў, літаральна каля 90%, паступаюць у ВНУ. Прычым каля 70% выпускнікоў ідуць у польскія ВНУ.
— Ведаеце, мы бачым, як уладам не падабаецца, што большасць дзяцей едзе далей навучацца ў Польшчу. Але едуць ня ўсе, многія сканчаюць прэстыжныя беларускія ВНУ. Дык чаму тут не стварыць умовы, каб дзеці імкнуліся ўсе паступаць у беларускія ўнівэрсытэты і іншыя навучальныя ўстановы? Зрэшты, многія і пасля навучання ў Польшчы вяртаюцца ў Беларусь. Але што іх тут можа чакаць? Працаваць няма дзе, заробкі малыя — маладыя людзі ня хочуць так жыць.
Цікаўлюся ў маіх суразмоўцаў — чаго яны чакаюць ад візыту міністра Вашчыкоўскага, пра што хацелі б яго прасіць і што, на іх погляд, варта зрабіць, каб стасункі Польшчы і Беларусі былі больш цеснымі?
Першае, пра што кажуць людзі, — што на тую сустрэчу нікога з непрызнаванага Саюзу палякаў улады папросту не дапусцяць. А ўжо па-другое, абсалютна ўсе заяўляюць: трэба спрасціць візавы рэжым, каб людзі маглі спакойна ездзіць з Беларусі ў Польшчу і з Польшчы прыязджаць да нас.
— Паглядзіце, мы жывём літаральна за 30 кілямэтраў ад Польшчы, — кажа разважлівы спадар, — а людзі маюць такія праблемы з тым, каб паехаць да родных, каб яны маглі прыехаць да нас. Нам патрэбныя ня толькі эканамічныя і палітычныя стасункі, нам патрэбна чалавечае сумоўе, бо ў нас там жыве шмат родных людзей. Я запрашаў свайго дзядзьку ў госьці, а ён кажа, што праблема, бо цяжка атрымаць тую візу. Грошы заплаціш, а яны даюць толькі аднаразовую. То прасцей паехаць недзе па Еўропе адпачыць.
А вось яшчэ думка маладога чалавека:
— Наагул, варта мець добрыя стасункі з усімі суседзямі, ня толькі з Польшчай, а і з Літвой, Украінай, Расеяй. Трэба, каб нашы людзі мелі магчымасць бываць па свеце, глядзець, дзе што ёсць лепшае, і імкнуцца да лепшага. А ня так, як у нас цяпер праз тэлевізар толькі хваляцца, што ў нас усё найлепшае, а параўнаць у большасці з тым, што ёсць у іншых краінах, магчымасці няма.
Яшчэ адна маладая спадарыня распавядае, што адвучылася ў Польшчы, вярнулася ў Ваўкавыск, але працы так і не знайшла па спэцыяльнасьці. Для яе вельмі важна, каб не знікала польская культура, каб у яе дзяцей магло быць польскае асяродздзе і каб развіваліся эканамічныя стасункі паміж нашымі краінамі.
— Цяпер тут немагчыма зарабіць, але мы жывём па-суседзку з Польшчай. То калі там ёсьць адпаведная праца, а ў мяне адпаведная адукацыя, то чаму не зрабіць так, каб людзі маглі спакойна ездзіць у той самы Беласток на працу? Мы тут цяпер папросту выжываем, паўсюль звальняюць з працы, скарачэньні, ісьці няма куды.
Двое спадароў звяртаюць увагу перш за ўсё на эканамічныя стасункі паміж Польшчай і Беларуссю.
— Вельмі б хацелася, каб адкрываліся сумесныя прадпрыемствы з палякамі, прычым у розных сфэрах, бо палякі ўжо даволі далёка прасунуліся ў тэхналёгіях. І нашы людзі мелі б працу, і палякам было б выгадна. Мы ж у Мытным зьвязе, рынак вялікі. То чаму б у Беларусі не вырабляць, а потым адпраўляць прадукцыю на ўвесь Мытны звяз? Рынак жа неабсяжны.
— А я хачу сказаць, што мы павінны працаваць з усімі бакамі, а ня так, як цяпер — да адных тылам павярнуліся, а да другіх тварам. І яшчэ, што самае галоўнае, на мой погляд, — мы павінны ведаць і шанаваць нашу гісторыю. Вось у нас паставілі знак «На Грунвальд», а дзяцей каго ні запытай, ніхто ня ведае. А наш ваўкавыскі полк быў у першых шэрагах падчас гэтай бітвы, разам з польскімі і жмудзінскімі воінамі, і амаль цалкам загінуў. Так што нашы продкі сваю зямлю разам баранілі, і гэтага забываць нельга. А то нас цяпер невядома чаму вучаць, што наша гісторыя пачалася з 1917 году.
Міхал Карневіч, паводле Радыё Свабода
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия