У мінулую пятніцу ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі нашага вядомага земляка — мастака, педагога, філакартыста, грамадскага дзеяча, члена саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі Вячкі Целеша «Адсюль наш род, тут мой прычал».
Вячка Целеш нарадзіўся ў 1938 годзе ў Чырвоным Сяле, цяпер пасёлак Краснасельскі, як сам кажа, «за польскім часам».
У пасёлку прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, тут створаны яго першыя карціны. З 1958 года ён жыве у Латвіі, дзе закончыў Акадэмію мастацтваў. У 1961 годзе вучыўся ў мастацкай студыі, а ў 1961–1964 гадах служыў у войску ў Вільні, дзе ў той жа час наведваў мастацкую студыю Палаца чыгуначнікаў. У 1975 годзе скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Карціны мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах розных краін свету. Ён узнагароджаны ордэнам Трох Зорак — вышэйшай узнагародай Латвіі. Імя Вячкі Целеша ўнесена ў каталог «Сусветны экслібрыс», у міжнародны каталог «Мініяцюрная графіка і экслібрыс» (Пекін), у «Сусветную 80-томную энцыклапедыю мастакоў усіх часоў і народаў». Дасканала валодае як рускай і латышскай мовамі, так і роднай беларускай.
Сустрэча працягвалася амаль две гадзіны. Вячка Целеш расказаў пра кнігу-радавод «Адсюль наш род, тут мой прычал» пра род Целешаў, якія паходзяць з Краснасельскага.
Прэзентацыя кнігі раней адбылася ўжо ў Рызе, Гародні, Мінску і Краснасельскім і была прымеркавана да стагоддзя цэмзавода, за што Вячаслаў Міхайлавіч выказаў асобную падязку кіраўніцтву завода.
Мастак адзначыў, што не мае аніякіх дывідэндаў ад выдавецтва сваіх кніг, а працуе над кнігамі таму, што ў часы татальнай абыякавасці і невуцтва камусьці неабходна змагацца за захаванне культурнай спадчыны Беларусі і ўшанаванне памяці продкаў.
Для падрыхтоўкі выдання Целеш знайшоў інфармацыю пра паўсотню сваякоў-Целешаў, якія цяпер жывуць у розных кутках свету. Як адзначыў аўтар, кніга не прадаецца ў кнігарнях, бо большую частку ён разаслаў сваякам.
Да агульнага задавальнення прыстуных у міні-латарэі разыгралі два асобнікі кнігі-радавода.
Таксама спадар Вячка распавёў аб сваёй біяграфіі, пра гісторыю выдання сваёй кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках». Мастак агучыў планы па арганізацыі выставы ў сталіцы Беларусі ў бліжэйшы час і што цяпер працуе над кнігай «Беларускія мастакі ў Латвіі», адказаў на пытанні прысутных.
Напрыканцы сустрэчы Вячку Целешу былі ўручаны сувеніры.
Фота Natalie Demidova
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия