Сёлета ў Беларусі будуць ладзіцца мемарыяльныя выставы, прысвечаныя памяці славутага мастака-пейзажыста Станіслава Жукоўскага.

Сябры творчай суполкі “Абуджэнне”, Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка вырашылі доўга не зацягваць з гэтым творчым праектам і ўжо 20 сакавіка наладзіць сваю выставу ў гонар нашага вялікага земляка, класіка рускага, польскага і беларускага жывапісу канца ХІХ – першай паловы ХХ ст.

lida_sustrecza

Тым больш, што сваю першую супольную выставу яны ў сёлетнім лютым правялі ў Пружанах, там, дзе будучы мастак правёў сваё дзяцінства. Выстава ў Ваўкавыску звязана з тым, што менавіта ў маёнтку Ендрыхаўцы пад Ваўкавыскам нарадзіўся ў 1873 годзе Станіслаў Жукоўскі.

Таму сярод твораў выставы ёсць некалькі прысвячэнняў С. Жукоўскаму і яго малой Радзіме. Мастакі прысвячаюць нашаму вялікаму маэстра-пейзажысту і іншыя свае жывапісныя і графічныя краявіды. Іх яднае з вялікім папярэднікам тое, што ўсе яны з вялікім захапленнем на працягу многіх гадоў малююць з натуры і знаходзяць усё новыя каларытныя матывы роднай беларускай прыроды.

фото лида 100

Ваўкавыск суполка “Абуджэнне” наведвае ўпершыню за некалькі гадоў ад свайго стварэння. Мастакі-“абуджэнцы” вандруюць па розных рэгіёнах Беларусі і па-новаму прыадчыняюць для сябе і сваіх гледачоў красу і багацце нашай краіны, прыносяць у дар многія з сваіх твораў музеям, у якім ім дадзена магчымасць выстаўляцца.

PICT0025

Перад адкрыццём выставы мастакі правядуць жывапісны плэнэр на вуліцах Ваўкавыска, падчас адкрыцця выставы наладзяць майстар-клас для мясцовых аматараў мастацтва. Яны спадзяюцца, што родны край Станіслава Жукоўскага будзе заўсёды шанаваць свайго вялікага творцу, а таксама новыя пакаленні мастакоў будуць нараджацца на маляўнічай Ваўкавышчыне.

PICT0032

Адкрыццё выставы адбудзецца а 15-й 20-га сакавіка ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі імя П.І. Баграціёна.

Гісторык Павел Апановіч