Гарадзенскі гісторык Генадзь Семянчук атрымаў папярэджанне ад адміністрацыі ўніверсітэту. Згодна з ім, з 27 студзеня 2015 года заканчваецца працоўны кантракт, які не будзе працягнуты.
Як расказаў сам Генадзь Семянчук, у папярэджанні ніяк не тлумачыцца такое рашэнне адміністрацыі ўніверсітэту. Акрамя гэтага гісторык пакуль вырашыў устрымацца ад каментарыяў.
Генадзь Семянчук – вядомы гісторык і археолаг. Нарадзіўся ў 1963 г. у Ваўкавыску. Скончыў гістфак ГрДУ ў 1985 годзе, аспірантуру па спецыяльнасці «Археалогія» (пад кіраўніцтвам Г. Штыхава) у Інстытуце гісторыі НАН у 1990 г., абараніў дысертацыю ў 1993 годзе. Працаваў на кафедры археалогіі і этналогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, якую год назад, пры злучэнні гістфака з факультэтам турызму, таксама рэарганізавалі.
На гэтым тыдні стала таксама вядома, што кантракт не будзе працягнуты з гісторыкам Святланай Куль-Сяльверставай. У яе выпадку звальненне тлумачыцца нібыта «малой публікатарскай дзейнасцю».
Цягам апошніх некалькіх год з гістфака ГрДУ былі звольненыя таксама гісторыкі Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, Андрэй Чарнякевіч і Вольга Сабалеўская.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия