Падчас футбольнага матчу ў Маладзечне затрымалі маладога заўзятара з бел-чырвона-белым сьцягам. Той распавёў, што набыў гістарычную сымболіку Беларусі ў symbal.by. Пасьля гэтага ў офіс крамы, што займаецца продажам нацыянальных сьцягоў, з праверкаю скіравалі ўчастковага.
«Сьцягі мы прадаем ужо год, ад самага заснаваньня крамы symbal.by, у нас на сайце ёсьць нават адмысловы разьдзел, дзе акрамя вялікіх сьцягоў, можна набыць настольныя, аўтамабільныя сьцяжкі і бел-чырвона-белую стужку, — распавёў „Белсату“ дырэктар крамы Павал Белавус. — Было некалькі фактараў, якія натхнілі мяне на стварэньне крамы зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Гэта адсутнасьць прапановы пры вялікім попыце. Статус герба „Пагоня“, як гісторыка-культурнай каштоўнасьці і адсутнасьць законаў, якія б забаранялі бел-чырвона-белы сьцяг ці прыраўноўвалі да забароненай сымболікі. На сёньняшні дзень пасьля „вышымаек“ бел-чырвона-белая сымболіка і сувэніры з гербам „Пагоня“ на другім месцы паводле папулярнасьці ў нашай краме.»
Міліцыянт, які прыйшоў з праверкай, папрасіў даць тлумачэньні, а таксама паказаць дакумэнты, на падставе якіх адбываецца гандаль. У дырэктара крамы паперы былі ў парадку, таму больш пытаньняў ня ўзьнікла.
«Бел-чырвона-белая сымболіка — гэта фішка нашай крамы. Мы сваім прыкладам хочам паказаць, што ня трэба баяцца і самім ствараць забароны, калі іх ніхто не стварыў. Для нас Пагоня і сьцяг — гэта гісторыя, гэта сымбалі краіны, гэта рэчы, якія павінен мець у хаце кожны сьвядомы беларус. Нездарма ж у нас слоган «symbal.by — рэчы, якія варта мець беларусу, — кажа Павал Белавус. — А ўсе выпадкі, калі забіраюць сьцягі — гэта перагібы асобных прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія „падмацоўваюць“ незаконнымі мітынгамі ці пікетаваньнямі, нібыта лаянкай у грамадзкім месцы, а не забароненасьцю сьцяга.»
Летась Свабода паведамляла пра выпадак, калі пасажыры адмовіліся расплаціцца ў менскай таксоўцы з тае прычыны, што, маўляў, «у салёне быў бел-чырвона-белы сьцяг». Таксоўшчык адвёз пару ў РАЎС Фрунзэнскага раёну. У міліцыі ім патлумачылі, што закону, які б забараняў нацыянальную сымболіку, у Беларусі няма, і прымусілі заплаціць за праезд.
Афіцыйнае паведамленьне пра тое, што бел-чырвона-белы сьцяг не занесены ў сьпіс заьбароненай сымболікі атрымліваў зь міліцыі і гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі.
Радыё Свабода
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия