Студзень прынёс такія доўгачаканыя краснасельскімі сапраўднымі мужчынамі маразы і яны здолелі распачаць хакейны сезон. Каральчук Арцём і Некала Сяргей арганізавалі найбольш сумленных і расчысцілі пляцоўку, якая ўжо чарговы год стала нашым полем бітвы.
Дзякуй спартыўным уладам, якія дакупілі форму і канькі, што дазволіла “паставіць на лёд” амаль усіх жадаючых (якіх вельмі мала, але больш чым у мінулыя гады).
Трэніроўкі адбываліся кожны дзень (дзякуй Богу, 23-гадовы аўтамабіль трэнера заводзіўся рэгулярна) і мы ўжо робім з кожным разам меньш памылак (аднак, усё роўна іх вельмі шмат). На сёння падрыхтавана першая пяцерка да “Залатой шайбы 2001” (трэба паспець хоць неяк набраць і падцягнуць другі склад і варатара, які яшчэ зусім не варатар). “Залатую шайбу 1999” прыйдзецца закрываць хлопцамі 2000 г.н. (толькі два чалавека 1999), што адразу сведчыць аб цяжкіх выпрабаваннях на турніры (а калі нам было лёгка). Яны ж, у асноўным, паедуць і на “Каласок 1997” падтрымліваць старэйшую пяцёрку (дай Божа, каб усе сабраліся) .
Але спаборніцтвы – гэта не самае галоўнае.
Цудоўна, што ў нядзелю, 2 лютага, на возера Баклаха прыйшлі таксама і бацькі, дапамагаючы парадамі хакеістам. Дзякуй Эдуарду Валчку, які арганізаваў падвоз канькоў для навічкоў і таксама падказваў трэнерам Бубнову А.В. і Пайлаку Д.Д.
Супер, што хапіла дзяцей на тры каманды… І яны не акалачваюцца без сэнсу на вуліцы, і не сядзяць у камп’ютары, як большасць вялікіх і маленькіх дурняў, якім напляваць на здароўе і развіццё.
Класна, калі да пацяплення паспеем скінуцца на грошы і арганізаваць паездку ў Масты на хакейную каробку (з’ездзілі на машыне ў разведку, там нам арганізавалі ўсе патрэбныя ўмовы).
Наогул, як у Пушкіна, мароз і сонца, усё цудоўна.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия