У адным з турыстычных агенцтваў, якое можа вазіць арганізаваныя групы па самых розных маршрутах, паведамілі, што заявак на наведванне мелавых кар'ераў да іх не паступала. Не чулі пра падобныя туры і ў дэпартаменце па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Што дазваляе зрабіць пэўныя вывады: да кар'ераў цягнуцца ў асноўным аматары экстрэмальнага адпачынку.
Небяспечная прыгажосць
Летась «дзікім» турыстам тут аб'явілі сапраўдную вайну. Паўсюдна ўстаноўлены знакі аб забароне наведвання мелавых кар'ераў, пад'езды перакрываюцца бетоннымі блокамі, асфальтавую дарогу да кар'ераў узнялі, прабаранавалі, — па ёй цяпер не праехаць. Арганізавана спецыяльная рэйдавая брыгада з ліку работнікаў прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы». Члены групы патрулююць тэхналагічныя кар'еры і папярэджваюць аб небяспецы, якая можа напаткаць кожнага, хто знаходзіцца на гэтай тэрыторыі.
— Маляўнічыя пейзажы не такія бяскрыўдныя, як здаецца, — каторы раз тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства Генадзь Найдзюк. — Берагі амаль вертыкальныя, яны ў любы момант могуць «спаўзці» і накрыць з галавой, а пранізаны вільгаццю мел хутка засмокча трапіўшага ў гэты абвал чалавека. Такія выпадкі здараліся.
На прадпрыемства неаднаразова прыязджалі следчыя органы ў сувязі з трагічнымі выпадкамі на кар'ерах. Больш за ўсё тут занепакоены купальшчыкамі, бо глыбіня кар'ераў даходзіць да некалькіх дзясяткаў метраў. «Ямы» пачынаюцца літаральна за метр ад берага. Пры няшчасным выпадку выратаваць чалавека ці аказаць яму экстранную дапамогу вельмі складана, папярэджвае прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства і прыводзіць такую несуцяшальную статыстыку: толькі за апошнія гады на кар'ерах Ваўкавыскага раёна патанулі 10 чалавек.
— Але па меры магчымасці вядзём рэкультывацыю адпрацаваных участкаў, — паведаміў Генадзь Найдзюк. — Мы не можам паставіць агароджу па ўсім перыметры кар'ераў, бо гэта вельмі працяглая тэрыторыя. Выраўноўваем берагавую лінію, пасля чаго кар'ер перадаецца лясной гаспадарцы для лесааднаўлення.
Генадзь Найдзюк адзначае, што прынятыя меры дазволілі зняць ажыятаж вакол мелавых кар'ераў. Вось ужо некалькі гадоў, як наплыў турыстаў сюды значна скараціўся.
Стратная тэрыторыя
Кар'еры ўзніклі пасля распрацоўкі прадпрыемствам «Краснасельскбудматэрыялы» мелавых радовішчаў. З цягам часу выкарыстаныя кар'еры запоўніліся вадой, якая набыла блакітна-бірузовы колер. За гэту асаблівасць мясцовасць і празвалі беларускімі Мальдывамі, тэрыторыя якіх роўная па плошчы 300 футбольным палям. Частка кар'ераў актыўна выкарыстоўваецца, частка ўжо адпрацавана і ўяўляе сабой блакітны каньён сярод лесу. Гэта тэрыторыя перададзена Ваўкавыскаму лясгасу.
У сваю чаргу леснікі наладзілі тут патруль і ахову. Сачыць за такой тэрыторыяй праблематычна, адзначыў дырэктар Ваўкавыскага лясгаса Віталь Белы. Часта тут можна сустрэць рыбакоў. Як правіла, яны прыходзяць на самыя першыя кар'еры, дзе работы завяршыліся дзясяткі гадоў таму. Ліквідаваць сам каньён няпроста, бо яго глыбіня дасягае 30 метраў, тэрыторыя і схілы параслі лесам, таму зрабіць рэкультывацыю праблематычна.
Таксама ідзе марудна работа па рэкультывацыі кар'ераў, якія выйшлі з вытворчага абароту нядаўна, адзначылі ў Ваўкавыскім лясгасе. Гэта стрымлівае лесаўзнаўленне, бо бераг недастаткова выраўнены. Таму застаецца чакаць, калі лес сам вырасце. Ці не атрымаецца такая ж сітуацыя з чарговым кар'ерам плошчай 20 га, які будзе перададзены лясгасу сёлета? — задаецца пытаннем Віталь Белы. Самасей, на яго думку, не зусім эканамічны. Спецыяльная пасадка магла б даць значны прыбытак у выглядзе каштоўнай драўніны.
А можа, гэта новы брэнд?
Мясцовыя прадпрымальнікі бачаць у беларускіх Мальдывах пэўны патэнцыял. Раман Ваўчок, каардынатар турыстычнай дэстынацыі «Па слядах старажытных шахцёраў», лічыць, што без наведвання кар'ераў яе маршрут будзе няпоўны. Да нядаўняга часу Раман вазіў групы на экзатычныя кар'еры, але з гэтага года беларускія Мальдывы пад забаронай нават для мясцовых жыхароў. Не апраўдаўся і намер стварыць тут кемпінг, хоць, на думку прадпрымальніка, на тэрыторыі кар'ераў нямала зручных мясцін для адпачынку, правядзення турыстычных злётаў, арганізацыі веларуху.
— Сюды прыязджаюць на веласіпедах, бо ёсць нямала сцяжынак і дарог вакол старых кар'ераў, — кажа Раман, — тэрыторыя нядрэнна падыходзіць для адпачынку, тут створана 5—6 вялікіх азёраў, месца прывабнае і магло б прыносіць прыбытак. Але ніхто не хоча гэтым займацца, прасцей зрабіць гэту тэрыторыю забароненай. У выніку ўзнікае «дзікі» турызм, які прыносіць галаўны боль многім зацікаўленым ведамствам.
Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама пацвердзілі інфармацыю аб забароне займацца турызмам на кар'ерах. Хоць раней, на піку папулярнасці беларускіх Мальдываў, узнікалі розныя прапановы. Але ў прадпрыемства не аказалася сродкаў, каб замацаваць берагі, і чарговая ідэя павісла ў паветры.
На думку намесніка дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталя Грыцэвіча, мясціны тут прывабныя, і пры належным падыходзе маглі б стаць цікавым турыстычным маршрутам. Напрыклад, можна было б стварыць пляцоўкі для агляду з фотасесіяй. Тым больш што такія кар'еры ёсць і ў Салігорску. Чаму б беларускім Мальдывам не стаць яшчэ адным турыстычным брэндам нашай краіны? — задаецца пытаннем прадстаўнік міністэрства.
Ігар Кашкевіч, намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама:
Хацелася б нагадаць, што ў раёне нямала цікавых мясцін для наведвання турыстаў. Ёсць маршрут «Шведская гара», які ўключае сядзібу, дзе ў 1812 годзе размяшчалася штаб-кватэра генерала Баграціёна. Цяпер тут музей. Некалькі маршрутаў датычаць духоўнай спадчыны і праходзяць па аб'ектах старажытнага дойлідства. Мясцовыя ўлады не супраць развіцця турызму на кар'ерах, але ў прадпрымальнікаў не хапае на гэта сродкаў. Магчыма, у будучым тут будзе створаны маршрут па крамянёвых шахтах, гэта пытанне па-ранейшаму стаіць на парадку дня.
Маргарыта Ушкевіч, ЗВЯЗДА
Больш інфармацыі пра кар’еры чытайце на нашым сайце.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия