Газета Гродзенская праўда надрукавала артыкул пра тое, што чакаецца ў Зэльве на кірмашы, які адбудзецца 25 жніўня.
Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы Ганненскаму кірмашу Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.
У 2001 годзе Ганненскі кірмаш атрымаў новае дыханне. Раённае свята стала адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны. Удзельнікам сёлетняга кірмашу будзе прапанавана шмат цікавага і карыснага.
Распачнецца свята ў 11 гадзін на цэнтральнай плошчы пасёлка. У час урачыстага адкрыцця адбудзецца ўшанаванне перадавікоў жніва 2012 года. Жыхарам і гасцям Зэльвы будуць прадстаўлены канцэртная праграма з удзелам зорак беларускай эстрады і сталічных калектываў казацкай песні «БатькАтаман», групы «Федерация», «Прымакі» (Рэспубліка Польшча), а таксама цыганскае шоу.
Займальна і весела адпачываць на кірмашы можна будзе на разнастайных пляцоўках, якія размесцяцца ў цэнтральнай частцы Зэльвы. Цікавай мае быць прадпрымальніцкая пляцоўка, на якой пройдзе прэзентацыя аграсядзіб і аб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Свае работы на кірмашы рамёстваў і ў «Горадзе майстроў» прадставяць умельцы народнай творчасці і мастакі.
Аматараў песні і вясёлай музыкі чакае музычна-мастацкая пляцоўка. Для дзяцей будуць арганізаваны гульнёвыя праграмы і атракцыёны.
Запланаваны кірмашовы карнавал, куды запрашаюцца ўсе жыхары і госці пасёлка, якія прыйдуць на свята, апранутымі ў касцюмы стылю XVIII стагоддзя. Дарэчы, у кожнага жадаючага з’явіцца магчымасць заказаць касцюм на свой густ і ў час кірмашу: у спецыяльна абсталяванай швейнай майстэрні заказ будзе выкананы на працягу гадзіны.
Плануюцца паказальныя выступленні конна-спартыўнай школы, выстава конных парод, конкурс на лепшае афармленне павозак.
А яшчэ на кірмашы будзе арганізаваны шырокі гандаль прамысловымі і харчовымі таварамі. Візітнай карткай стане выстава-продаж зэльвенскіх караваяў.
Завяршальным акордам свята стане феерверк. Ну, а тыя, хто не стаміўся за дзень, запрашаюцца апоўначы ў раённы Дом культуры на пена-лазернае шоу.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия