Як вядома, у Расеі ідэя Перамогі ў мінулай вайне стала спосабам ідэнтыфікацыі расейскіх грамадзян з пуцінскім рэжымам, ідэалягічным абгрунтаваньнем імпэрскага рэваншу за распад СССР, канфлікту з Захадам, цяперашняй агрэсіі супраць украінскага народу. У Беларусі Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае вобраз пераможцы над фашызмам для апраўданьня дыктатуры і барацьбы супраць Захаду, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Таму відавочна, што беларускі і расейскі кіраўнікі выкарысталі Дзень Перамогі 9 траўня, каб зьвязаць дзьве вайны, прадставіць цяперашнюю агрэсію супраць Украіны як працяг вайны з фашызмам. Пуцін абгрунтоўваў напад на суседнюю краіну неабходнасьцю яе «дэнацыфікацыі».

У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў выступе з нагоды Дня памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне 8 траўня, магчыма, упершыню так канцэптуальна абвінаваціў пуцінскую Расею ў фашызьме: «Зло, імя якому — расейскі фашызм. Скарочана — РФ... Сьвет праспаў адраджэньне нацызму — а 5-й раніцы 24 лютага 2022 году... Нацызм адрадзіўся. Толькі з новай маркіроўкай: „Зроблена ў Расеі“... Сёньня ідэі Гітлера гучаць на расейскай мове. Злачынствы нацыстаў учыняюцца пад расейскім сьцягам... Новая свастыка — „зетка“... І калі сучасны Крэмль падобны да Трэцяга рэйху ўва ўсім, то і канец яго павінен быць ідэнтычны. У новым Нюрнбэргу. У горадзе Гаага».

То бок апэляцыя да Другой сусьветнай вайны адбываецца з абодвух варагуючых бакоў, абвінавачаньні адзін другога ў фашызьме — сродак дэлегітымізацыі ворага і доказ уласнай гістарычнай слушнасьці.

Сёлетняя дата сьвяткаваньня Перамогі — ня круглая (79-я гадавіна). Папярэднія гады кіраўніцтва Расеі імкнулася настойліва запрашаць на ўрачыстасьці ў Маскву з нагоды сьвята лідэраў іншых дзяржаў, найперш постсавецкіх краін, толькі падчас юбілеяў. Напрыклад, у 2019 г. нікога з замежных кіраўнікоў не было. А ў 2020 годзе (75-годзьдзе Перамогі) у Маскву прыехалі лідэры Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Узбэкістану, Малдовы, Сэрбіі.

Аднак з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны сытуацыя памянялася. Для расейскага кіраўніцтва стала надзвычай важна зьмікшаваць адчуваньне міжнароднай ізаляцыі, кампэнсаваць імпэрскія комплексы, прадэманстраваць сьвету і грамадзтву РФ, што палітычная вага Расеі па-ранейшаму вялікая. І спосабам доказу гэтага стала мабілізацыя кіраўнікоў краін СНД дзеля сьвяткаваньня 9 траўня на Краснай плошчы і ў неюбілейныя гады. Летась лідэры краін СНД зьявіліся ў Маскве побач з Пуціным. І сёлета на парадзе прысутнічалі, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў, прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон, прэзыдэнт Туркмэністану Сердар Бердымухамедаў, а таксама прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль, прэзыдэнт Лаосу Тхонглун Сісуліт і прэзыдэнт Гвінэі-Бісау Умару Сісоку Эмбало.

Прысутныя на Краснай плошчы лідэры не маглі не разумець, што цяперашні прыезд у Маскву — ускосная падтрымка Расеі ў яе вайне супраць Украіны. Хоць бы таму, што ідэалягема «Вялікай Перамогі» — ідэалягічны падмурак цяперашняй расейскай агрэсіі. У парадзе ўдзельнічалі расейскія падразьдзелы, якія ваявалі ва Ўкраіне. Пуцін у сваім выступе славіў «герояў» вайны ва Ўкраіне. Тым ня менш лідэры гэтых краін прыехалі.

Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян зьехаў адразу пасьля саміту ЭАЭС 8 траўня. Зь лідэраў краін СНД не было прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева і прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду.

Лукашэнка скарыстаў знаходжаньне ў Маскве для перамоваў з Пуціным, якія цягнуліся да трэцяе гадзіны ночы. У іх удзельнічалі, паводле інфармацыі беларускага ўладара, міністар абароны і начальнік Генэральнага штабу РФ. Як можна зразумець, гаворка ішла пра вучэньні па прымяненьні ядзернай зброі.

На парадзе Перамогі ў Маскве Лукашэнка прысутнічаў са сваім сабакам Умкам. Раней ён езьдзіў з сынам Мікалаем. Падчас пераходу з Краснай плошчы да Магілы невядомага салдата Лукашэнка істотна адстаў ад сваіх калег і ледзь пасьпеў далучыцца да іх у момант ускладаньня кветак да мэмарыялу. Бо цяжка хадзіць. На прыёме ў Крамлі, які даваў Пуцін, Лукашэнкі не было.

Цікава тое, што акцыя «Несьмяротны полк» прайшла ў Расеі ў онлайн-фармаце. Шэсьця па вуліцах гарадоў не было. А ў Беларусі, у сталіцы і абласных цэнтрах прайшлі шэсьці «Несьмяротнага палку» пад савецкімі сьцягамі. БелТА актыўна рэклямуе гэтае мерапрыемства, друкуе фатаздымкі. Мінулымі гадамі ўсё было наадварот: у Расеі такія дэманстрацыі адбываліся, у Беларусі ўлады іх не дазвалялі. Атрымліваецца, што цяпер тут больш «русского мира», чым у самой РФ.

З часоў Пятра Машэрава была закладзена традыцыя шэсьця 9 траўня па галоўным праспэкце да плошчы Перамогі. Доўгі час і Лукашэнка прытрымліваўся гэтай традыцыі. Аднак апошнімі гадамі яна была парушана. Мала засталося вэтэранаў, якія б маглі прайсьці. Дый самому Лукашэнку ўжо цяжка рухацца. Таму асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца проста на плошчы Перамогі. Як і мінулыя гады, падчас ускладаньня вянка Лукашэнку спадарожнічалі ягоныя сыны (гэтым разам чамусьці не было Мікалая). І толькі затым ішлі іншыя дзяржаўныя кіраўнікі. Усе павінны бачыць гэтую дыстанцыю і добра яе разумець.

"Свабода"