З 24 лютага 2022 году ва Ўкраіне загінула ўжо больш за 60 беларусаў, якія ваявалі на баку Кіева. Дакладная колькасьць невядомая. Пра тое, што чалавек знаходзіцца на вайне, празь небясьпеку з боку беларускіх уладаў часта ня ведаюць нават ягоныя родныя, піша Радыё Свабода.
Полк імя Кастуся Каліноўскага быў створаны ва Ўкраіне ўвесну 2022 году зь беларускіх добраахвотнікаў. На сёньня гэта самае буйное беларускае фармаваньне там. Пасьля палка Каліноўскага зьявілася яшчэ некалькі вайсковых адзінак, складзеных зь беларусаў, якія ваююць на баку Кіева.
Пэрыядычна ў СМІ трапляюць зьвесткі пра іх гібель на фронце. На сёньня вядома ўжо сама меней пра 63 такія выпадкі. Імёны большасьці загінулых ва Ўкраіне беларусаў не раскрываюцца. Па словах прадстаўнікоў беларускіх фармаваньняў, гэта робіцца ў мэтах бясьпекі родных, якія застаюцца ў Беларусі.
Камунікацыяй са сваякамі загінулых, прапаўшых бязь вестак і палонных у палку імя Каліноўскага займаецца добраахвотніца, якая служыць там зь лета 2022 году. У размове са Свабодай яна ўпершыню расказвае, у чым палягае яе праца.
Пяшчота і спачуваньне
Суразмоўца мае пазыўны «Ночка». Яна расказвае, што далучылася да палка Каліноўскага ўлетку 2022 году. Калі пачалося поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, «Ночка» жыла ў Кіеве. Прычынай пераезду стаў удзел у пратэстах 2020 году, за што на яе завялі крымінальную справу.
«Усё маё жыцьцё прасякнутае тым, што я спрабую вярнуць Беларусі Беларусь. Бо тое, што адбывалася ў краіне, мяне ніколі не задавальняла з пункту гледжаньня нацыянальнай гісторыі, ідэі, стаўленьня да людзей, правоў і свабоды чалавека. Таму, калі ў нас зьявілася новая гісторыя (стварэньне палка Каліноўскага), дзе была надзея на тое, што мы нешта можам зрабіць, паўплываць, як я магла застацца ў баку?», — тлумачыць беларуска прычыны далучэньня да палка Каліноўскага.
«Ночка» кажа, што калі прыйшла ў полк і асвоілася, то зразумела, што родным загінулых ваяроў варта ўдзяляць больш увагі.
«У сілу сваёй эмпатычнасьці, інтуіцыі, чалавечага стаўленьня да людзей. У сілу таго, што мужчынскі і жаночы падыходы адрозьніваюцца, я прапанавала займацца гэтым. Мне здалося, што я дам рады, бо ў той момант я была ў максымальным рэсурсе. У тым ліку эмацыйным і фізычным. Мне заўсёды здавалася, што я моцная. Асабліва эмацыйна. Ну і ўсё-такі да людзей я адчуваю пяшчоту і спачуваньне. Таму так адбылося, што наступныя сваякі ўжо былі на мне», — расказвае суразмоўца пра тое, як пачала займацца камунікацыяй з роднымі загінулых.
Першы выпадак, калі «Ночка» мусіла паведаміць сваякам трагічную навіну, адбыўся тым жа летам 2022 году. Перад ім яна размаўляла з украінскімі вайсковымі псыхолягамі, якія працуюць з роднымі загінулых на вайне. Пыталася, як магчыма падаць гэтую інфармацыю больш мякка. Расказала сама, як яна гэта бачыць. Украінскія экспэрты сказалі «Ночцы», што для такіх рэчаў няма ніякага альгарытму. Што сьмерць — гэта заўсёды сьмерць, і як ты мякка яе не падавай, заўсёды ў чалавека будуць боль і шок.
«Мне сказалі, што так, як я ім прагаварыла сваё бачаньне, гэта прымальна. Таму я стараюся спачатку спытаць чалавека, ці магу я набраць. Сказаўшы, адкуль я, але яшчэ не кажучы пра тое, што адбылося.
Потым злучаюся з роднымі, стараюся празь відэасувязь. Бо калі чалавек бачыць перад сабой чалавека — гэта, напэўна, лепш, чым калі ты пра такое напішаш ці голасам прагаворыш. Бо ўсё роўна, якія б ты правільныя словы не падбіраў, гэта жудасная навіна», — кажа «Ночка».
Па словах суразмоўцы, у палку Каліноўскага не карыстаюцца Viber — гэты мэсэджар забаронены і лічыцца ненадзейным. Такі падыход прыбаўляе праблем, бо беларусы часта іншымі мэсэнджарамі не карыстаюцца.
«Мы стараемся знайсьці чалавека ў Signal, калі ён там ёсьць. Калі няма, то ў Тelegram, і калі там немагчыма, то ў Whatsapp — гэта cкрайні выпадак. Іншымі мэсэнджарамі мы не карыстаемся», — дзеліцца суразмоўца.
Добраахвотніца расказвае, што кожны беларускі ваяр, калі запаўняе анкету аб прыёме ў полк, пазначае кантактную асобу. Менавіта ёй трэба паведамляць, калі зь ім нешта здарыцца. Потым па ланцужку праз гэтую кантактную асобу знаходзяць кантакты родных загінулага і зьвязваюцца ўжо зь імі. Ня ўсе ваяры пакідаюць кантакты блізкіх. Некаторыя даюць толькі зьвесткі пра сяброў.
«Напэўна, эмацыйна так ім прасьцей, каб гэтую навіну першымі пачулі не бацькі, напрыклад, і ня жонка. Але мы спрабуем, каб гэта не аднекуль прыляцела родным, а каб мы ім паведамілі. Бо гэта, зноў жа, па-чалавечы», — кажа «Ночка».
«Некалькі гадзін, каб настроіцца»
«Ночка» вяртаецца ў размове да першага выпадку. Расказвае, што ён быў складаным ня толькі таму, што быў першым. Родныя загінулага нават ня ведалі, што ён ваяваў.
«Мне спатрэбілася два дні, каб проста пераканаць людзей, што я не махлярка, што я не спрабую сарваць зь іх грошы. Людзі, якія жывуць у Беларусі, дзьмухаюць і на ваду. І гэта цяпер нармальна, на жаль, — у гэтым стане, у якім знаходзіцца наша краіна.
У стане тэрору, у стане, дзе табой могуць скарыстацца махляры, і ўсё астатняе. Таму і такое можна было падумаць. Па-другое, яны сапраўды ня ведалі, дзе знаходзіўся іхны блізкі чалавек. Таму, калі нехта тэлефануе і кажа: «Вітаем, у нас для вас сумныя навіны» і гэтак далей, ты ня хочаш гэтую інфармацыю ўспрымаць як сапраўдную.
Людзі прайшлі ўсе стадыі вось гэтыя: адмаўленьня, непрыняцьця, дэпрэсіі і прыняцьця. Потым яны сказалі: «Мы цябе запісалі ў кантакты як «Анёл сьмерці». Вось гэта, вядома, «цудоўны пачатак», — кажа «Ночка».
Па яе словах, тыя «першыя» людзі ўспрынялі інфармацыю толькі на другі дзень. Яна запэўнівае, што, нягледзячы на прынесеныя ёй вельмі сумныя навіны, родныя ў загінулых байцоў часта выяўляюцца неймавернымі людзьмі.
«Яны сапраўдныя, яны моцныя, яны такія, зь якімі хацелася б асабіста пазнаёміцца — не ў такіх абставінах. Я з большасьцю застаюся на кантакце. Па-першае, полк — гэта сям’я. І сем’і нашых палеглых — таксама цяпер наша сям’я. Яны заўсёды могуць да нас зьвярнуцца па дапамогу ці па нешта іншае. Гэта нармальна і зразумела, а як можа па-іншаму быць.
Таму з большасьцю падтрымліваем кантакты. З тымі, хто ў Беларусі, асьцярожныя. З тымі, хто за мяжой, трохі больш шчыльныя», — кажа суразмоўца.
«Ночка» прызнаецца, што перад тым, як патэлефанаваць блізкім загінулага, яна настройваецца некалькі гадзін.
«Мы ўсе спачатку гэты шок пражываем. Бо мы страцілі чалавека, які быў часткай нас. Гэта і для нас складана. Гэта ня простая рэч — нібыта нам паведамляюць, што ў нас загінуў чалавек, і мы такія: «Ну ок» — і проста ў працу ўключыліся і кожны выконвае свой альгарытм. Не, так не адбываецца. Ты ўсё роўна свой шок таксама перапрацоўваеш. Я не магу сказаць, што я ў стане адразу ўзяць кантакт і пайсьці спакойна патэлефанаваць. Не. Гэта ніколі ня проста.
Гэта ўсё роўна кожны раз, нібыта першы. Гэта ўжо не ўпершыню ў маім жыцьці, але кожны раз гэта цяжка. І кожны раз ты спрабуеш падабраць „тыя словы“, а іх, „правільных“, усё роўна няма», — тлумачыць суразмоўца.
Удар ад сьмерці
«Ночка» расказвае, што няма такіх словаў, каб зьмякчыць удар ад сьмерці. Яна выкарыстоўвае своеасаблівыя «падводкі», але тыя ня вельмі дапамагаюць.
«На жаль, адбылося непрыемнае, не хацелася б пра гэта паведамляць, прыміце спачуваньні», — вось такія словы максымум можна сказаць, але ў гэты момант іх папросту не чуваць. Калі людзі ведаюць, што іхны блізкі ў палку, то яны разумеюць адразу.
Калі ім з палка пішуць паведамленьне, што трэба паразмаўляць, яны разумеюць, што проста так ім бы ім ніхто не напісаў... Я не магу проста так уварвацца ў жыцьцё чалавека. Ён можа быць на працы, можа быць чымсьці заняты, ён можа быць за стырном. Гэта такія гісторыі, што ты ў раўнавазе ў гэты момант усё роўна не застанесься.
Чалавеку трэба ўсё ж трохі асэнсаваць, што ня проста так зараз будзе званок. Я разумею, што надзея застаецца да апошняга. Што, магчыма, нешта іншае адбылося. Але як ёсьць», — расказвае добраахвотніца.
Суразмоўца паўтарае, што сьмерць — гэта заўсёды сьмерць, але калі пабрацімы не змаглі забраць целы і ў родных загінулых няма магчымасьці нават разьвітацца, то гэта дадае асаблівага цяжару.
«Хутчэй за ўсё, я вельмі доўга не змагу сваякам нічога сказаць. Кшталту „так, мы забралі цела і вы можаце прыехаць“. Доўга такое сказаць не змагу. Бо ўжо спалі тыя ружовыя акуляры, што „калі вызваліцца тэрыторыя, мы там усё зробім“. Тэрыторыя не вызваляецца. Там як ішлі баі, так і ідуць. І туды падабрацца, знайсьці нешта проста няма магчымасьці. Прайшло два гады амаль, як было ў сытуацыі з гібельлю „Брэста“ і пабрацімаў», — расказвае «Ночка».
Яна прызнаецца, што вельмі цяжка ў эмацыйным пляне працаваць са сваякамі тых беларусаў, якія трапілі ў палон.
«Там яшчэ горшая сытуацыя. З аднаго боку, ёсьць надзея, з другога — так усё доўга гэта цягнецца. І што казаць, як, чым падбадзёрваць? І родныя ўсё разумеюць. Я разумею, што яны разумеюць. Іх трэба неяк падтрымліваць, а няма чым. Мы ў такой жа разгубленасьці, толькі ім баліць яшчэ больш, чым нам.
Мы б’ёмся ад безвыходнасьці, што мы ня можам байцоў знайсьці і вярнуць. Блізкім жа яшчэ цяжэй. Мы тут у нейкіх сваіх пастаянных сытуацыях, а ў іх гэтая гісторыя адзіная», — кажа добраахвотніца.
«Пакуль не пабачу цела, ён жывы»
Па словах «Ночкі», часам людзі ня вераць, што іхны блізкі чалавек загінуў на вайне. Асабліва калі няма цела.
«Ты тлумачыш, што ў той сытуацыі, у якой яны апынуліся, і таго, што там адбылося, немагчыма застацца жывым. Але чалавек будзе жыць тым, што „пакуль я не пабачу на свае вочы, значыць, ён жывы“. Вось з гэтым працаваць вельмі цяжка. Бо ў нейкі момант у цябе не хапае словаў тлумачыць зразумелыя, сумныя рэчы.
Бо ты гаворыш з пункту гледжаньня лёгікі, з таго, што там былі сьведкі, а чалавек адмаўляецца прымаць», — кажа суразмоўца.
Па яе словах, полк пэрыядычна атрымлівае і папрокі ад родных загінулых, якія кажуць, што іх чалавек жывы, а ў палку яго проста не шукаюць.
«А мы разумеем, што там, па-першае, зноў тэрыторыя пад абстрэлам і мы падабрацца ня можам, каб завалы разабраць, бо яны рукамі не разьбіраюцца. Па-другое, мы дакладна ўпэўнены, што на жаль, там бяз шанцаў. Усё», — дадае «Ночка».
Яна кажа, што часта вядзе доўгія размовы са сваякамі тых, хто лічыцца зьніклым бязь вестак. Некаторыя людзі ня вераць ніякім словам і сьведчаньням. Аднойчы родныя аднаго са зьніклых паведамілі Алесі, што хадзілі са здымкам ваяра да варажбіткі і тая сказала ім, што чалавек жывы.
«Прайшло два месяцы з той размовы. І нас папікаюць сваякі зьніклага, што мы папросту ня робім нічога, каб яго ўратаваць. Кажуць, што паедуць на лінію фронту самастойна і будуць рукамі разграбаць завалы. І ты проста не ведаеш, што чалавеку казаць у гэты момант. Ну бо там толькі эмоцыі.
І ня хочацца чалавека крыўдзіць, і настолькі стаміўся паўтараць адно і тое ж. Я разумею, што цяжка прыняць зьвестку пра гібель. Але ёсьць жа законы біялёгіі: чалавек ня можа выжыць пад заваламі два месяцы», — кажа суразмоўца.
На сёньня полк Каліноўскага ня можа публічна расказваць пра загінулых ваяроў, чые сваякі жывуць у Беларусі. Дзяўчына кажа, што дадаткова перажывае і гэтую акалічнасьць.
«Людзі — героі. Гэта ўсё (апублічваньне іх гісторый) адкладаецца на нейкі далёкі тэрмін. Ён будзе. Яны будуць героямі, і пра іх голасна будуць гаварыць з усіх бакоў.
І вуліцы будуць названыя. Бо яны паклалі самае каштоўнае за свабоду. Усё зразумела. Але ў моманце, на жаль, без імёнаў. Нават без пазыўных. Гэта сумна», — кажа добраахвотніца.
«Маці загінулага пайшла ў СК і дала ім мой кантакт»
«Ночка» ўспамінае, як адзін з загінулых ваяроў незадоўга да сьмерці расказваў пра ня вельмі добрыя стасункі з маці. Добраахвотніца зразумела іх прычыну ўжо пасьля ягонай сьмерці. Маці загінулага аказалася прыхільніцай Лукашэнкі. Алеся мусіла патэлефанаваць ёй, хоць жанчына жыла ў Беларусі і ня ведала, што яе сын ваюе ва Ўкраіне супраць Расеі.
«Да такой сытуацыі я не была падрыхтаваная ўвогуле. Хаця, здавалася б, чаму б і такому ня быць? Бо ў маім асабістым жыцьці ёсьць падобная гісторыя. Але я чамусьці была не гатовая. Проста не гатовая, што маці пойдзе і напіша заяву ў Сьледчы камітэт Беларусі аб тым, што ў яе сын прапаў», — расказвае «Ночка».
Суразмоўца дадае, што спрабавала дазваніцца да маці загінулага каліноўца цягам 7 гадзінаў, а тая проста ня брала слухаўку. Потым дзяўчына напісала тэкставае паведамленьне. Атрымальніца яго прачытала і нічога не адказала.
«Пайшла ў Сьледчы камітэт і ўсё гэта ім даклала. Напэўна, і мой кантакт. Як ёсьць. Яна вырашыла, што лукашэнкаўскія мянты ёй дапамогуць яго знайсьці. Бо яна сьвята ўпэўнена, што Лукашэнка найлепшы ў сьвеце прэзыдэнт і вырашыць усе пытаньні, і што яе проста падманваюць, сын проста зьнік, і гэтак далей», — расказвае суразмоўца. Дэталі пазьней ёй паведамілі іншыя блізкія загінулага.
Пазьней «Ночцы» ўсё ж удалося пагаварыць з гэтай жанчынай. Тая назвала Украіну «нацысцкай», украінцаў — бандэраўцамі, а свайго загінулага сына — здраднікам. Такі выпадак падчас працы «Ночкі» пакуль быў адзіным, кажа яна.
Суразмоўца прызнаецца, што калі ў адзін дзень загінулі адразу некалькі беларускіх ваяроў, яна адчувала патрэбу проста пабыць адной некалькі дзён. Без усялякіх інфармацыйных гісторый і бязь іншых людзей.
«Пабыць унутры сваёй сям’і, паабдымаць коціка і проста выключыцца з гэтага сьвету. Мне патрэбен быў свой вакуўм, у якім мне трэба было ачуцца», — кажа беларуска.
Яна гаворыць, што пакуль не зьвярталася да псыхоляга. Лічыць, што яшчэ мае рэсурс, які дазваляе ёй аднаўляцца самастойна. Гаворыць пра падтрымку сям’і, сяброў, якім можа патэлефанаваць і паразмаўляць. Магчыма, часткова расказаць пра свае эмоцыі ці пагаварыць на іншыя тэмы, каб проста разгрузіць мозг.
«Эмацыйна я яшчэ моцная. Напэўна, яшчэ настолькі мэтанакіраваная на Беларусь і на ўсё, што зь ёй зьвязанае. Вось гэта мне дапамагае заставацца ў прытомнасьці, сьветлым розуме і не спыняцца, рабіць тое, што я раблю. Бо гэта не адзіная мая функцыя, але, напэўна, самая складаная», — дадае яна.
«Ночка» расказвае, што беларусы ва Ўкраіне ішлі ваяваць натхнёныя. З думкамі, што вось-вось — і будзе перамога. Цяпер яна называе гэта наіўным. Мяркуе, што такім чынам большасьць псыхалягічна абараняла ўласную мэнтальнасьць. І яна сама ў тым ліку. Суразмоўца кажа, што праз паўгода пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны да большасьці добраахвотнікаў прыйшло асэнсаваньне, што вайна не на год і нават не на два.
«І нам вельмі балюча, што гэта маратон. Бо, чым больш гэта ўсё цягнецца, тым больш часу наша краіна застаецца ў канцлягеры. Мне баліць Беларусь. Я калі даведваюся, што ў нас зноўку нехта памёр, арыштавалі, аблава была, мне гэта баліць. Я разумею, за што я тут застаюся, чаму трэба ісьці далей.
Бо вось тое, што адбываецца ў маёй краіне, на жаль, залежыць ад перамогі ў гэтай вайне. Таму, калі магу дапамагчы гэтую перамогу здабыць і нешта зрабіць для таго, каб яна была, — я буду гэта рабіць. Бо дома тысячы закладнікаў, бо дома тысячы людзей, якія жывуць у несвабодзе. І на вайне ня так страшна, як дома, у Беларусі цяпер — вось што страшна», — дзеліцца добраахвотніца.
Даведка пра сьмерць як небясьпека для блізкіх
Усе выдаткі на пахаваньне палеглых на фронце байцоў палка Каліноўскага бярэ на сябе сам полк. Яна ж аказвае матэрыяльную дапамогу блізкім у межах сваіх магчымасьцяў.
«Мы ў разьвітаньне з байцамі ўкладаем усю сваю максымальную павагу і душу, бо гэта частка нас, мы ня можам па-іншаму. Нават не для родных, а для чалавека, які быў нашым пабрацімам, мы гэта робім.
Ніхто з родных ніколі не сказаў, што ім нешта не спадабалася. Пры гэтым мы ўлічваем усе пажаданьні сям’і, — расказвае «Ночка» аб працэдуры разьвітаньня з загінулымі ваярамі.
Суразмоўца дадае, што полк падымае пытаньне аб тым, каб сваякі загінулых беларусаў атрымлівалі выплаты (маюцца на ўвазе выплаты ад Міністэрства абароны Ўкраіны, якія атрымліваюць родныя загінулых украінскіх жаўнераў. Грамадзяне іншых краін, ня толькі Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны, атрымліваюць штомесячны заробак. Пытаньне выплат іхным сем’ям у выпадку сьмерці на фронце знаходзіцца на стадыі абмеркаваньня).
«Бо гэта проста несправядліва, што чалавек зь беларускім пашпартам ваюе ва Ўкраіне, але калі загіне, то на гэтым гісторыя і заканчваецца. Ён такі ж удзельнік і такі ж герой, як і ўкраінцы. Таму над гэтым пытаньнем увесь гэты час мы спрабуем працаваць. Нешта, здаецца, будзе пачынаць рухацца», — дадае добраахвотніца.
«Ночка» прызнаецца, што аднойчы блізкія загінулага патрабавалі, каб яго цела завезьлі ў Беларусь на пахаваньне.
«Людзі пытаюцца: „Ці можна пераправіць цела?“. — „Не, нельга“. — „Ці можна пераправіць прах?“. — „Не, нельга“. Якім чынам? Хто возьмецца гэта рабіць, калі ў чалавека ў пасьведчаньні пра сьмерць пазначана, дзе ён загінуў? І зноў жа, беларускія сілавікі вылічаць на раз-два-тры, дзе быў гэты чалавек і як ён загінуў. І ўсе проста пойдуць па артыкулах», — кажа беларуска.
Па яе словах, пэрыядычна блізкія загінулых добраахвотнікаў просяць даведку пра іхную сьмерць, каб атрымаць выплаты па страце карміцеля, альбо ўступіць у спадчыну. Гэта выклікае дадатковыя рызыкі.
«Магчымасьць даць такую даведку ёсьць. Але гэта, зноў жа, чырвоны крыж на сям’і. Я тлумачу шмат-шмат разоў, чаму гэта будзе небясьпечна і чаму тая карысьць, якую там паспрабуюць атрымаць з гэтага, таго ня вартая. Пачнецца перасьлед гэтай сям’і. Усё гэта пройдзе празь дзяржаўныя ўстановы. Яно дойдзе да тых устаноў, да якіх не хацелася б, каб яно даходзіла. Ну і ўсё. На гэтым усё скончыцца. Ніякіх выплат ня будзе. Ці, можа, і будуць, але па страце дваіх карміцеляў. Бо жонка, хутчэй за ўсё, сядзе. А дзеці пойдуць у дзіцячы дом», — тлумачыць добраахвотніца.
«Не хачу такі досьвед мець яшчэ раз»
«Ночка» кажа, што адна гісторыя, калі загінуў адзін або два байцы. Іншая — калі з заданьня не вярнуліся пяцёра.
«Калі ў нас адначасова некалькі загінулых, тут, вядома, удар па маёй псыхіцы вельмі вялікі. Гэта вельмі цяжка, калі табе трэба разарвацца эмпатычна на пяць сем’яў. Не хачу такі досьвед яшчэ раз мець. Я потым аднаўлялася вельмі доўга. Для мяне гэта было максымальна, страшэнна цяжка», — кажа добраахвотніца (адзін з выпадкаў масавай гібелі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне адбыўся ў траўні 2023 году ля Бахмуту, калі загінуў і Міраслаў Лазоўскі. — РС).
«Ночка» кажа, што да нядаўняга часу ніхто ня мог замяніць яе ці ўзяць на сябе частку сумных абавязкаў. Але цяпер у палку зьявіліся беларускія дзяўчаты-псыхолягі, якія часам уключаюцца ў працэс перамоваў з роднымі і бяруць некаторыя сем’і на сябе.
«Ёсьць куча арганізацыйных момантаў, зьвязаных з пахаваньнем і ўсім астатнім, гэтым займаецца вялікая колькасьць людзей, каманда. І я пра гэта ня думаю. А гэта таксама вельмі шмат працы. Ну вось напрыклад, гэтыя людзі, якія пахаваньнем займаюцца, ім эмацыйна цяжка ўключацца ў чужое гора.
Але дзякуй Богу, што ім эмацыйна няцяжка рабіць нешта іншае. Я, напрыклад, у морг не магу зайсьці. Не магу, не атрымліваецца ў мяне. Я ўпершыню зайшла ў морг у апошні наш раз, бо адзін з загінулых быў маім прыяцелем і быў апошні шанец на яго паглядзець. Гэта адзіны раз, калі я магла зайсьці», — кажа «Ночка».
«Калі хлопцы ідуць на заданьне, кожны раз трымаю «пальцы»
Добраахвотніца кажа, што ня ўсе блізкія маюць магчымасьць і трываласьць прыехаць на пахаваньне сваіх загінулых родных ва Ўкраіну.
«Кожны выбірае па сваёй трываласьці, магчымасьцях — эмацыйных і ўсіх астатніх. Няма такога, што калі нехта не прыехаў, то мы скажам, напрыклад: „Ой, нейкія не такія родныя“. Усе „такія“, мы ўсё разумеем. Калі ў іх няма магчымасьці знайсьці гэтыя сілы, каб вось так зрабіць, то хай.
Большасьць усё ж прыяжджаюць. Мы робім усё, каб зрабіць гэты шлях максымальна простым і бясьпечным, але ён усё роўна няпросты і небясьпечны. Але мы стараемся, выстройваем лягістыку. Каб чалавек у гэтай дарозе не задумваўся пра звычайныя рэчы — як ён паедзе, куды ён паедзе, і гэтак далей. Вось гэтую гісторыю мы таксама бяром на сябе», — тлумачыць суразмоўца.
Яна дадае, што полк робіць усё магчымае, каб чалавек, які хоча трапіць на разьвітаньне з загінулым ваяром ва Ўкраіну, зрабіў гэта.
«Бо мы разумеем, калі чалавек кажа: „Я хачу прысутнічаць“, наколькі гэта для яго важна. Ёсьць людзі, якія разьвіталіся і вярнуліся ў Беларусь. І таму мы заўсёды просім усе СМІ, каб вельмі акуратна паводзілі сябе з той інфармацыяй, якую яны маюць пра загінулых. Бо іхныя блізкія вяртаюцца ў Беларусь. У большасьці зь іх», — кажа суразмоўца.
«Ночка» дадае, што бясьпека родных — гэта тое, пра што ў першую чаргу дбае полк. «Проста па-чалавечы — узяць на сябе груз адказнасьці, што мы не зрабілі ўсяго магчымага, каб гарантаваць бясьпеку блізкіх ваяра, і чалавека „прынялі“ — гэта, напэўна, будзе яшчэ цяжэй. Чалавек загінуў, змагаючыся побач з намі, і мы ў гэтым не вінаватыя, бо гэта вайна. Але калі мы не змаглі захаваць бясьпеку дадзеных і гэта потым неяк адбілася на родных...» — разважае «Ночка».
Яна дадае, што не адчувае перад блізкімі загінулых «віны таго, хто выжыў». «Я мэтанакіраваны чалавек, усьведамляю, што ўсе, хто выбраў сваё месца быць тут, ён гэта сьвядома выбраў. Усялякія выпадкі былі. Былі тыя, хто лічыў, што за тры месяцы будзе перамога і трэба ў ёй паўдзельнічаць. Тыя ж, хто застаўся цяпер, і тыя, хто прыяжджаюць, яны разумеюць, куды і чаму яны едуць.
Немагчыма, каб чалавек за два гады не зразумеў, чаму ён тут. Так, ёсьць стома, ёсьць выгараньне. Бо экстрэмальныя ўмовы вакол. Але калі людзі застаюцца, яны ведаюць, чаму яны гэта робяць. Таму „віны таго, хто выжыў“ няма. Бо ў любы момант з кожным з нас можа адбыцца ўсё што заўгодна», — прызнаецца суразмоўца.
«Ночка» кажа, што складана прагназаваць, калі і як скончыцца гэтая вайна. На яе думку, на падзеі ва Ўкраіне ўплывае шмат фактараў.
«Украіна трымаецца. Украіна змагаецца на чалавечым проста духу і празе свабоды і незалежнасьці краіны. Украіна робіць цуды. Але цуды, як мы, беларусы, ведаем, голымі рукамі робяцца дрэнна. Калі ня будзе своечасовай дапамогі, то будзе вельмі доўга ўсё. І ня ўсё залежыць ад Украіны. На жаль. Мы хочам верыць, што будзе хутка. Але ніхто прагнозаў ня дасьць. Кожны робіць тое, што можа», — кажа добраахвотніца.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия