Мужчыну зь Беларусі, якому міграцыйная служба Швэцыі адмовіла ў прытулку, затрымалі з палітычных матываў па вяртаньні на радзіму, паведамляе Свабода са спасылкай на Sveriges Radio.
Адзначаецца, што ён прыбыў у Швэцыю з маці два гады таму. Прытулку яны папрасілі, бо «абое ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».
Паводле інфармацыі выданьня, у заявах на атрыманьне міграцыйнага статусу гаворыцца, што ў Беларусі на маці і сына завялі крымінальную справу і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму».
Нягледзячы на гэта, іх прашэньні адхілілі.
Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сьцьвярджаецца, мужчыну і ягоную маці дэпартавалі са Швэцыі ў Беларусь.
У публікацыі гаворыцца, што беларуса «арыштавалі проста на мяжы». Пра лёс жанчыны не паведамляецца.
Адвакат Стэфан Крысьціч, які прадстаўляў інтарэсы некалькіх беларускіх просьбітаў прытулку, у камэнтары выданьню адзначыў, што шмат хто з шукальнікаў «пацярпеў», бо міграцыйная служба Швэцыі «да нядаўняга часу ацэньвала іхныя прашэньні на падставе састарэлай інфармацыі».
Швэдзкае міграцыйнае агенцтва «раней крытыкавалі за выкарыстаньне састарэлай інфармацыі аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі», адзначаецца ў публікацыі. Пры гэтым у лютым сёлета апублікаваныя новыя зьвесткі, якія «ясна паказваюць, як узмацніліся рэпрэсіі [у Беларусі] і як людзей усё яшчэ караюць за ўдзел у пратэстах чатыры гады таму».
Як піша «Позірк», 5 жніўня ў Вільні на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўнік Народнай амбасады ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман паведаміў, што летась больш за сто беларусаў папрасілі статусу ўцекача ў Швэцыі, а далі яго толькі тром.
«Гэта не азначае, што ўсіх астатніх высылаюць у Беларусь, паколькі некаторыя абскарджваюць [судовыя рашэньні], некаторыя едуць у іншыя краіны, і гэтак далей», — падкрэсьліў ён.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия