Ваўкавычанка Адар’я Гуштын, карэспандэнтка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН аказалася ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Азербайджана.
Нагодай стаў артыкул, прысвечаны Нагорнаму Карабаху — тэрыторыі, якую азербайджанскія ўлады лічаць акупаванай армянамі.
Агулам у спісе 623 асобы з розных краінаў свету. Прафесіі зусім розныя: прадстаўнікі фондаў, музыкі, рэжысёры, палітыкі… Гэта тыя, хто, паводле разумення Азербайджана, парушыў тэрытарыяльную цэласнасць краіны. Журналістаў, канечне, вельмі шмат: тут і «Нью-Ёрк Таймс», і «Эха Масквы», і «Лайфньюс», і «Берлінер Цайтунг»…
Сам артыкул выйшаў у маі 2016 года. Але пра сваё імя ў спісе персон нон-грата на тэрыторыі Азербайджану журналістка даведалася нядаўна.
«Цікавіліся гісторыяй блогера Лапшына, якога Беларусь плануе выдаць Азербайджану, ён быў у тым спісе. І раптам высветлілася, што маё імя таксама там, — кажа Адар’я Гуштын. — Калі я была ў Карабаху, то разумела, што пэўныя наступствы могуць быць. Яшчэ калі артыкул толькі быў апублікаваны, на маю прыватную пошту, якая нідзе не пазначана, прыйшоў ліст ад незнаёмца з пытаннем, ці быў у мяне дазвол ад азербайджанскага МЗС, каб заехаць на «акупаваную тэрыторыю Азербайджана». Я разумела, што, хутчэй за ўсё, гэта хтосьці з сілавога блоку Азербайджана, але перапіску не падтрымала».
Крыўды на азербайджанцаў у журналісткі няма.
«Я была ва ўсіх постсавецкіх краінах, апроч Азербайджана і Туркменістана. І ў бліжэйшы час я наўрад ці змагу трапіць у Азербайджан, канечне. Шчыра кажучы, шкада, гэтая краіна мне вельмі цікавая. Гонару за тое, што маё імя ў тым спісе не адчуваю… Але і злобы аніякай няма, я з павагай стаўлюся да Азербайджана як да краіны і маю сяброў там. Я падзяляю краіну і рэжым», — каментуе Адар’я.
Акрамя Адар’і, у спісе непажаданых асобаў яшчэ чацвёра чалавек, пазначаных як грамадзяне Беларусі: блогер Павал Андрэеўскі, журналіст Віктар Канаплёў (рэдактар партала «Наша Среда», прысвечанага расейска-армянскім адносінам), Вера Тарывердзіева, удава кампазітара Мікалая Тарывердзіева, скульптар і мастак Спартак Аруцюнян, паведамляе Наша Ніва.
Фота БелаПАН
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия