29 сакавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу Вячэры Пана ў касцёле св. Вацлава ў Ваўкавыску. Гэтая Імша ўводзіць у атмасферу Пасхальнага Трыдууму.
Пасхальны Трыдуум – гэта тры найважнейшыя ў гісторыі чалавецтва дні, падчас якіх здзейснілася справа збаўлення.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб дзякаваць за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што ў дзень перад сваёй смерцю, якая раз і назаўсёды вызваліла ўвесь чалавечы род з няволі зла і граху, Пан Езус даў людзям сваё Цела і Кроў, значыць сябе самога, пад постацямі хлеба і віна.
«У белай Гостыі і ў келіху, напоўненым віном, сакрамэнтальным чынам Ён укрыў сваё ўкрыжаванае Цела, сваю пралітую за нас Кроў – укрыў усю сваю любоў, якая знайшла свой найбольшы выраз на дрэве крыжа», – сказаў іерарх.
Як дадаў іерарх, Хрыстус пастанавіў, каб Яго пасхальная гасціна не скончылася ў той вечар Вялікага чацвярга; Яго жаданнем было, каб усе Яго вучні, усіх часоў, ажно да сканчэння свету, маглі ўдзельнічаць у гэтай незвычайнай гасціне любові.
Біскуп заклікаў вернікаў дзякаваць Пану за цудоўны, неспасцігальны дар Эўхарыстыі і часта прыступаць да Эўхарыстычнага стала.
«Дазволім Езусу, каб сваёй боскай любоўю Ён перамяняў нас у Сябе. Тады ўжо тут, на зямлі, у нас будзе прадчуванне неба. Бо неба там, дзе ёсць любоў», – дадаў іерарх.
Пасля святой Камуніі адбылося перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў «цямніц», якая з’яўляецца сімвалам заключэння Езуса ў вязніцу ў ноч перад Мукай. Падчас працэсіі спяваўся эўхарыстычны гімн аўтарства св. Тамаша Аквінскага «Pange lingua» («Слаў, народ, таямніцу»). Вернікі доўга трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Таксама ў гэты дзень парафіяне выказалі віншаванні прысутнаму сярод іх біскупу, свайму пробашчу кс. прэлату Антонію Філіпчыку і іншым святарам, якія служаць у парафіі, паведамляе grodnensis.by.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия