Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у сувязі з далейшым распаўсюджваннем эпідэміі каранавірусу COVID-19 i высокай лічбай захворванняў, якая ў кантэксце восеньска-зімовага перыяду павялічваеццa, а таксама з клопатам пра здароўе і жыццё жыхароў Гродзенскай дыяцэзіі ў спецыяльным паведамленні нагадвае пра важнасць захавання ўсіх магчымых сродкаў бяспекі.

Іерарх просіць духавенства і вернікаў дыяцэзіі выконваць загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскага парадку.

Біскуп нагадвае таксама пра дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама тым, хто імі апякуецца, і тым, хто адчувае страх заражэння.

Яны могуць удзельнічаць у святой Імшы з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі і прымаць духоўную Камунію.

Асаблівым чынам біскуп Кашкевіч просіць аб максімальнай асцярожнасці і разважлівасці пры арганізацыі ў парафіях рэлігійных урачыстасцяў і іншых мерапрыемстваў, у якіх прадугледжваецца ўдзел шматлікіх вернікаў.

Таксама іерарх звяртаецца з просьбай скіраваць поўную даверу малітву да Пана Бога, багатага на міласэрнасць, аб аддаленні эпідэміі каранавірусу, вяртанні да здароўя для хворых, святле Духа Святога і патрэбных ласках для ўсіх працаўнікоў аховы здароўя.

«Усю супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне даручаю мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і заступніцтву святога Роха, апекуна ў заразных хваробах»,— адзначае біскуп Гродзенскі ў сваім паведамленні, падпісаным 24 верасня.

На перажыванне гэтага часу выпрабавання ў духу веры і надзеі іерарх удзяляе духавенству, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам Гродзенскай дыяцэзіі пастырскае благаслаўленне.