Таццяна Мігановіч з вёскі Пятакі Ваўкавыскага раёну напісала ліст намесніцы старшыні Савету Рэспублікі Марыяне Шчоткінай і расказала пра тое, як яе запісалі ў «дармаеды». Напрыканцы ліста жанчына запрасіла Шчоткіну ў госці, каб тая на сабе адчула долю «дармаеда». З сакратарыяту Савету Рэспублікі Мігановіч адказалі, што ліст накіруюць для разгляду ў Ваўкавыскі райсавет, - піша Радыё Свабода.
Таццяна Мігановіч з вёскі Пятакі Ваўкавыскага раёну расказала, што даслаць ліст былому міністру працы Марыяне Шчоткінай вырашыла пасля таго, як атрымала «ліст шчасця». Паводле Мігановіч, менавіта Шчоткіна была адным з галоўных распрацоўшчыкаў дэкрэту аб «дармаедах».
У лісце да Шчоткінай Мігановіч абураецца тым, што яе залічылі ў дармаеды. «Я не жыву за чужы кошт, і заробак мне плацяць не падаткаплатнікі, як вам, а я сама сумленнай працай зарабляю на жыццё», — напісала Мігановіч.
Жанчыне не працягнулі кантракт на адной з ваўкавыскіх фірмаў, яна засталася бяз працы, і цяпер ёй складана знайсці працу ў малым горадзе. Таму яна пераехала з Ваўкавыску ў вёску і ўзялася весьці разам з мужам уласную падсобную гаспадарку. Цяпер сям’я Мігановічаў трымае 70 козаў, здае малако на малочны камбінат і з гэтага жыве. Пра гэта жанчына і напісала ў сваім лісце.
«Дармаедкай» яе прызналі з той прычыны, што зямля ў вёсцы, дзе яна жыве, аформленая ў яе пад агарод, а не пад уласную падсобную гаспадарку. Хаджэнні па кабінэтах падатковай інспэкцыі плёну не далі. Хадзіла на прыём да прадстаўніка прэзыдэнта ў Ваўкавыскім райвыканкаме, і там паабяцалі разгледзець справу сур’ёзна.
«Мне асабліва было крыўдна за тое, што ў вёсцы толькі мы з мужам трымаем гаспадарку і робім на ёй. Усе суседзі, акрамя курэй, нічога не трымаюць, але затое ў іх зямля аформленая належным чынам. І цяпер яны ходзяць нападпітку і пасмейваюцца з мяне, называюць «дармаедкай».
Таццяна і Мікалай Мігановічы паказваюць сваю гаспадарку: козы дагледжаныя, паўсюль чысціня. Кажуць, што працы хапае з раніцы і да самага вечара. Але на гэта ніхто ня скардзіцца.
«Вы бачыце, што мы тут нават у выходныя вымушаныя рабіць, бо нашых козачак трэба накарміць, падаіць, прыбраць каля іх — працы хоць адбаўляй», — кажа Таццяна Мігановіч.
Яе муж паказвае розныя мэханізмы, якія сам зрабіў, каб аблегчыць сваю працу. Ягоная мара — набыць трактар, але грошы на гэта сабраць вельмі цяжка. Нават кармы нарыхтаваць няпроста, бо землі паўсюль калгасныя.
«Нас добра выручаюць фэрмэры. Купляем у іх сена, моркву, капусту, іншыя кармы. Часам яны аддаюць на корм рознае лісце. А ў сельсавеце на год выдзяляюць тону сена. Мы ні на што ня скардзімся, бо жывём на столькі, на колькі зробім, мы нікому ня вінныя, і нам ніхто ня можа прад’явіць ніякіх прэтэнзіяў. Я некалі рабіў на экскаватары, добра зарабляў, але заробкі знізіліся, жонка страціла працу, і вымушаныя былі паехаць у вёску, каб хоць нечым заняцца. Я працую ўсё жыццё, а цяпер нас назвалі дармаедамі», — скардзіцца Мікалай Мігановіч.
Таццяна кажа, што ёй нібыта паабяцалі ў райвыканкаме, што вызваляць ад падатку, але афіцыйнай паперы яна пакуль не атрымлівала. А наагул, паводле яе, крыўдна ня толькі за сябе, але і за іншых людзей, якіх залічылі ў дармаеды:
Я магла б пагадзіцца з такім дэкрэтам, калі б усім 470 тысячам дармаедаў, якім разаслалі «лісты шчасця», прапанавалі працу і годны заробак. А інакш нават няма пра што і казаць.
Мікалай дадае, што налета і яго прызнаюць дармаедам, бо ён, звольніўшыся з працы, паўгода даглядаў старую бабулю:
А цяпер яшчэ скажуць, што зямля аформленая на жонку, і запішуць у дармаеды, хоць я працую ад світанку да заходу сонца. Вось па вёсцы ходзяць п’яныя, ніякай гаспадаркі ніхто не трымае, і ад іх ніхто не патрабуе падатку, бо зямля аформленая правільна. Ну хіба гэта справядліва?
Таццяна кажа:
Спачатку думала, што дэкрэт скіраваны супраць алькаголікаў, злосных хуліганаў і сацыяльна неадаптаваных людзей. А калі «ліст шчасця» атрымала сама, то не стрымалася і напісала Шчоткінай.
Я ў сацыяльных сетках бачу, як паказваюць, колькі ў Шчоткінай шубаў, ды яшчэ якіх дарагіх. І пакуль гэтыя дармаеды думаюць, дзе ўзяць грошы на падатак, спадарыня Шчоткіна ня ведае, якую шубку ёй апрануць. Я таму і запрасіла яе, каб яна прыехала паглядзела, як мы жывём, на якіх «лексусах» ездзім. Мой «лексус» каштуе танней за ейную шубу. Ну, а цяпер далі адказ з сакратарыяту, і відавочна — яна не прыедзе.
Мікалай дадае, што таксама хацеў бы, каб Шчоткіна ў іх пагасцявала:
Я б завёў яе да козаў, каб яна іх пакарміла, падаіла, пацёгала 50-кіляграмовыя флягі з малаком, нанасіла вады з калодзежа літраў 300 у дзень, гной выкінула, як гэта робіць мая жонка. Няхай бы чалавек ведаў, што такое фізычная праца. Хай бы паспытала, які салодкі хлеб дармаеда.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия