Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра магчымыя прычыны чарговай аблавы на палітвязняў і іх родных, а таксама пра гучную справу супраць вядомага публіцыста.

— Масавая аблава на родных палітвязняў, а таксама на тых, хто вярнуўся з турмаў, але застаўся ў Беларусі — чым можна патлумачыць такую актыўнасць карных органаў? Гэта блізкая ўжо выбарчая кампанія, ці могуць быць іншыя прычыны?

— Нам невядомы ход думак унутры сілавога апарату. Чаму ім гэта спатрэбілася, навошта трэба дабіваць людзей, навошта паляваць на родных? Цяжка сказаць, якія ў іх там унутраныя матывацыі.

А што тычыцца выбараў, то мы бачым, як увесь час ідзе гэтая накрутка. Чаго яны баяцца? Мы з вамі шмат разоў абмяркоўвалі гэтую сітуацыю.

Няма ў іх падстаў у цяперашняй сітуацыі чагосьці баяцца. Але гэта не спыняецца. І той жа міністр Кубракоў распавядае, што ў нас кожны выбарчы ўчастак будзе пад аховай.

Што ў нас будуць спецыяльныя брыгады ў засадзе сядзець на той выпадак, калі нехта пакрыўдзіць чальца выбарчай камісіі. Каб кінуцца і ўласнай груддзю абараніць. Ад каго, ад чаго?

У нас няма ніводнага незалежнага назіральніка, ніводнага апазіцыйнага кандыдата. Апазіцыя гаворыць, што гэта не выбары, што няма чаго на іх звяртаць увагу. Пра гэта кажа Ціханоўская, кажа Латушка.

І вось навошта такія меры бяспекі прымаюцца супраць пагрозы, якой няма, мне цяжка сказаць. Напэўна, перад выбарамі для чагосьці ствараецца такое адчуванне аточанай крэпасці.

Магчыма, тут ёсць спалучэнне агульных неадэкватных установак і простых інтарэсаў нейкіх сілавых груп, каторыя зацікаўленыя ў паглыбленні рэпрэсій.

Не выключана, што там ёсць людзі, якія лічаць, што «мы ўжо перамаглі» і «навошта развязваць гэтую вайну». І паміж першымі і другімі існуе пэўнае спаборніцтва за доступ да цела, да рэсурсаў і статусаў.

І сілавікі робяць свой ход. А мы, маўляў, вось за гэтых возьмемся. Ужо тыя, хто сам рабіў штосьці вартае пакарання, або сядзяць, або збеглі. То давайце мы па родных пойдзем, паглыбім рэпрэсіі ў гэтым вымярэнні.

Новых невядома дзе і шукаць, а тут пад рукой родныя тых, хто для нас недасяжны. Акрамя таго, былыя зняволеныя. Яны ж сядзелі за палітыку? Значыць, яны былі вінаватыя і тады, і цяпер вінаватыя.

Каб не напружвацца і шукаць новых вязняў. Вось гэта можа быць такое спаборніцтва паміж групамі тых, хто кажа «хопіць», і тымі, хто лічыць, што «не, не хопіць, мы яшчэ вось гэтымі зоймемся».

— Публіцысту Сяргею Дубаўцу выстаўлены цэлы букет артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тут і дыскрэдытацыя органаў улады, і паклёп на Лукашэнку, і адмаўленне генацыду беларускага народа.

Пра што гаворыць гэтая гісторыя, улічваючы тое, што Дубавец знаходзіцца не ў Беларусі? І, як падаецца, артыкул за «адмаўленне генацыду» прымяняецца ці не ўпершыню?

— Так, падаецца гэты артыкул упершыню прымяняецца. Сяргей шмат у сваім жыцці пісаў. За што яны тут зачапіліся. Я думаю, яны разумеюць, што ён аўтарытэтны чалавек, што ягонае слова для многіх шмат значыць.

І правесці гэта толькі праз паклёп на ўладу — такі варыянт менш дыскрэдытуе, чым такая гучная формула, як адмаўленне генацыду і рэабілітацыя нацызму. Ну вось, зрабілі нацыста з Дубаўца.

Пры гэтым Сяргей не напісаў цягам апошняга месяца такога, што ён не пісаў дзесяцігоддзямі. Ён у гэтым сэнсе чалавек паслядоўны. Зразумела, што ягоныя погляды развіваюцца, але па-сутнасці ён гаворыць тое, што і раней.

Паколькі колькасць тых, каго можна яшчэ за штосьці прыцягнуць, не такая і вялікая, і было прынятае рашэнне: а давайце яшчэ і за гэта справу завядзём.

Нейкага надта рацыянальнага тлумачэння ў мяне гэтаму няма.

Але назіраецца пэўная тэндэнцыя хапання тых, каго не хапалі раней. Бо раней, здаецца, не хапалі ў такой колькасці адначасова тых, хто ўжо адсядзеў. Не хапалі родных і сваякоў тых, хто сядзеў. І не чапалі Дубаўца, які многім знаёмы, якога многія чыталі. Гэта нейка новая ступень: а давайце мы возьмемся і за гэтых.

Нагадаю, што гэтая практыка паўторных затрыманняў была і ў савецкія часы. Я памятаю, як распавядаў пра гэта паэт Сяргей Грахоўскі, у яго была падобная сітуацыя. Яго арыштавалі першы раз зусім маладым.

На першым допыце следчы называў яму габрэйскія прозвішчы, казаў, што ён ідзе па семіцкай справе. Грахоўскі спрабаваў тлумачыць, што ён першы раз чуе гэтыя імёны, што ён не габрэй.

І толькі на трэцім, падаецца, допыце следчы прызнаў, што ў іх шмат спраў, што яны паблыталі — маўляў, Грахоўскі праходзіць па справе нацдэмаў. А там ужо былі, прынамсі, знаёмыя яму прозвішчы літаратараў.

Не ведаю, ці здараецца сёння такое. Не выключаю, што здараецца. Але тады гэта азначала, што ім было ўсё адно, за што садзіць.

Грахоўскі сядзеў вельмі ціха, не высоўваўся. Ды і што ён, паэт, мог зрабіць такога? Але гэта не ўратавала, пасля вызвалення і некалькіх гадоў на волі яго паўторна арыштавалі. І следчыя зусім не парыліся, абвінавацілі ізноў па «антысавецкім» артыкуле. Вось такая гістарычная пераклічка часоў.

Ён расказваў пра такі эпізод. Перад паўторным арыштам супрацоўнікі МГБ правялі ў яго ператрус. Гэта ўбачыла маленькая дачка паэта, якая запытала, што адбываецца. І ён вырашыў яе супакоіць, маўляў яго чакае камандзіроўка, што доўгі час яго не будзе.

І тут адзін з супрацоўнікаў кажа: «Ну что вы, не расстраивайте ребенка!» І яны яго забіраюць яшчэ на гады. Вось такі змрок. І гэты змрок ізноў вяртаецца.

Салiдарнасць