Марат Маркаў прызначаны новым міністрам інфармацыі. Пад ягоным кіраўніцтвам тэлеканал АНТ стаў адным з галоўных рупараў прапаганды. Тут публікаваліся «расследаванні» спецслужбаў, сам Маркаў браў скандальныя інтэрв’ю ў вядомых асобаў, у тым ліку ў Рамана Пратасевіча.
Што азначае прыход на пасаду міністра інфармацыі вядомага прапагандыста? Ці стане гэтае прызначэнне курсам на яшчэ больш жорсткае зацісканне гаек у сферы СМІ? Пра гэта ў каментары Филину разважае палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.
— Цяжка сказаць адназначна. Спадара Маркава я б не маляваў як надта белага і пухнатага, як надта вялікага ліберала. Ён чалавек хітры, вопытны. Гэта практык у сферы інфармацыі.
То бок, гэта не просты чыноўнік, а чалавек з досведам. Ён сам журналіст, ён ведае, як гэтая машына працуе знутры.
Не выключана, што самыя адыёзныя эксцэсы ён будзе нейкім чынам мікшаваць, стрымліваць. Мы ж чулі пэўны час таму пасыл і ад самога Лукашэнкі пра некаторых прапагандыстаў, якія, маўляў, перабіраюць меру ў сваім імпэце.
Гэта былі даволі лагодныя словы, не тое, каб ён ім загадваў. Ну так, мякчэй, хлопцы. Вось гэты пасыл, магчыма, новы міністр і будзе ўвасабляць у сваёй практычнай дзейнасці. Але я б не перабольшваў гэтую лагоднасць.
Не думаю, што інфармацыйны курс істотна памяняецца. Нейкіх перагібаў, «головокружения от успехов», як казаў некалі Сталін, магчыма, стане крышачку менш.
Але ў цэлым зменаў не чакаецца. Тым больш, што на гэтым тыдні
Лукашэнка сустракаўся са старшынём ЦВК, быў дадзены старт кампаніі 2025 года. А як паказала практыка сёлетніх выбараў, цяпер гэтыя кампаніі робяцца па-ваеннаму, з мабілізацыяй. І наўрадці нейкія істотныя паслабленні ў дадзенай кампаніі будуць.
Я думаю, што Маркава ставілі на гэтую пасаду не па прычыне ягонай магчымай гнуткасці, а за яго прафесіяналізм. Я яшчэ раз паўтаруся — ён ведае, як гэта робіцца, што называецца, сваімі рукамі.
Ён сам гэта рабіў і як журналіст, як вядоўца токаў, доўгіх гутарак. Мы памятаем ягонае інтэрв’ю з Пратасевічам. І ён ведае, як працуе гэтая машына як гаспадарка, фірма. І ў гэтым сэнсе, ён будзе ведаць, як кіраваць многімі фірмамі гэтай гаспадаркі. І рабіць гэта досыць эфектыўна.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия