Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину расказаў пра высновы, якія ў Мінску маглі зрабіць з расійскай кампаніі.
— Лукашэнка вытрымаў паўзу і павіншаваў Пуціна. Які ўрок з расійскіх выбараў, акрамя «ашаламляльнага» выніку галасавання, ён можа зрабіць для сябе?
— Я думаю, што ён атрымаў пацверджанне таго, што любую альтэрнатыву трэба заганяць па плешку. У гэтым сэнсе сітуацыя ў Расіі з Надзеждзіным паказвае, што такіх рэчаў дапускаць нельга. Нават прывіднай альтэрнатывы дапускаць нельга.
Зрэшты, я мяркую, што ён і так пра гэта думаў, а тут атрымаў лішняе пацверджанне, што так і трэба рабіць.
Акрамя таго, выбары ў Расіі паказалі, што адбываецца дрэйф у бок выбараў, як у Цэнтральна-Азіяцкіх краінах. 77% яўкі — і добра, 88% за Пуціна — добра. Праўда, Аліеў нядаўна набраў 92%, ну а тут — 88. Так што, я думаю, гэта таксама ўрок: саромецца не трэба нічога. Можна сабе і 95% напісаць. Гэта адзін з вынікаў.
І тут яшчэ адзін момант. Акрамя фальсіфікацый агулам атакі на памежныя расійскія гарады ў часе выбараў стварылі хутчэй мабілізацыйны эфект.
Лукашэнка на нядаўніх выбарах спрабаваў зрабіць тое самае, але без вайны. Калі ён увесь час нагнятаў: вакол нас ворагі, зараз спаляць выбарчыя ўчасткі… Гэта як у Жванецкага: «А без нябожчыка можна?» Так і тут, і без вайны, без нападу, аказваецца, можна.
Так што, гэтая тэхніка была адпрацаваная на парламенцкіх выбарах.
І ў часе прэзідэнцкай кампаніі, я думаю, бліжэй да саміх выбараў будзе ізноў нагнятацца сітуацыя — пагроза, пагроза, пагроза — каб запусціць механізм кансалідацыі вакол сцяга.
— Ёсць меркаванне, што пасля выбараў Пуцін пачне новую, больш жорсткую і масавую хвалю рэпрэсій. Як бы вы ацанілі магчымасць сінхранізацыі дзеянняў Мінска і Масквы ў гэтым плане? Тым больш, што Лукашэнку самому пераабірацца ўжо праз год.
— Я бы тут сказаў так — неабавязкова, але і невыключана. Я лічу, што ўсё, што звязана з рэпрэсіямі ў Беларусі, іх узроўнем, выклікана ўнутранымі прычынамі.
Але пэўны дыялог, навучанне паміж гэтымі дыктатурамі адбываецца. Бо кантэкст таго, што адбываецца ў Расіі, у Беларусі вызначае рамкі дапушчальнага. Калі Масква можа сабе дазволіць дзейнічаць вось так і так, то і мы можам сабе такое дазволіць.
Пакуль жа Расія па большасці адстае ад Беларусі. Калі ўзяць, напрыклад, тую ж колькасць палітвязняў на душу насельніцтва, то Расія значна адстае. Бо ў абсалютных лічбах у Беларусі гэты паказчык у 14 разоў большы.
Калі гэты лік падраўняецца, у беларускіх уладаў можа з’явіцца ўнутраны аргумент: «Вы ж бачыце, што ў Расіі адбываецца. А ў нас жа пакуль не так, як там».
Ці будзе гэта ў Расіі? Хто ведае? Магчыма, будзе. І калі так будзе, то наўрад ці расейцы будуць казаць Лукашэнку: «Рабі як мы». Але пры гэтым ён глядзіць на тое, што адбываецца ў Расіі і робіць выснову: «Так можна». І чынавенства гэта бачыць. Таму нейкіх светлых перспектываў тут не праглядаецца.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия