Былая палітзняволеная — пра галоўную каштоўнасць, родную мову і ідэю, якая яднае беларусаў незалежна ад месца знаходжання.
Выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава была асуджаная па «справе студэнтаў» да 2,5 гадоў зняволення, цалкам адбыла тэрмін і ўвесну гэтага года змагла пакінуць Беларусь. У вялікай гутарцы на Еўрарадыё беларуска распавяла, чаму не любіць тэрмін «былыя палітвязні», у якіх умовах сёння растуць маладыя беларусы, а таксама што незваротна змянілася ў 2020-м. Салідарнасць выбрала самае цікавае з інтэрв’ю.
— Вязніца — гэта такі досвед, які застаецца з табой на ўсё жыццё. І на светапогляд ён таксама ўплывае. Я, напрыклад, для сябе вынесла з турмы, што ў нашай Беларусі — проста цудоўныя людзі. Таму што шмат хто дапамагаў, падтрымліваў, шмат з кім я пазнаёмілася там і цяпер гэта сябры на ўсё жыццё.
Чаму любіць беларусаў
— Галоўная каштоўнасць у нашай краіне, я лічу — гэта людзі.
Можа, мне пашчасціла — заўсёды па жыцці сустракаліся цудоўныя людзі. Нават такі банальны прыклад, калі ты ідзеш у метро, валачэш цяжкую валізку — падыдзе чалавек і дапаможа. І тое самае ў больш складаных сітуацыях.
Мне падабалася, што беларусы, якія выязджалі за межы краіны, заўсёды намагаліся несці нешта добрае, культуру. Не тое што прыехалі на адпачынак, напіліся і валяюцца каля плоту.
І сёння шмат хто цікавіцца нашай гісторыяй, шмат хто намагаецца вучыць беларускую мову. Я бачу, як людзі цягнуцца да культуры — асабліва гэта стала заўважна менавіта пасля 2020-га, але і раней таксама было. Колькі моладзі ўжо да 2020 года пачало размаўляць па-беларуску! Гэта было паказальнікам інтэлігентнасці, ці што — як і цікавасць да традыцыйных спеваў, танцаў і г.д.
Нават унутры краіны, там, дзе зараз «больш за тры не збірацца» — усё роўна нейкія імпрэзы праводзіцца, і больш людзей стала да гэтага цягнуцца.
Якой будзе моладзь пад прэсам
Якой будзе цяперашняя беларуская моладзь — тыя, хто ў 2020-м быў яшчэ падлеткам ці дзіцём і зараз іх «апрацоўваюць» у школах і ВНУ, ці тыя, хто выехаў і вучыца ў іншых умовах, у іншых краінах?
— Гэта, канешне, складанае пытанне. Але мне здаецца, што нешта захаваецца, — спадзяецца на лепшае былая выкладчыца БДУІР. — Бо шмат хто ўсё адно дома размаўляе з дзецьмі і кажа: усё гэта хлусня, не слухай.
І потым, да сёння працягваюцца пасадкі. Знаёмыя, знаёмыя знаёмых — хтосьці абавязкова ці на содні «прысеў», ці пра крыміналцы, і г.д. І ўсё адно, хай шэптам на кухні, гэта перадаецца, нават дзецям.
Быў жа Савецкі Саюз, дзе, падаецца, задушылі ўсё, што магчыма. Але ўсё адно, рана ці позна, прыходзіць час, і людзі вырашаюць: так ужо жыць нельга больш. І мне здаецца, што прыйдзе такі час і патрэбны момант для Беларусі.
Як перайсці на беларускую
— Цяпер уся Украіна загаварыла па-ўкраінску — але такім чынам, шчыра кажучы, не хочацца. Хацелася б, каб па шчаўчку пальцаў, раз, і ўсе сталі размаўляць беларускай, але ж так, напэўна, не адбудзецца, і гэта будзе ўсё ж паступовы працэс.
Як на мяне, трэба пачынаць з мульцікаў: каб дзеці глядзелі мультфільмы па-беларуску, тады гэта будзе для іх натуральна. Таксама і дарослыя каб глядзелі фільмы па-беларуску.
Яны ёсць і сёння — але калі б была краіна, якая адмыслова гэта ўсё прасоўвае, і паступова ў кінатэатрах мульты, фільмы ішлі б па-беларуску, навіны і ўсё тэлебачанне перайшлі на беларускую — мы б самі не заўважылі, як усе на яе перайшлі.
І гэта было б не балюча для тых, хто ўвогуле ніколі не размаўляў па-беларуску (мне сустракаліся людзі ў СІЗА, беларусы, якія ўвогуле не разумеюць па-беларуску — раней я лічыла, што такога не існуе). Гадкоў за пяць можна было б усім і перайсці — прынамсі, я так думаю.
Але ж адкуль узяць дастатковую колькасць беларускамоўных настаўнікаў і педагогаў ВНУ, выхавацеляў у садках? На думку Вольгі Філатчанкавай, гэтая праблема вырашальная:
— Робім адмысловы набор у той жа педунівер, куды прыходзяць людзі, якія жадаюць вучыцца па-беларуску, а потым выкладаць па-беларуску. І робім нейкія «плюшкі», якія будуць чакаць іх на працоўным месцы пасля. Прэміі, надбаўкі — чаму не? Трэба прывабіць. Вось вам і выйсце.
Як набраць большасць беларускамоўных? Не проста ў лоб. Паступова. І крэатыўна. Упэўнена, беларусы абавязкова прыдумаюць нешта, бо ў нас вельмі крэатыўная нацыя.
Зараз <унутры краіны> людзі таксама імкнуцца вучыць мову, але размаўляюць трошкі цішэй, таму што гэта страшна.
Што змянілася ў 2020-м
— У нас зараз, я лічу, ідзе вайна — не такая, як ва Украіне, але ідзе.
Украінцы ведаюць, дзе вораг, адкуль ляціць і што. А ў Беларусі ты не ведаеш, адкуль табе прыляціць і наколькі ты заляціш потым.
З’ехала вельмі шмат інтэлігентных, разумных людзей, якіх краіна станам на сёння згубіла. Частка сядзіць у турмах, а частка, якая засталася ў краіне — у тых жа турмах, толькі ў больш добрых умовах. Фактычна, гэта вайна супраць народа.
Але ўсё адно ў нас ёсць адна агульная ідэя: мы хочам, каб Беларусь была нашай краінай, у якой працуе закон, мы можам вольна дыхаць, развівацца, навучацца, жыць, як нармальныя людзі!
У мяне ёсць такія знаёмыя, якія «прачнуліся» толькі ў 2020-м. Але ніхто з іх не лічыць, што гэта было дарэмна. Таму што беларусы паглядзелі на сябе — і ўбачылі, што мы ёсць. Вось мы, беларусы! І гэта ўжо сапраўды не запхнеш у цюбік.
Нават калі цяпер мы, як партызаны, заціхарыліся і сядзім як мышы пад венікам, усё роўна гэта ўжо адклалася, і мы ведаем: калі спатрэбіцца, можам зноў так сабрацца.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия