Сярод людзей, якія нарадзіліся у Ваўкавыску, ёсць шмат цікавых і творчых людзей. Ёсць тыя, што з’ехалі з Ваўкавышчыны і забылі пра свой горад, а ёсць людзі, якія робяць шмат добрых спраў для малой радзімы. Адзін з апошніх — Генадзь Семянчук, навукоўца, археолаг, дацэнт катэдры археалогіі і этналогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту. Амаль кожны год ён прыязджае на Ваўкавышчыну з археалагічнымі раскопкамі, акрамя таго чытае лекцыі ў нашым каледжы, дзе мы з ім і сустрэліся.

— Дзень добры, спадар Генадзь, дзякуй Вам за тое, што шмат часу аддаеце гісторыі Ваўкавышчыны і за тое, што знайшлі хвіліну, каб паразмаўляць на калягістарычныя тэмы. Мы ведаем, што Вы маеце нейкае дачыненне да лёсу падароскай сядзібы, якую набыў расейскі бізнэсоўца. Ці так гэта?

— Так, я буду супрацоўнічаць з Паўлам над ягоным праектам і менавіта сёння еду ў БТІ за дакументамі на сядзібу. З гэтага часу Павел Падкарытаў паўнаўласны гаспадар. Ён будуе вялікія планы.

— Асоба Паўла Падкарытнага і сядзіба ў Падароску варты асобнага артыкула, які ў хуткім часе з’явіцца на старонках сайта, думаю, і з Вашым удзелам, як навуковага кансультанта. Мы ведаем, што Вы нарадзіліся ў Ваўкавыску і менавіта таму Ваўкавшчына ўваходзіць у кола Вашых гістарычных інтэрэсаў. Калі браць гісторыю рэгіёна ў глабальным сэнсе — наколькі добра яна вядома, ці ёсць невывучаныя старонкі?

— Натуральна. Самым слабым месцам у гісторыі Ваўкавышчыны з’яўляецца, як ні парадаксальна, перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Першая прычына гэта тое, што ніхто фундаментальна пакуль гэтым перыядам не займаўся, пры гэтым крыніцазнаўчая база, асабліва з 16 ст. дазваляе «выкалупваць» нейкія факты. Нешта было надрукавана у 19 ст., нешта у 20 ст., а нешта ляжыць у архівах. Літаральна нядаўна ў Варшаве мне пашанцавала прачытаць гістарычныя дакументы 15-16 ст. адносна Поразава, што раней адносілася да Ваўкавыскага павета. Шмат дакументаў і кніг знаходзіцца ў Мінскам архіве, гэта бумагі, якія датычацца жыцця людзей таго часу — купля-продаж маёмасці, судовыя і крымінальныя справы. Шмат дакументаў панішчылі войны, але яны ёсць. У Віленскім архіве ёсць метрычныя кніжкі Ваўкавыскага касцёлу з 20-х гадоў 18 ст., па якіх можна адсочваць гісторыі сямей да нашых часоў. Не вывучана структура і дзейнасць Ваўкавыскага сейміка, які быў створаны ў 60-70 гг. 16 стагоддзя і працаваў да падзелу Рэчы Паспалітай, тут варта ўжо падключаць маіх студэнтаў гістарычнага факультэту.

Папярэдняя гістарычная эпоха рэгіёну больш складаная, таму што не засталося пісьмовых крыніц, тут можна займацца толькі рэканструкцыяй з дапамогай археалогіі, можна нешта знайсці ў дакументах, якія датычацца ўзаемадносін ВКЛ і Крыжацкага ордэна, дзе раз ад разу ўзгадваецца Ваўкавыск.

Лепш за ўсё вывучана гісторыя 19 і 20 ст., тут і Кніга Памяці, і працы Мікалая Быхаўцава.

— Спадар Генадзь, калі паглядзець на гістарычныя даты, якія адзначаюцца ў нашым горадзе, то ўсе яны датычацца толькі Савецкага перыяду, іншых дат няма. Чаму так?

— Адказ вельмі просты — нажаль, да сённяшняга дня мы знаходзімся ў палоне распрацаваных ідэялагічных схемаў, распрацаваных у Савецкім Саюзе, якія былі скіраваны толькі на ўзмацненне ўлады Камуністычнай партыі, а ў той ідэалогіі ўсе, што адбывалася да бальшавікоў — шкоднае. Нажаль, мы маем і другую тэндэнцыю, цяпер даволі актыўна ўводзяцца расейкія імперскія традыцыі, гістарычныя рамкі сучаснай ідэалогіі пашырыліся да межаў існавання ў нас Расейскай імперыі. Гэта ўсё прыклад несфармаванай гістарычнай палітыкі ў дзяржаве.

— А гэта палітыка патрэбна?

— Абсалютна патрэбна. Чалавек — гэта стварэнне гістарычнае, чалавек без гісторыі ператвараецца ў жывёлу. На гэтай зямлі адбываліся розныя гістарычныя падзеі — і дрэнныя, і добрыя, і вакол іх павінна быць дыскусія, і не толькі навукоўцаў, але і звычайных грамадзян. Пра ўсе падзеі трэба памятаць, таму разам з вуліцай Леніна павінна быць вуліца Кастуся Каліноўскага і вуліца Льва Сапегі.

— Як вы лічыце, ці адбудзецца абуджэнне гістарычнай самасвядомасці і беларускай мовы сярод жыхароў Беларусі?

— Калі я пачынаў выкладаць гісторыю на беларускай мове ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, шмат студэнтаў мне казалі: «А нельзя ли по-русски, я не понимаю?» Цяпер такога няма, усе разумеюць. Калі на Каляды я напісаў ліст свайму сябру Алесю Бяляцкаму, каб яго падтрымаць, ён адказаў мне, што калі мы пазнаеміліся ў Міры ў 1983 годзе — нас была невялічкая кучка маладых рамантыкаў, а зараз мы ўжо сіла, нас баяцца. Нават, прыклад Паўла Падкарытнага, які вывучыў беларускаю мову, набыў падароскую сядзібу, дае мне аптымізм у тым, што ўсё будзе добра.

БССР была самая абрусеўшая рэспубліка ў складзе СССР, таму павінны прайсці пэўныя гістарычныя працэсы.

— А патрэбна вяртанне да мовы і да самастойнасці? Ну, размаўлем па-руску — Расея вялікі ўсходні сусед, добра адчуваць часткай вялікага.

— Можна размаўляць і на рускай мове, але трэба быць патрыётам, таму што праз некаторы час мы раптам станем жыхарамі расейскай губерні. Калі б усе людзі разважалі так — то мы ўжо былі б часткай РФ, але штосці не дае нам, карані цягнуць да сябе. Падставай аптымізму я лічу і тое, што Прэзідзент Беларусі наўрад ці захоча стаць расейскім губернатарам.

Кожнае новае пакаленне, хай сабе с цяжкасцямі, але робіцца больш патрыятычным. Цягу да гісторыі, мовы, культуры я адчуваю і сярод сваіх студэнтаў, таму будзем жыць і ўсё ў нас будзе добра.

— Спадар Генадзь, як вы ставіцеся да асобы Каліноўскага? Зарас існуе шмат пазіцый, святары кажуць, што Каліноўскі гэта антыгерой, ён уводзіў уніяцтва, а Мураўёў — герой, ён пабудаваў храмы, для апазіцыі — Каліноўскі безумоўны герой, палякі кажуць, што ў Каліноўскага не было аніякай беларускай ідэі і ён чыста польскі паўстанец. Гледзячы на тое, што аппазіцыя ўзняла вобраз Каліноўскага, дзяржава ад яго стала адмаўляцца. Чый бок займеце Вы?

— Асоба Каліноўскага супярэчлівая, але той, хто змагаецца супраць акупантаў і супраць прыгона годны ўшанавання. Кожны з бакоў дыскутуе пра свае ідэі, а не пра асобу Кастуся як гістарычнай падзеі. Каб спрэчацца па гэтаму пытанню, трэба мець тэксты біяграфіі Каліноўскага, якія напішуць гісторыкі розных бакоў, а іх пакуль няма.  Калі з’явіцца біяграфія на 500 старонак, з дакументамі і фактамі, толькі тады можна будзе даць адэкватную адзнаку асобы, пакуль жа кожны прасоўвае сваю ідэалогію.

— Спадар Генадзь, у нас ёсць шмат чытачоў, таму ў Вас ёсць шанец звярнуцца да землякоў. Якія словы Вы скажаце сваім зямлякам?

— У першаю чаргу, трэба навучыцца паважаць саміх сябе, паважаць і выхоўваць у сабе гонар за месца, дзе мы жывем, калі мы будзем маць гэты гонар, тады мы будзем дбаць пра багацце, чысціню і ўтульнасць Ваўкавышчыны ўвогуле, а не толькі пра асабісты падворак.

Па другое, я хачу пажадаць ваўкавычанам смеласці і аптымізму і яшчэ я хачу пажадаць ваўкавычанам актыўнасці ў культурным і грамадскім жыцці, самастойнасці.

Здымкі 2009 года з раскопак на Шведскай гары

00001

00002

00003

00004

Генадзь Мікалаевіч СЕМЯНЧУК (6.10.1963 г., Ваўкавыск): беларускі археолаг, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1993), дацэнт.
Скончыў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы (1985), аспірантуру па спецыяльнасці «Археалогія» (пад кіраўніцтвам Г. Штыхава) Інстытута гісторыі НАН Беларусі (1990).
Асноўныя тэмы даследаванняў: палітычная і сацыяльная гісторыя Беларусі 6—16 ст., археалогія сярэднявечнага перыяду Беларусі, культура Гродзенскага рэгіёну (пераважна горадабудаўніцтва, культавая і свецкая архітэктура.
Працы:
«Фарміраванне і развіццё тэрыторыі Полацкай зямлі ў IX — першай палове XIII стст.», кандыдацкая дысертацыя (1993).
Археалогія Беларусі. У 2-х частках. Навучальны дапаможнік для студэнтаў па спецыяльнасці «Гісторыя». — Гродна 1996. Частка 1. — Ад палеаліта да ранняга сярэднявечча. — 137 с. (разам С.Піваварчыкам).
Археалогія Беларусі. У 2-х частках. Навучальны дапаможнік для студэнтаў па спецыяльнасці «Гісторыя». — Гродна 1997. Частка 2. — Эпоха сярэднявечча. — 191 с. (разам С.Піваварчыкам).