«Салідарнасць» нагадвае пра сумныя паралелі з сучаснымі падзеямі.

22 лістапада 1996 года, за некалькі дзён да рэферэндума, які канчаткова паверне краіну ў бок аўтарытарызму, незалежная газета «Свабода» надрукавала на першай паласе карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку.

Гэта была пародыя на ягоны агітацыйны плакат. На ім ён быў прыфоташолены да выявы натоўпу, што ўздымаў рукі ў вітанні. Лукашэнка ішоў на рэферэндум з лозунгам «Прашу вашай падтрымкі».

Герой крыкатуры таксама яе «прасіў», і людзі ўздымалі рукі. Але было адно «але»: карыкатурны Лукашэнкі трымаў у руках аўтамат, а натоўп не ўсміхаўся, ён здаваўся ў палон.

Ці ведаў аўтар таго малюнка, роўна як і рэдакцыя «Свабоды», наколькі прарочым стане той вобраз? Што менш, чым праз чвэрць стагоддзя Лукашэнка і праўда будзе бегаць вакол сваёй рэзідэнцыі з сапраўдным, а не карыкатурным «калашом» і прасіць падтрымкі?

Так, у 2020-м ён апеляваў ужо далёка не да ўсіх беларусаў. Варта згадаць, што тую перадвыбарчую кампанію ён прысвяціў наведванню сілавых падраздзяленняў. І да людзей у форме ён акурат і звярнуўся са словамі ўдзячнасці, калі выйшаў да іх са зброяй у адзін з гарачых жнівеньскіх дзён 2020-га.

У тым самым выпуску «Свабоды» палітолаг Валер Карбалевіч падрабязна тлумачыў, чаму палітычны крызіс восені 1996-га нельга было зводзіць адно толькі да супрацьстаяння паміж прэзідэнтам, Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом.

На яго думку, Лукашэнка меў намер «спрасціць» маладую беларускую дэмакратыю, знішчыўшы ўсю палітычную сістэму і пакінуўшы толькі двух суб’ектаў — сябе і народ. Палітычныя партыі, прафсаюзы і суды былі для яго непатрэбнымі пасярэднікамі.

Карбалевіч быў далёка не адзін, хто папярэджваў пра набліжэнне новай эпохі, калі само паняцце «палітыка» ў агульнапрынятым значэнні вось-вось мусіла знікнуць. Так яно і здарылася.

І тут даводзіцца ізноў нагадаць пра непрыемнае: на вуліцах і плошчах Мінска ў лістападзе 1996-го не было сотняў тысяч абураных беларусаў, як гэта было ў 2020-м.

Падтрымаць парламент, дэпутатаў, якія рызыкнулі абвясціць Лукашэнку імпічмент, прыйшлі тысячы. Мільёны падтрымалі чалавека, які нават не хаваў, што вяртае краіну ў мінулае. І сёння ўсе беларусы без выключэння плацяць сваю цану — хто за тую падтрымку, а хто за нерашучасць і абыякавасць.