Грамадзкі актывіст Сяргей Верамеенка, былы гаспадар крамы з нацыянальнай сымболікай «Адметнасьць» у Горадні, на якога ў Беларусі завочна завялі крымінальную справу за садзейнічаньне «экстрэмісцкай дзейнасьці», знайшоў свае рэчы на сайце канфіскату, паведамляе Hrodna.life.
Пра завядзеньне крымінальнай справы ў парадку «спэцвядзеньня» супраць Сяргея Верамеенкі стала вядома ў сакавіку.
Пазьней сям’я Верамеенкаў убачыла на сайце «Белюрзабесьпячэньня», дзе прадаюць канфіскаваную маёмасьць,што яе маёмасьць прадаецца: мэбля, пральная машына, лядоўня, фатэлі, столікі, люстэрка. Гэта значыць, што маёмасьць канфіскаваная. Якім рашэньнем — Сяргей Верамеенка ня ведае. На ліпень 2024 году лядоўню ўжо прадалі.
«Хаця не было ніякіх судоў, са мной аніякім чынам ня зьвязваліся. Я думаю, гэта проста, калі яны ведаюць мой Facebook, Telegram, Instagram. Яны ж дадумаліся пазначыць іх як „экстрэмісцкія“ каналы. Значыцца, маглі са мной элемэнтарна зьвязацца», — распавёў выданььню Сяргей і згадваў магчымасьць правядзеньня судоў па Skype.
Цяпер Сяргей Верамеенка зьбірае інфармацыю пра людзей, якія маюць дачыненьне да канфіскацыі ягонай маёмасьці.
Яму ўдалося знайсьці пакупніка ягонай лядоўні. Сяргей напісаў яму, але адказу пакуль не атрымаў.
«Калі чалавек купіў незаконна скрадзеную маёмасьць, значыць, ён можа быць саўдзельнікам — калі ён набыў сьвядома. Калі ён купіў несьвядома, ён верне іх уласьніку і можа падаць у суд на чалавека, які яму гэта прадаў», — тлумачыць актывіст.
- Сяргей і Вольга Верамеенкі — уладальнікі колішняй крамы нацыянальнай сымболікі «Адметнасьць» у Горадні. Пасьля перасьледу на радзіме зьехалі за мяжу.
- У сакавіку КДБ Беларусі прызнала краму «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 14 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» (завочны разгляд справы) супраць Сяргея Верамеенкі, яго абвінавачваюць паводле артыкула аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
- У траўні СК распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» ў дачыненьні да Вольгі Верамеенкі, ёй таксама інкрымінуюць арт. 361-4 КК (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия