Ініцыятарка праекту «Старая школа» Аксана Гатальская расказала Свабодзе, як яны з паплечнікамі ствараюць творчую рэзыдэнцыю ў старой драўлянай школе, якую ім бясплатна аддалі польскія ўлады.

Група беларусаў вырашыла стварыць у Польшчы творчую рэзыдэнцыю. Мясцовыя ўлады аддалі ім бясплатна пад гэта драўляны будынак школы 1942 году пабудовы. Адзіная ўмова — каб за два месяцы яе самастойна разабралі і перанесьлі ў іншае месца. Школа стаіць у вёсцы Бзоў Сьлёнскага ваяводзтва, пераносяць яе на суседні ўчастак.

Ініцыятаркай рэзыдэнцыі стала мастачка, ілюстратарка кніг Аксана Гатальская, якая ўжо шмат гадоў жыве ў Польшчы. Яна спачатку жыла ў Варшаве, а потым пераехала ў вёску Бзоў. Купіла сабе драўляны дом, аднавіла яго.

«Гэта была мая мара, каб месца на прыродзе, якое мяне натхняе і маіх калег таксама», — кажа яна.

Аксана Гатальская
Аксана Гатальская

Мастачка думала пра тое, каб купіць яшчэ некалькі старых дамоў пад знос і зрабіць зь іх на сваім участку артаб’ект.

«Дзе можна было б жыць, працаваць, каб нашыя ўцекачы мелі сваё месца, а не былі раскіданыя па ўсёй Эўропе», — расказвае яна.

Вёска Бзоў знаходзіцца на мяжы трох ваяводзтваў: Мазавецкага, Падляскага і Любельскага.

Аксана кажа, што два гады прыглядалася да будынку школы ў Бзове, праз дарогу ад ейнага дома.

«Я ўбачыла, што школа пасуе пад маю ідэю», — кажа яна.

Шыльда пачатковай школы ў Бзове
Шыльда пачатковай школы ў Бзове

Калі памянялася кіраўніцтва гміны, Гатальская дамовілася з новым войтам Губэртам Пасякам забраць сабе школу, якую прызначылі пад знос. У вёсцы замест яе плянуюць пабудаваць ноы будынак, асяродак для пазаклясных заняткаў дзяцей.

«Новы войт гміны падтрымлівае грамадзкія ініцыятывы, дапамагае рэалізоўваць праекты, супрацоўнічае з жыхарамі вёскі», — адзначае суразмоўца.

Для беларускіх уцекачоў і польскіх дзяцей

У будынку старой школы плянуюць арганізавзаць творчую прастору, кажа Аксана Гатальская. Там хочуць зрабіць майстэрні, студыі гуказапісу, кампутарных тэхналёгій, фатастудыю, выставачную залю, канфэрэнц-залю. У плянах — маляваць, займацца пантамімай, шыць нацыянальныя строі, ладзіць фатасэсіі, таксама разьвіваць тэатральны і музычны кірункі.

Ініцыятары кажуць, што будуць запрашаць у рэзыдэнцыю творцаў, якія выехалі зь Беларусі, каб яны маглі нейкі час пажыць, папрацаваць, адпачыць у гэтай прасторы. Прастора будзе дзейнічаць і для мясцовых дзяцей з суседняга садка. Малыя змогуць наведваць там гурткі.

Адзін з кірункаў дзейнасьці, пра які заяўляюць стваральнікі рэзыдэнцыі, — гэта праца з уразьлівымі групамі: людзьмі, якія пацярпелі ад гвалту, былымі зьняволенымі, падлеткамі з наркалягічных цэнтраў. Сама Аксана расказвае, што пяць гадоў працавала са старымі людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі.

«Усе праекты будуць распрацоўвацца на навуковай аснове. Будзем запрашаць навуковых работнікаў, дзеячаў культуры, якія будуць распрацоўваць новыя спосабы для паляпшэньня сацыяльнага ўзроўню. У студыі пантамімы можна будзе паглядзець уплыў пантамімы на псыхалёгію людзей, якія пацярпелі ад гвалту. Яны часта ня могуць нешта сказаць, а тэатар пантамімы зьвязаны з псыхалёгіяй», — кажа Аксана.

Эскіз творчай рэзыдэнцыі ў вёсцы Збучын
Эскіз творчай рэзыдэнцыі ў вёсцы Збучын

Яна расказала пра каманду, зь якой стварае рэзыдэнцыю. Мастак Міхаіл Гулін будзе адказваць за сучаснае мастацтва і адукацыю. Музыка Ўладзіслаў Наважылаў узяў на сябе мадэратарства і музычны кірунак. Стваральнікі тэатру Алеся і Андрэй Бардухаевы-Арлы, якія калісьці стварылі ў Гомлі тэатар для людзей з асаблівасьцямі разьвіцьця, будуць кіраваць часткай сацыяльнай анімацыі і тэатральнай. Архітэктар Вадзім Шабан будзе распрацоўваць архітэктурную частку.

Трэба каля 30 тысяч эўра толькі на разьбіраньне і зьбіраньне будынка

Суразмоўца адзначае, што гэта будзе прастора для ўсіх. І ў гэтым ейная інавацыйнасьць. Яны плянуюць напісаць заяўкі на свае творчыя праекты, атрымаць гранты і за гэты кошт дзейнічаць. Таксама маюць намер аказваць платныя паслугі. Разьлічваюць на дафінансаваньне гміны ў будучыні. Аксана кажа, што мясцовае насельніцтва зацікаўленае ў тым, каб зьявіўся такі асяродак, які змогуць наведваць дзеці.

Ідзе разьбіраньне будынка школы
Ідзе разьбіраньне будынка школы

Цяпер асноўная задача — разабраць і перанесьці ў іншае месца будынак да 30 лістапада. Плошча школы разам з прыбудовай складае каля 300 квадратных мэтраў. Гэтым ужо займаецца будаўнічая фірма, якая пагадзілася працаваць за мінімальны кошт, бо праект сацыяльны. Толькі за разьбіраньне і перанос будынкаў трэба заплаціць каля 16 тысяч эўра, кажа Аксана. Прыкладна столькі ж будуць каштаваць работы ў зьбіраньні будынка наноў. Гэтую працу прызначылі на вясну. Пакуль брус прамажуць сродкам ад цьвілі, накрыюць плёнкай ад вільгаці.

Цяпер будынак школы разьбіраюць
Цяпер будынак школы разьбіраюць

Пакуль стваральнікі рэзыдэнцыі разьлічваюць толькі на свае зьберажэньні. Яны таксама адкрылі збор на плятформе Gronka на 7 тысяч эўра.