На стэндах «Іх шукае міліцыя» віцяблян назвалі «злачынцамі»
Пра тое, што ягоны партрэт з’явіўся на стэндах «Іх шукае міліцыя», праваабаронцу Паўлу Левінаву паведамілі знаёмыя з Віцебска, піша Віцебская вясна.
Яны распавялі, што ягоны фотаздымак, а таксама фотаздымкі праваабаронцы Ірына Траццяковай і жыхаркі абласнога цэнтра Таццяны Філімонавай суправаджае наступны тэкст: «Першамайскі РАУС г. Віцебска за здзяйсенне злачынства, падугледжанага ч.2 арт 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) шукае» дадзеных асобаў.
Прычым у абвестцы пра Левінава значыцца, што ён здзейсніў некалькі злачынстваў, кваліфікаваных паводле згаданага вышэй крымінальнага артыкула.
Праваабаронца напісаў зварот да віцебскага пракурора Андрэя Шклярэўскага, бо лічыць, што ў дачыненні да яго складальнікі аб’явы парушылі прэзумпцыю невінаватасці.
У прыватнасці, Левінава абурыла, што яго публічна назвалі злачынцам, хаця суду, які прызнаў бы яго вінаватым паводле ч.2 арт. 342 КК РБ, не было. Не кажучы ўжо пра тое, што ў абвестцы яго назвалі вінаватым адразу ў некалькіх злачынствах.
Таксама ён звяртае ўвагу пракурора на сваю актыўнасць у праваабарончай дзейнасці і адсутнасць намераў хавацца ад міліцыі.
Так, ён перыядычна звяртаецца ў розныя дзяржаўныя органы па пытаннях абароны правоў беларусаў, і адкрыта паведамляе свае кантакты, не мяняў нумар тэлефона, дасяжны праз Вайбер і іншыя мэсанджары.
Праваабаронца просіць пракурора аднавіць ягонае права на прэзумпцыю невінаватасці, прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія яе парушылі, і праінфармаваць яго пра вынікі.
Праваабаронца Ірына Траццякова звярнулася з падобнай скаргай на парушэнне прэзумпцыі невінаватасці да кіраўніка абласной міліцыі, генерала-маёра Андрэя Любімава. Яе таксама абурыла, што супрацоўнікі Першамайскага РАУС называюць яе «злачынцай» без судовага разбіральніцтва.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия