Шаноўны чытач! Вы цікавіцеся навінамі, чытаеце кнігі, глядзіце тэлеперадачы “Што? Дзе? Калі?” і “Брэйн-рынг”? У вас ёсць дзеці і вы жадаеце пашырыць іх кругагляд, знайсці ім сяброў, навучыць стрэсаўстойлівасці, стаць паспяховымі?
Перад вамі інтэрв’ю Галіны Іванаўны Чарапок, стваральніка і кіраўніка народнага клуба інтэлектуальных гульняў “Высокі Волак” (для дарослых), трэнера дзіцячых каманд — шматразовых пераможцаў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Жыве ў нашым раёне такі чалавек, які робіць цікавым і насычаным жыццё дарослых, гадуе, трэніруе, выхоўвае дзяцей. Вы думаеце, за гэта трэба плаціць вялікія грошы? Не, проста прыйсці раз у месяц на паседжанне клуба і зрабіць 3-4 паездкі за сезон на турніры ў Гародню, Ліду, Ашмяны (дарослым). Ці прывесці дзіця на гурток. Ну, і чаму вы да нас не далучаецеся?
— Галіна Іванаўна, адкажыце калі ласка, што набываюць дзеці, якія наведваюць вашы гурткі?
— Я лічу, што ўдзел у інтэлектуальных гульня дазваляе і дзецям, і дарослым стаць больш “раскамплексаванымі”, больш уважлівымі да пытанняў, больш разумнымі і эрудыраванымі. Ім трэба за 60 секунд наладзіць узаемадзеянне ў камандзе, выслухаць іншых, падзяліцца сваімі думкамі з сябрамі, прыняць адказнасць за сваё рашэнне. Што датычыцца менавіта дзяцей, дык гульня іх прымушае стаць больш адказнымі, дарослымі, нават культурнымі.
— Галіна Іванаўна, калі распачалася Ваша інтэлектуальная дзейнасць?
— У 1996 г. у мяне з’явілася першая каманда – “Волковысские волки”. І так да сённяшняга дня.
— І хутка да Вас прыйшоў першы поспех?
— Ужо ў наступным, 1997 годзе мы ўвашлі ў лік лепшых каманд вобласці.
— Якая была самая моцная ваша каманда, а якая самая лепшая?
— У мяне было шмат яскравых, моцных каманд: “Ваўкалакі”, “Варгі”, “7up”… Я не магу падзяляць дзяцей на лепшых і горшых, яны ўсе дзеці, якія пасля становяцца дарослымі. Проста некаторыя запамінаюцца чалавечымі якасцямі, альбо дрэннымі ўчынкамі. Я заўседы імкнуся не толькі трэніраваць але і выхоўваць. Не тое што ставіш сабе спецыяльную заўдачу, але знаходзішся з імі ў абставінах, якія паказваюць іх характар. Нешта заўважаеш сам, а некаторыя рэчы табе давяраюць дзеці самі.
— Так значыць у Вас няма любімай, ці лепшай каманды?
— Магчыма, “Волковысские волки” выдзяляюцца сярод усіх, таму што яны былі самымі першымі. І запомніліся лепш за астатніх. Менавіта з іх пачалася традыцыя ў назвах камандаў карыстацца ваўчынай тэмай.
— Дзякуючы Вам Ваўкавышчына з’яўляецца калі не цэнтрам, то адной з найбольш актыўных кропак развіцця інтэлектуальнага руху. Вы трэнер дзіцячых камандаў, якія ўжо больш за 15 год знаходзяцца сярод лідэраў не толькі вобласці, але і ў краіне. Вашы гадаванцы, а таксама дзіцячыя каманды г.п. Краснасельскага і Росі, маюць магчымасць удзельнічаць у разнастайных спаборніцтвах. Менавіта Ваш аўтарытэт, ініцыятыўнасць, арганізатарскі талент дазваляе Ваўкавыску быць пляцоўкай для асінхронных турніраў (калі па ўсёй вобласці ці рэспубліцы адначасова гуляюцца аднолькавыя пытанні ў найбольш аўтарытэтных гарадах). Менавіта ў нашым горадзе штогод адбываецца абласны турнір сярод лепшых ювеналаў (вучняў, не старэйшых за 9-ы клас), па выніках якога пераможцы выходзяць “на рэспубліку”.
— Сапраўды, гэта вельмі цяжкая праца: арганізуй, дамоўся, напішы сцэнарый, пытанні на турніры, распаўсюдзь, пракантралюй, падсумуй вынікі.
— Аднак значныя вашы поспехі ў развіцці і дарослага інтэлектуальнага руху. Акрамя штомесячных паседжанняў Вамі ж створанага народнага клуба “Высокі Волак”, наш горад можа ганарыцца штогадовым “Кубкам Волака і Высека”, які стаў сапраўднай візітнай карткай нашага рэгіёна (13 турніраў запар!). У пачатку кастрычніка з усёй Беларусі збіраюцца найбольш інтэлектуальна-ініцыятыўныя прадстаўнікі малых гарадоў (і дарослыя, і дзеці), а замежныя каманды праз інтэрнет вызначаюць лепшага.
— Таксама хачу адзначыць, што значнай падзеяй з’яўляецца турнір на Кубак фонда міра “Крепка семья — крепка держава”, які збірае і дарослых, і дзяцей (у тым ліку і прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў). Акрамя камандных спаборніцтваў, штогод любы жыхар горада можа індывідуальна паспрабаваць свае сілы ў “Сваёй гульні”, і зноў жа ўдзельнікам не трэба для гэтага ехаць у абласны цэнтр альбо Ліду.
— Вы не толькі кіраўнік інтэлектуальнага руху на Ваўкавышчыне, але таксама шматгадовы рэгіянальны прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных каманд (“БЛІК”) на Гарадзеншчыне, за што Вас узнагародзілі па выніках сезона 2011-2012 персанальным прызам у намінацыі “Спасибо сезона”.
— Так, вельмі прыемна, што беларуская ліга адзначыла маю асабістую шматгадовую працу сваеасаблівым інтэлектуальным “Оскарам”.
— Ці ёсць яшчэ нейкія задумкі, планы?
— Я лічу, што найбольш яскравай падзеяй гэтага сезона стаў першы абласны турнір “Белая тросць”, на якім упершыню нашы інтэлектуалы гулялі “у сляпую”, каб быць “на роўных” з тымі, хто страціў зрок. Такая думка прыйшла да мяне пасля далучэння да нашага інтэлектуальнага руху гарадзенскіх каманд, складзеных з інвалідаў па зроку. Мая ініцыятыва знайшла падтрымку і сярод кіраўнікоў таварыства, і нашых знатакоў. Можна ганарыцца, што мы першыя ажыццявілі такое сумеснае інтэлектуальнае спаборніцтва. Я спадзяюся на працяг дадзенага накірунку.
— Як непасрэдны ўдзельнік адзначу вялікі ўплыў на ўзаемазносіны з асобамі, якія маюць праблемы са зрокам у кожнага, хто быў на мерапрыемстве. Мы ўсе зусім па іншаму сталі глядзець на дадзенае пытанне. Дзякуй Вам, Галіна Іванаўна. Поспехаў вам, у тым ліку і ў рэспубліканскім маштабе, і на тэлебачанні, і не толькі ў якасці аўтара цікавых пытанняў, але і як удзельнік гульняў.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия